Украінская пісьменьніца Аксана Забужка была сёлета госьцем літаратурнага фэстывалю «Сьвет кнігі» ў Празе. Мы сустрэліся зь ёй у кулюарах фэстывалю і пагаварылі пра тое, якія працэсы прывялі ва Ўкраіне да абраньня прэзыдэнтам шоўмэна Ўладзіміра Зяленскага.
Украіна трапіла ў сэрыял
— 11 верасьня 2001 году мы ўсе, хто тады ў жывым часе сачыў на экранах тэлевізараў і кампутараў за тым, як абрынаюцца вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру, тады, мабыць першы раз адчулі, нібыта жывем у нечым кіно. Вось жа, калі цяпер разважаць далей у такіх катэгорыях — можна сказаць, што Ўкраіна раптам апынулася ў нечым — даслоўна! — сэрыяле. Што здарылася?
— Так, людзі незаўважна пераступілі гэты парог, і цяпер хацелася б «выключыць тэлевізор», а ён не выключаецца... Адбыліся выбары, Зяленскі ўжо завецца «новаабраным», а цэлая куча людзей — і я ў тым ліку — недзе ўсё яшчэ ў глыбінях падсьвядомасьці нібыта песьціць надзею, што зараз ён скажа: «Людзі, прабачце, я пажартаваў, а вы й паверылі...» Ушчыкніце мяне — гэта ўсё мне сьніцца!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Жадан: Жыцьцё з выбарамі не канчаеццаІ гэтае адчуваньне я ўжо аднойчы мела, ёсьць прэцэдэнт. Калі сёлета ў мяне ўпершыню стрэліла гэтая фраза, я раптам згадала, што оёёй, я гэта ўжо чула, два гады таму, ад сваіх амэрыканскіх сяброў, калі Трамп выходзіў на фінішную простую. Сябры казалі мне: мы ня можам паверыць, што гэта насамрэч адбываецца, мы чакаем, што заўтра прачнемся, і нам скажуць — гэта быў розыгрыш, гэта быў дрэнны жарт. З такім пачуцьцем я глядзела на інаўгурацыю Трампа, я думала — Божа, якая ганьба, як гэта ўсё выпадала з усіх нормаў амэрыканскай палітычнай культуры.
Вядома ж, у параўнаньні з тым, у што цяпер уляпалася Ўкраіна, гэта ўсё ж нешта слабейшае. У нас мацнейшае, бо мы й сапраўды ў сэрыяле, які нельга выключыць, зь якога нельга выйсьці. Мы змушаныя ня толькі глядзець гэтае кіно, мы змушаныя ўдзельнічаць у гэтым рэаліты-шоў і мусім неяк вызначыцца, у якой меры гэта ўплывае на нашу рэальнасьць і што мы можам зрабіць для таго, каб гэтае шоў не зрабілася хорарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На нас ставіцца экспэрымэнт». Украінскія інтэлектуалы пра фэномэн ЗяленскагаІнфармацыйная вайна пачалася з «мэдыярэформы»
— Як і чаму такое сталася?
— Прычын шмат. Перадусім, першым пунктам я б назвала тую самую інфармацыйную вайну, пра якую я ўжо 15 гадоў крычу, пішу, гавару. Супраць Украіны інфармацыйная вайна пачалася на пераломе 1990-х і 2000-х, калі ў нас адбылася так званая «мэдыярэформа», адбылася прыватызацыя СМІ, калі ўласьнікамі ўсіх рэйтынгавых тэлеканалаў і эфэмак зрабіліся невядомыя людзі, нібыта сымбалічна алігархі — мы ведаем, якія каналы належаць Пінчуку, якія Ахметаву, якія Фірташу, якія Каламойскаму ці яшчэ каму.
Але ў рэальнасьці гэта нейкі пакет нейкай зьмененай уласнасьці, якая дае нейкі расейскі працэнт, а расейскі працэнт прадбачае, што на канале зьяўляецца чалавек — прадстаўнік інвэстара. А гэты прадстаўнік інвэстара — гэта нейкі маскоўскі журналіст, які ўжо працуе рэдактарам, і ў вуху ў вядучага гучыць голас зь «ярко выраженным московским акцентом», які ўкраінскі глядач ў сваім этэры ня чуе. Аднойчы быў скандал, калі голас Марыі Сталяровай прарваўся ў этэр на «Інтэры». Сталярову дэпартавалі, але гэты інцыдэнт не паўплываў на ўсю сетку, бо яна раздробненая і таргетаваная.
Лабатамізацыя аўдыторыі
З таго часу адбываецца апапсеньне СМІ, перавядзеньне ўсяго тэлевізійнага зьместу ў забаву, entertainment. Вядома ж, entertainment характарызуе і амэрыканскую тэлевізію, але там ёсьць выразны падзел: ёсьць чыста забаўляльныя каналы, а ёсьць і вельмі сур’ёзныя, пазнавальныя, інфармацыйныя.
А тут — стаўка на жаўцізну, на вельмі прымітыўныя інстынкты, гумар найніжэйшага густу. Калі музыка — то «шансон». Калі навіны — то таксама жоўтыя. Такая сабе сьвядомая лабатамізацыя аўдыторыі, зьніжэньня ўзроўню навінаў да тупога гыгыгы.
І калі прасачыць гісторыю тых сэрыялаў — а я ўжо ў 2012 годзе ў сваіх інтэрвію казала, што я з жахам думаю пра пакаленьне часоў засільля «лучших московских продюссеров» ва ўкраінскіх этэрах, гаварыла пра новую рэкалянізацыю (не беларусам тлумачыць, што гэта такое). Тая рэкалянізацыя прывяла да таго, што ў апошнія гады Януковіча ўкраінскаму музыканту патрапіць на тэлевізію проста было немагчыма, «бо нефармат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі шоўмэн Зяленскі раздаў аўтографы ў ЦВК і выказаўся пра ЛукашэнкуТым часам масава, валам ішла пісаная паводле маскоўскіх сцэнароў прадукцыя абсалютна пахабнага гумару і музону на ўзроўні трох акордаў. Дык вось, у 2012-м я з жахам думала — што будзе, калі вырасьце пакаленьне, для якога вось гэта вось усё будзе эмацыйным фонам іхнага дзяцінства. І гэты фон навязваўся, бо ўсе тыя сэрыялы зь Зяленскім — гэта ня пяць гадоў, і не са «Слугі народу» гэта ўсё пачыналася. Бо перад тым 15 гадоў сэрыялы зь Зяленскім круцілі ва ўсіх міжгародных маршрутках і міжнародных аўтобусах.
Прывучэньне да твару
— І вось гэтае пакаленьне вырасла.
— Так. Пятнаццаць гадоў... Пятнаццаць гадоў людзей прывучалі да гэтага твару, да гэтага «стылю». Прывучалі гэты стыль гумару ўспрымаць як эмацыйны пазытыў. Бо гумар — гэта сьмешна, а калі гэта сьмешна — значыць, гэта нястрашна, гэта ня можа з сабой несьці ніякіх пагрозаў. Гэта праца на ўзроўні падсьвядомага — не на ўзроўні ідэяў ці праграмаў. Гэта вельмі граматна, выключна граматна.
Прывучалі да твару як да пазытыву. А апошнія некалькі гадоў ён пачаў рэклямаваць каштоўнасьці, напрыклад, золата. І гучыць, скажам, з эфэмаў хрыплы голас: «Табе пасуе маё каханьне!» Вось вам — золата, сямейныя каштоўнасьці і гэты голас — і так ствараецца пазытыўная асацыяцыя, пазытыўны вобраз чалавека, які ўвесь час крытыкуе палітыкаў, увесь час нібы зь іх сьмяецца. Ствараецца вобраз незалежнага пазытыву. Чалавека пазасыстэмнага. Вось вам і «хороший парень».
«Адмарозіць вушы назло цешчы»
А паралельна з гэтым пяць гадоў — усю кадэнцыю Парашэнкі — вялася атака на прэзыдэнта, накручвалася нянавісьць і агрэсія. Кожны дзень валілі нон-стоп, расказвалі 24 гадзіны за суткі, як ва Ўкраіне ўсё дрэнна. Я не кажу, што ва Ўкраіне ўсё добра. Але ўсё ж некалі ў мяне выклікала раздражненьне, калі да мяне дакочваліся тыя хвалі нэгатыву. Ведаеце, нібы грэх Бога гнявіць — у параўнаньні з тым, што было.
Сапраўды, былі зрухі, і дай Бог зрабіць іх незваротнымі — толькі дайце яшчэ трохі часу, трохі форы, дайце замацаваць. Была пэўнасьць, што яшчэ пяць гадоў у такім фармаце — і мы выстаім.
Але ідзе вось гэтая накрутка ва ўкраінскіх СМІ, якія Ўкраіна насамрэч не кантралявала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хоць каня, хоць шоўмэна. Віталь Портнікаў — пра разгром і алігархаў ва ЎкраінеУ выніку ва Ўкраіне знайшлася куча людзей, якія вырашылі, як у тым анэкдоце, «адмарозіць вушы назло цешчы», паказаць Парашэнку сярэдні палец — і прынцыпова прагаласаваць за клоўна, думаючы, што гэтым прыніжаюць Парашэнку, які сымбалізуе ўладу.
Мяне ўсе гэтыя пятнаццаць гадоў трэсла па-свойму, а апошнія пяць гадоў трасе па-іншаму. Я сфармулявала гэта яшчэ некалькі гадоў таму і сказала, што рэальна паверу ў незваротнасьць зьменаў, рэформаў, курсаў і супакоюся тады, калі Ўкраіна пачне вяртаць сабе сваё інфармацыйнае поле. Пакуль там нічога не адбываецца, пакуль канал аднаго алігарха перамагае канал прэзыдэнцкі — не. Не. Гэта ўсё яшчэ тая самая матрыца, якая спараджае кашмары нашай цывілізацыі, якая так загнівае, цывілізацыі, якая ўвайшла ў фазу інсталяванага вар’яцтва.
Юлія Ўладзіміраўна на разагрэве
— Але ж выбары былі дэмакратычныя.
— Выбары былі дэмакратычныя? Дэмакратычныя. Мяне знаёмыя расейцы віншуюць і расказваюць, як яны нам зайздросьцяць, бо ў іх 20 гадоў ніякіх выбараў няма, яны наагул забыліся, што гэта такое — а тут мы і сапраўды да апошняга моманту ня ведалі, што будзе.
Так яно і мае быць — дэмакратычныя, сумленныя выбары. А фіг яны насамрэч сумленныя! Бо сумленныя яны тады, калі прадбачыцца, што чалавек, які прыходзіць на выбарчы ўчастак — ён не адвольна кідае бюлетэнь, але перад тым дастаткова паінфармаваны пра тое, што стаіць за тым бюлетэнем.
А гэтага, прабачце, не было. Гэта няпраўда. Былі шакуючыя рэчы, якія выявілі сацыёлягі ўжо ў прамежку паміж першым і другім турам. Напрыклад, 39% апытаных чакалі зьніжэньня камунальных тарыфаў — што абсалютна не ўваходзіць у абавязкі прэзыдэнта. А чаму яны чакалі зьніжэньня тарыфаў? Няўжо такая колькасьць людзей — ідыёты?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаць прэзыдэнткай Украіны. Ці будзе ўдалым трэці ўдзел Юліі Цімашэнкі ў выбарчай гонцы?А вось чаму. Найактыўней у нас вяла кампанію Юлія Ўладзіміраўна Цімашэнка, якая цэлы год з кожнага праса, з кожнага білборда, з усіх рэсурсаў увесь час казала: «Тарыфы-зьбядненьне, тарыфы-зьбядненьне, тарыфы-зьбядненьне...» Ну так, тарыфы сапраўды былі завышаныя — на патрабаваньне Міжнароднага валютнага фонду, нашых заходніх партнэраў. Ну яны там трошкі зьмякчылі гэта субсыдыямі... Але гэта ўжо занадта складана! Ня ўсе пэнсіянэры разумеюць, бачыла я, як плачучы, яны пыталіся: «Деточка, шо мне с этим делать?» Вось жа, цэлы год яна сьпявала адну песьню: выберыце мяне, першае, што я зраблю — я зьніжу тарыфы. І ніхто яе не спыняе! Ніхто ня скажа: ты хлусіш! І ЦВК не спыняе чалавека, які хлусіць, які вядзе прэзыдэнцкую кампанію і абяцае рэчы, якія не ўваходзяць у прэзыдэнцкую кампэтэнцыю. А як ты спыніш? Фармальна ніякі закон не парушаны.
Людзі пачулі і замацавалі. Гэта адклалася ў падсьвядомасьці як норма — што прэзыдэнт адказвае за зьніжэньне тарыфаў. Выйшла, што Цімашэнка была ў Зяленскага «на разагрэве». І ўсе тыя людзі, якія гэта слухалі, прагаласавалі не за яе, а за таго, які «табе пасуе маё каханьне».
Адстаяць інстытут прэзыдэнцтва
Плюс, ёсьць яшчэ такі фармат — у нас быў атакаваны кожны прэзыдэнт. Думаю, таксама не без удзелу нашых маскоўскіх добразычліўцаў. Атакуецца любы ўкраінскі прэзыдэнт з моманту ўступленьня на пасаду. Тым часам сам гэты інстытут прэзыдэнцтва для нас вельмі важны. І гэта істотны момант. У гэтай маладой і нетрывалай украінскай дэмакратыі, якая б яна там ні была, інстытут прэзыдэнцтва, можна сказаць — гэта было тое, што мы збудавалі, адваявалі і выстаялі на Майданах. Прэзыдэнт — гэта той, за каго сапраўды галасуе краіна, каго яна насамрэч выбірае. Мы адстаялі гэты інстытут падчас Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004 годзе, калі яго хацелі ў нас забраць — і, дарэчы, у 2014-м, калі прэзыдэнт парушыў абяцаньне: учора гаварыў адно, а цяпер «резко сворачиваем». Супраць правілаў — вылятаеш!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя Зяленскі і ЛукашэнкаДля гэтага патрэбная энэргія Майдану, перакладзеная з энэргіі мільёнаў, але гэта таксама паказьнік, што інстытут прэзыдэнцтва працаваў і быў дзейсны. І Масква атакавала кожнага ўкраінскага прэзыдэнта. Цяпер я чакаю, калі яны пачнуць атакаваць Зяленскага. Як будзе адбывацца гэтая нібыта гульня — у гэтую браму будзе граць шмат розных камандаў зь вельмі рознымі намерамі і інтэнцыямі.
«Выклікалі? Вось вам я!»
Карацей кажучы, тэхналёгія простая. Вы ствараеце цалкам нэгатыўны фон няспынна нэгатыўнымі навінамі — карупцыя, задушылі, зарэзалі, забілі, згвалтавалі, карупцыя, забілі, зарэзалі, п’яны сусед зарэзаў суседа ў сяле Дзерыпупаўцы Адэскай вобласьці — гэта навіны! І гэта ў краіне, дзе ўвесь час адбываюцца грандыёзныя падзеі, зьмены, калясальныя працэсы — мноства стартапаў, мноства бізнэсаў, рэформы, трансфармацыя — пра гэта нічога. Увесь час нэгатыў, і так назапашваецца раздражненьне. Пры гэтым увесь час гоніцца: патрэбныя новыя твары, трэба мяняць сыстэму (дарэчы, гэта яшчэ майданаўскі мэм).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зробленая перамога Зяленскага? Тлумачаць паліттэхнолягіІ тут — опа! — новы твар. Як на старых фатаграфіях, калі малюецца чорны заднік, і на ім выразаецца дзірка, а ў дзірку ўстаўляецца галава: «Выклікалі? Вось вам я!» І вось гэтая галава ўстаўляецца перад Новым годам. І ўся гэтая агульная эмацыйная накрутка, эмацыйнае раздражненьне прывялі да такіх высокіх вынікаў, якіх ніхто не спадзяваўся. Але гэта таксама — як нехта нядаўна выказаў дапушчэньне — сумарнае раздражненьне ад усяго нашага палітыкуму.
Безумоўна знаёмасьць твару ў тэлевізары псыхалягічна працуе на гэтую нібыта пазытыўную ідэнтыфікацыю. Безумоўна, з другога боку, раздражненьне, незадавальненьне палітыкумам, дзе аб’ектыўна, дзе штучна падагрэтае — гэта той фон, на якім лёгка запускаюцца такія трыгеры. Безумоўна, ёсьць тут і момант пэўнага інфармацыйнага прэсінгу. Цэлы красавік — эмоцыі, эмоцыі, людзі сварацца між сабою ў сем’ях, уся гэтая эмацыйнага напруга ўводзіць у стан амоку. У выніку, у тых, хто галасаваў за Зяленскага, не было радасьці перамогі. Ва ўсіх быў шок — як вынік таго амоку. Гэта матэрыял для сацыяльных псыхолягаў.
Гэта доўгі адказ на пытаньне — як так сталася...
Парашэнка ня здолеў растлумачыць, за што мы ваюем
— А ў чым галоўная праблема Парашэнкі? Чаму ён прайграў?
— Яго галоўная праблема, як ні парадаксальна, знаходзіцца на каштоўнасным узроўні. За што яму ня выдалі вотум даверу, хоць ён зрабіў вельмі шмат — нават на ўзроўні таксістаў і манікюрніц даводзілася чуць, што гэта можа наагул быў наш найлепшы прэзыдэнт за гісторыю новай Украіны.
Ён так і не зразумеў як галоўнакамандуючы, што людзям, якія ідуць паміраць на фронт трэба ня проста падняць заробак, выдаць добрыя берцы, тушонку, забясьпечыць кухні, інтэрнаты — што ім перадусім трэба растлумачыць ад моманту, калі яны пераступілі парог вучэбкі, за што мы ваюем. За што яны ідуць паміраць, за што гатовыя асіраціць сваіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ўкраінцаў за мінулы год загінула на Данбасе. Агульная статыстыкаЦі мы йдзем на Маскву? Ці мы адваёўваем нашы тэрыторыі? Ці мы чакаем загаду наступаць і выбіваць ворага з нашай зямлі? Ці мы не гатовыя пакуль што да адкрытага бою і чакаем аслабленьня ворага санкцыямі? Ці мы стаім жывым кардонам і чакаем, калі канфлікт вырашыцца дыпляматычным шляхам?
Ніхто не патлумачыў гэтым стратагемаў, ніхто не размаўляў на ўзроўні самога ідэалягічнага канцэпту вайны. Яго ў генштабе за пяць гадоў так ніхто і не сфармуляваў. І ў гэтых умовах на нейкім этапе пасьля ўсіх ахвяраў 2014-5 гадоў, калі мы ўсе здымалі зь сябе ўсё і аддавалі на армію, усе мы былі на фронце — я ўжо не магла чуць тую самую інфармацыю пра загінулых. Яна ўжо пачала працаваць супраць Украіны. Выходзіла так, што на фронце забівалі нашых хлопцаў, а раздражненьне — дык дакуль жа ж! — пераадрасоўвалася генштабу і галоўнакамандуючаму.
Бо ніхто не тлумачыў. Нібы той унутраны страх — гэта таксама нейкія посткаляніяльныя комплексы — страх дагаворваць нейкія рэчы да канца, страх фармуляваць ваенную дактрыну не ў фармаце «вось на нас напалі, а ў нас тут зараз мірная дамова, а нас тут часова стаяць войскі, акупаваная частка тэрыторыі...» Што значыць, акупаваная частка тэрыторыі? Людзі ж гінуць, і кроў людзкая — не вадзіца, праліваць не гадзіцца.
Адна справа, калі ў вас няма вайны ў хаце. А іншая — калі ліецца кроў і калі за красавік — 15 забітых. А нам расказваюць, што ім паднялі заробкі...
У гэтым ёсьць элемэнт ня проста недагаворваньня. У гэтым ёсьць момант той каштоўнаснай слабасьці ўлады, якая спараджае недавер паміж арміяй і камандаваньнем. Такога не павінна быць.
Як выйсьці зь «дзіцячага бунту»
— Вось жа, вялікая частка ўкраінцаў адмарозіла сабе вушы, паказала сярэдні палец — гэта падобна на нейкі дзіцячы бунт, як у кніжцы «Сьвята непаслухмянства» з савецкага дзяцінства.
— Так, я таксама згадвала тую кнігу! Вельмі дакладны тэрмін.
— І як цяпер з гэтага выйсьці? Што цяпер рабіць?
— Ну як, гэта выпрабаваньне грамадзтва, выпрабаваньне на трываласьць. Мы ж не ў Паўночнай Карэі, што ў нас сонейка ня ўзыдзе без Кім Чэн Ына, і не ў Рассеі, дзякуй Богу — і, выбачайце, не ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская пісьменьніца Аксана Забужка: Расея троліць рэшту сьвету. ВІДЭА— Выпрабаваньне на сьпеласьць нацыі? Грамадзянскай супольнасьці?
— Так. Абсалютна. Насамрэч, гэта выпрабаваньне па ўсёй шырыні, даўжыні і глыбіні соцыюму. Гэта рэальна вельмі сур’ёзна. У нейкім сэнсе ня менш сур’ёзна, чым у 2014 годзе, калі сапраўды мы прайшлі над краем прорвы і сапраўды маглі ў яе ўваліцца. Тут гэта выпрабаваньне на даросласьць, на прытомнасьць, на тое, наколькі нейкая частка грамадзтва працьверазее, скажа сабе: «Вася, што мы нарабілі?» — у размове за півам адзін мой знаёмы такую фразу ўжо пачуў.
Насамрэч, ну што тут сказаць? Калі сапраўды ўспрымаць усё гэта як сэрыял у фармаце, што гэта не са мной, а што я гляджу на гэта зь нейкай там Альфа-Цэнтаўра — то насамрэч гэта вельмі цікава. Цікава за ўсім гэтым сачыць. Цікава быць у гэтым і бачыць, як гэтае грамадзтва рэагуе ў сваёй масе. Як, напрыклад, адбылася тая цалкам стыхійная акцыя, калі на другі дзень пасьля першага шоку «Зяленскі — прэзыдэнт, як такое можа быць!» у панядзелак людзі пайшлі на Банкавую, да рэзыдэнцыі Парашэнкі, дзякаваць яму. Там утварыўся стыхійны міні-Майдан. Не дзеля яго, Парашэнкі, а дзеля сябе. Мне расказвала пляменьніца, што ў яе з працы людзі хадзілі. Яны былі ў дзікім шоку, а вось пасьля таго, кажа яна, зьявілася пачуцьцё нібы нашай маральнай перамогі — нас не завалілі!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве тысячы прыхільнікаў Парашэнкі падзякавалі прэзыдэнтуІ было прыгожа. Мне мая цырульніца пісала: «Я не ходила, но смотрела, и просто комок в горле...» Было кранальна бачыць, як прыходзяць людзі дзякаваць, а не «палити сільраду». І гэта было нязвыкла.
— Я ня памятаю, каб да іншых так прыходзілі ў такой сытуацыі...
— Менавіта. І гэта нібыта нейкі паказьнік даросласьці, сьпеласьці грамадзтва. Гэта дазваляе зьберагчы тую самую сапамавагу і пачуцьцё, што ня ўсе украінцы могуць начапіць на сябе каўпак блазна і сказаць, што так, мы прагаласавалі за галаграму, за пэрсанаж з сэрыялу.
Ня ўсё так проста і так лёгка нас ня ўзяць
Гэта тэст на вяртаньне ў рэал і рэанімацыя здаровага сэнсу — я б зараз на гэта рабіла стаўку, бо нічога лепшага чалавецтва пакуль што не прыдумала.
Ці выйдзе гэта ва ўкраінцаў і што з таго выйдзе — пабачым. Але пачуцьця «ой, капец!», усё развалілася — няма. Не, у нас яшчэ нічога не развалілася. Жыцьцё працягваецца. Словам, пагаворым праз год — тады можна будзе рабіць нейкія высновы, а пакуль што гэта ўсё — варажба на кававай гушчы.
Не, ня ўсё так проста і так лёгка нас ня ўзяць. Адным словам, нейкія рэсурсы, якія могуць быць задзейнічаныя на дэструктыў, яны могуць запусьціць і нейкія абаронныя мэханізмы. Але гэта ўсё — тэрыторыя экспэрымэнту. Велізарнага сацыяльнага экспэрымэнту, які ставіцца сёньня, у прынцыпе, на ўсіх краінах. Там, дзе мы цяпер, яшчэ ніхто не бываў. І гэта — гістарычны выклік. І ёсьць такое мабілізуючае адчуваньне. Сапраўды, нічога яшчэ ня скончылася.