Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя адрэагавала на звароты грамадзян Сьветлагорску, якія зноў скардзяцца на смурод, зьвязаны з пусканаладачнымі працамі на вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы.
Праваабаронца і экалягічная актывістка Алена Масьлюкова напісала ў сваім фэйсбуку, што атрымала афіцыйны адказ зь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
У ім гаворыцца, што на падставе «аднаўленьня зваротаў грамадзян» са скаргамі на зьедлівы пах ад заводу Мінпрыроды зьвярнулася ў канцэрн «Беллесбумпрам» і ў ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» з заклікам «неадкладна прыняць усе неабходныя меры па няўхільным забесьпячэньні захаваньня прыродаахоўнага заканадаўства на аб’екце».
Таксама Мінпрыроды патрабуе ад ад «Сьветлагорскага ЦКК» да 17 траўня паведаміць аб прычынах смуроднага паху на тэрыторыі населеных пунктаў і прынятых мерах па іх ліквідацыі, гаворыцца ў дакумэнце.
«Пры выяўленьні парушэньняў заканадаўства у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя і рацыянальнага выкарыстаньня прыродных рэсурсаў з боку Мінпрыроды да парушальнікаў будуць прынятыя адпаведныя меры», — паведамляецца ў лісьце за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Корбута.
У апошні час сьветлагорцы пачалі часьцей скардзіцца на смурод ад заводу, а актывісты сталі дасылаць звароты ў Мінпрыроды і званіць на «гарачую лінію».
Завод беленай цэлюлёзы, пабудаваны ў Сьветлагорску кітайцамі, плянуюць запусьціць у жніўні-верасьні. Цяпер там ідуць пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары абураныя смуродам і шкоднымі выкідамі з заводу.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).