Івана-Франкоўскі гарадзкі суд арыштаваў на два месяцы Ўладзіміра Такарчука — кіроўцу аўтамабіля ГАЗ-66, у выніку падзеньня якога 6 траўня ў Карпатах загінулі трое беларускіх турыстаў.
Як паведамляе мясцовае выданьне «Курс», Уладзімір Такарчук — жыхар вёскі Люча Косаўскага раёна Івана-Франкоўскай вобласьці, часова не працуе, халасты, жыве з маці і мае пагашаную судзімасьць.
У часе разгляду ў судзе хадайніцтва пракуратуры аб арышце Ўладзімір Такарчук зьняпраўдзіў, што кіраваў аўтамабілем у стане алькагольнага ап'яненьня. Ён пераконваў, што адразу пасьля здарэньня выпіў «карвалол і карвалдзін», а ўжо калі дапамог турыстам выбрацца з ракі, яны «пачаставалі настойкай». Маўляў, «выпіў яе грамаў 200, каб сагрэцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Летась звадзіў у паходы 500 чалавек». Сястра загінулага ў Карпатах кіраўніка групы распавяла пра братаКіроўца таксама дадаў, што лекары, якія прыехалі на месца здарэньня, зрабілі яму невядомую ін’екцыю – «нейкую наркату». Ён пераконваў суд, што не зьбіраецца хавацца і ўцякаць ад сьледзтва: «Няма патрэбы».
Адвакат кіроўцы таксама прасіў суд на час расьсьледаваньня прымяніць да свайго падабароннага кругласутачны хатні арышт, паколькі злачынства ўчыненае «ненаўмысна, а падазраваны мае сталае месца жыхарства і яму трэба дапамагаць маці-пенсіянэрцы даглядаць за гаспадаркай».
Аднак суд падтрымаў хадайніцтва пракуратуры і ўхваліў рашэньне аб трыманьні Ўладзіміра Такарчука пад вартай на працягу 60 дзён. Пры неабходнасьці сьледзтва, такая мера трыманьня можа быць падоўжаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі прадпрымальніка, які ажыцьцяўляў «сьмяротны» рафтынг-тур для беларусаў6 траўня ў Верхавінскім раёне Івана-Франкоўскай вобласьці аўтамабіль з 23 беларускімі турыстамі абрынуўся ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30-40 мэтраў, тры чалавекі загінулі, яшчэ 10 атрымалі траўмы. Паводле сьледзтва, кіроўца ня справіўся з кіраваньнем на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пачаў рухацца назад і сарваўся з абрыву ў раку.
Згодна з украінскім заканадаўствам, кіроўцу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з пазбаўленьнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.
Сястра загінулага ў Карпатах кіраўніка групы беларускіх турыстаў Яўгена Іванова таксама расказвала са спасылкай на відавочцаў, што ў кіроўцы «быў моцны шок пасьля здарэньня, і таму яму далі алькаголь».
«Я не магу меркаваць, наколькі гэта праўда. Але кажуць, што ён выпіў ужо пасьля. Я ня ведаю, хто ў чым вінаваты. Нам цяпер не да гэтага. Але людзі, якія там былі разам зь ім, прасілі перадаць, што Жэня ні ў чым не вінаваты», — сказала Анжэла, сястра Яўгена Іванова.