Сэнат штату Алабама, што на поўдні ЗША, прыняў заканадаўчы акт, які прадугледжвае амаль поўную забарону абортаў.
Сэнат, у якім большасьць маюць рэспубліканцы, 14 траўня падтрымаў закон, які дазваляе перапыненьне цяжарнасьці толькі ў выпадку пагрозы для здароўя жанчыны. Праўку, якая павінна дазволіць аборты ў выпадку інцэсту або згвалтаваньня, адхілілі.
Зараз дакумэнт разгледзіць губэрнатарка-рэспубліканка Кей Айві, якая не казала, ці падпіша закон.
Нацыянальная арганізацыя жанчын (NOW) назвала забарону неканстытуцыйнай, а таксама заявіла, што гэта «прамая пагроза аўтаноміі жанчын і іхнаму імкненьню да шчасьця».
Прыхільнікі закону заяўляюць, што законапраект быў наўмысна распрацаваны, каб абскардзіць рашэньне Вярхоўнага суду ЗША 1973 году, якое дазваляе аборты на нацыянальным узроўні.
Цяпер у складзе Вярхоўнага суду большасьць судзьдзяў кансэрватары – так стала пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп прызначыў двух судзьдзяў. Толькі сёлета Джорджыя, Кентакі, Місысыпі і Агаё абвясьцілі пра забарону абортаў пасьля таго этапу, калі лекар можа выявіць эмбрыянальнае сэрцабіцьце.