Расея ўпершыню з 2006 году выйшла зь пяцёркі лідэраў у расходах на абарону. Паводле дадзеных штогадовага дакладу Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), у 2018 годзе вайсковыя выдаткі Расеі склалі 61,4 мільярда даляраў, што на З,5 % менш, чым годам раней. Зьвесткі пра беларускія вайсковыя расходы ў дакладзе адсутнічаюць.
Расея апынулася на 6-м месцы ў агульным рэйтынгу краінаў у расходах на патрэбы абароны. Першае месца зноў занялі Злучаныя Штаты, чые выдаткі на абарону летась вырасьлі на 4,6 % і дасягнулі 649 мільярдаў даляраў. Гэта амаль у 2,6 раза больш, чым у Кітая, які займае другі радок у рэйтынгу з 250 мільярдамі даляраў. Таксама ў пяцёрку ўвайшлі Сырыя, Індыя і Францыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства фінансаў Расеі: Растуць выдаткі на войска, чыноўнікаў і ПуцінаУ цэлым летась на вайсковыя патрэбы ў сьвеце было выдаткавана амаль два трыльёны даляраў. Гэта максымальная сума з 1988 году, калі экспэрты SIPRI пачалі весьці ўлік абаронных расходаў. Пры гэтым 81 % усіх сусьветных вайсковых выдаткаў прыпадае на першыя 15 краін рэйтынгу. Доля выдаткаў Расеі ад агульных сусьветных складае 3,4 %. На долю ЗША прыпадае траціна глябальных расходаў на абарону.
Высокія тэмпы росту вайсковых расходаў, якія назіраюцца і ў асобных краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, экспэрты зьвязваюць з уяўленьнямі пра рост пагрозы з боку Расеі. І гэта нягледзячы на тое, што расейскія вайсковыя выдаткі з прычыны пагаршэньня эканамічнай каньюнктуры — заходніх санкцый і падзеньня цэнаў на нафту — за апошнія два гады скараціліся на 20 %, адзначаюць экспэрты.