Суд у Вялікабрытаніі асудзіў заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа на 50 тыдняў турмы за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад.
Гаворка ідзе пра 2012 год, калі Асанжа абвінавачвалі ў Швэцыі ў сэксуальных дамаганьнях, і Вялікабрытаніі трэба было вырашыць пытаньне аб яго экстрадыцыі. Тады заснавальнік Wikileaks, выйшаўшы на волю пад заклад, не зьявіўся ў суд і схаваўся ў пасольстве Эквадора ў Лёндане. У далейшым улады Швэцыі закрылі гэтую справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асанж ператварыў амбасаду ў Лёндане ў цэнтар шпіянажу, - прэзыдэнт ЭквадоруЗаснавальніка WikiLeaks арыштавалі 11 красавіка ў амбасадзе Эквадора па ордэры 2012 году. Пазьней высьветлілася, што Асанж быў арыштаваны на запыт уладаў ЗША, якія выдалі ордэр на яго экстрадыцыю. У ЗША Асанжу выстаўленыя абвінавачваньні ў змове з мэтай кампутарнага ўзлому засакрэчанага кампутара, які належаў ураду ЗША, за гэта яму пагражае да пяці гадоў турмы.
Пытаньне аб экстрадыцыі заснавальніка WikiLeaks вырашалася 11 красавіка на пасяджэньні суду ў Лёндане. Адвакат Асанжа заявіў, што пакуль яго падабаронны ня будзе даваць ніякіх паказаньняў, і што ў ЗША існуе пагроза для яго жыцьця. У выніку суд пакінуў Асанжа пад арыштам, не прыняўшы канчатковага рашэньня аб яго экстрадыцыі ў ЗША. Наступнае слуханьне прызначанае на 2 траўня.
- Асанж, грамадзянін Аўстраліі, заснаваў WikiLeaks ў 2006 годзе. Праз некалькі гадоў на партале былі апублікаваныя тысячы сакрэтных дакумэнтаў ЗША аб ходзе вайны ў Аўганістане і Іраку, у тым ліку аб інцыдэнтах, зьвязаных з расстрэлам мірных жыхароў. У ЗША за гэта на Асанжа завялі справу ў сувязі з уцечкай сакрэтных дадзеных, хоць асноўным чалавекам, які арганізаваў уцечку, быў вайсковец Брэдлі (Чэлсі) Мэнінг, а Wikileaks толькі апублікаваў дакумэнты.
- Пасьля выбараў 2016 году да абвінавачваньняў на адрас Асанжа дадалося абвінавачваньне ў датычнасьці WikiLeaks да ўцечкі дадзеных аб хакерскіх прыёмах ЦРУ і да публікацыі дакумэнтаў са узламаных сэрвэраў Дэмакратычнай партыі ЗША.
- ЗША дамагаюцца выдачы аўстралійца ўжо некалькі гадоў, і першапачаткова, акрамя ўзлому кампутара, яму былі таксама выстаўленыя абвінавачваньні ў шпіянажы. Але Асанж і яго адвакаты лічаць выстаўленыя яму ў ЗША абвінавачваньні палітычнымі.