Больш за 60% беларусаў прызнаюць права Расеі на Крым. Шмат? Шмат. А пяцьсот чалавек на дазволенай уладамі акцыі «Бессмертный полк» (БП)? Вось тут пачынаецца дыскусія. Адны кажуць што пяцьсот — шмат. А па ўсёй Беларусі дык больш за тысячу назьбіраецца. Я кажу — гэта няшмат.
У беларускай інфармацыйнай прасторы адна з улюбёных тэмаў для дыскусіі — азначэньне «шмат» і «мала». Звычайна ў кантэксьце пагрозы для незалежнасьці Беларусі. Маўляў, у нас шмат хто падтрымліваюць Расею, а таму ня будуць супраць імавернай анэксіі краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З партрэтамі Леніна і Сталіна. У Менску прайшоў мітынг «Несьмяротны полк». ФОТА і ВІДЭАБярэм за контрапункт Дзень Волі. У акцыі да гэтага сьвята ёсьць адна агульная з БП рыса — акцыя не была ініцыяваная ўладамі. Далей — дыямэтральна супрацьлеглыя сэнсы. Дзень Волі — пра незалежную Беларусь, БП — пра расейскую імпэрыю. «Пачакайце, як пра імпэрыю?! Я пад такое не падпісваўся! Я толькі пра памяць аб палеглых у вайне!».
«Самае дзіўнае ва ўсім гэтым — вельмі шмат канфліктаў паміж удзельнікамі. Дзяды выганяюць НОДаўцаў („Национально-освободительное движение“, радыкальная „рускамірская“ ініцыятыва). НОДаўцы абураюцца і гавораць, што сталіністы здаюць Беларусь амэрыканцам. Праваслаўныя выганяюць камуністаў. Людзі з фатаздымкамі вэтэранаў бянтэжацца тых, хто прынёс партрэты савецкіх правадыроў на палачках», — дзеліцца ўражаньнямі ад БП Серж Харытонаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі адсочваюць інфармацыю пра сытуацыю з акцыяй «Несьмяротны полк» у Беларусі
Чаму важна ведаць настроі тых, хто выходзіць на БП
«Бессмертный полк» — інструмэнт прасоўваньня ідэалёгіі Крамля на тэрыторыі сваіх былых калёній, якія на нейкі час сталіся савецкімі рэспублікамі, а пасьля атрымалі/аднавілі незалежнасьць. Вось і высьвятляецца, што прыкрыцьцё «Днём Перамогі» досыць слабое, мяжуе з ашуканствам недасьведчаных альбо проста наіўных людзей. Пашкрабі тыя пяцьсот чалавек, адмінусуй гасьцей з Расеі, і ідэйных беларусаў-рускамірцаў застанецца пяток чалавек.
Ідэйнасьць. На Дзень Волі ў горшыя гады таксама прыходзілі пяцьсот чалавек. І людзі ў сацсетках пісалі: «Як мала!». Гэтыя пяцьсот чалавек ішлі на несанкцыяваную акцыю, ведаючы, што як мінімум могуць атрымаць дубінкай, а як максымум яшчэ і правесьці некалькі сутак за кратамі. Колькі з тых 60%, што жывуць у расейскім тэлевізары, гатовыя за свае ідэі атрымаць дубінкай і сесьці на суткі? У каардынатах «шмат» і «мала» мой адказ — вельмі мала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску «Несьмяротны полк» зладзіў шэсьце, нягледзячы на забаронуЦі ёсьць пагроза?
Пагроза ёсьць. Нядаўна ўкраінскі паэт з Харкава напісаў пра сваё суседзтва з паліцэйскай акадэміяй. Пра тое, што 9 траўня адтуль было чуваць песьню: «Ты моя надежда, ты моя отрада, //В сердце у солдата ты, моя Москва». І што ён, Арцём, не сумняваецца, што гэтыя паліцыянты падтрымаюць Харкаўскую Народную Рэспубліку, калі яна зьявіцца. Гэта ва Ўкраіне, дзе перамагла рэвалюцыя, дзе праводзіцца дэкамунізацыя і дэкалянізацыя. І дзе на прэзыдэнцкіх выбарах перамог тэлевізар.
Хоць у Беларусі фармальна іншая сытуацыя, чвэрцьстагодзьдзевая аўтакратыя і дэкляратыўнае саюзьніцтва з Расеяй, праблема тая самая: большасьць выбарнікаў народжаныя да інфармацыйнай рэвалюцыі, што адбылася на зломе тысячагодзьдзяў. А таму людзі па звычцы вераць усяму, што ім кажуць у тэлевізары. Калі б у Беларусі расейскія ТВ-каналы былі не такія лёгкадаступныя, як цяпер, не было б такой вялікай фармальнай падтрымкі анэксіі Крыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвята Перамогі ператвараецца ў інструмэнт палітычнага ўплыву РасеіА вось ідэйнасьць бярэцца з нутра чалавека. Калі жадаеце — са сплаву розуму і душы. Паразмаўляйце з тымі, хто глядзіць расейскі тэлевізар. Спытайцеся, дзеля якіх ідэй яны гатовыя сесьці на пятнаццаць сутак? «Што вы, якія пятнаццаць сутак? У мяне ж агарод!».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.