Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны абвясьціла афіцыйныя вынікі выбараў прэзыдэнта, згодна зь якімі новаабраным кіраўніком дзяржавы прызнаны актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.
Кандыдатуру Ўладзіміра Зяленскага падтрымалі 73,22 % выбарнікаў (13,541 мільёна грамадзян), а дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнка — 24,45 % (4,522 мільёна) з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні (18,491 мільёна). Усяго ў сьпісы выбарнікаў Украіны было ўключана 30,311 мільёна грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць
Згодна з украінскім заканадаўствам, праз тры дні пасьля абвяшчэньня афіцыйныя вынікі павінны апублікаваць, і толькі праз 30 дзён пасьля гэтага можа адбыцца інаўгурацыя новага кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Для правядзеньня інаўгурацыі склікаецца ўрачыстае пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, на якім новаабраны прэзыдэнт прыносіць прысягу, атрымлівае пасьведчаньне прэзыдэнта і галоўныя сымбалі кіраўніка дзяржавы — булаву, пячатку і нагрудны знак.
Прымаючы прысягу, прэзыдэнт кладзе адну руку на Канстытуцыю Ўкраіны, другую — на Перасопніцкае Эвангельле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зробленая перамога Зяленскага? Тлумачаць паліттэхнолягі
Якіх першых рашэньняў варта чакаць
Звычайна сваім першым рашэньнем кожны ўкраінскі прэзыдэнт прызначае кіраўніка сваёй адміністрацыі і ўсёй вэртыкалі яе кіраваньня.
Прэзыдэнт, згодна са сваімі паўнамоцтвамі, узначальвае Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны. Ён аднаасобна прызначае сакратара і намесьнікаў Рады нацыянальнай бясьпекі і фармуе яе пэрсанальны склад, за выключэньнем некалькіх чальцоў, якія аўтаматычна ўваходзяць у яе склад адпаведна сваім пасадным абавязкам. Таму ня выключана, што Ўладзімір Зяленскі можа замяніць сёньняшняга сакратара Аляксандра Турчынава ў дзень сваёй інаўгурацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што абяцаў Зяленскі і чаго ад яго чакаюць выбарцы і алігархі. Апэратыўны аналізЯк вярхоўны галоўнакамандуючы прэзыдэнт прызначае і звальняе вышэйшае камандаваньне Ўзброеных сіл. Таму новы прэзыдэнт пры жаданьні можа вельмі хутка замяніць цяперашняга начальніка Генэральнага штабу Віктара Мужэнку.
Аднак сёньняшняга міністра абароны Сьцяпана Палтарака замяніць паводле гэтага ж прынцыпу новы кіраўнік дзяржавы ня зможа: звольніць міністра абароны можа толькі Вярхоўная Рада, таксама толькі дэпутаты могуць прызначыць новага на падставе адпаведнай прапановы прэзыдэнта. Аналягічна працуе і схема прызначэньня і звальненьня міністра замежных спраў, старшыні Службы бясьпекі і генэральнага пракурора.
Канстытуцыя не абавязвае ніводнага кіраўніка абласных адміністрацый, якіх прызначае прэзыдэнт, складаць свае паўнамоцтвы перад новаабраным кіраўніком дзяржавы. Але аб намеры пайсьці ў адстаўку ўжо заявілі кіраўнікі чатырох абласьцей — Мікалаеўскай, Львоўскай, Цярнопальскай і Закарпацкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі беларускай моладзі: «Усё магчыма»