29 красавіка Слаўгарадзкі раённы суд Магілёўскай вобласьці прызнаў грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі вінаватым у незаконным вырабе бяз мэты збыту, перапрацоўцы і перавозцы экстракцыйнага опіюму (частка 1 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу). Суд пакараў яго на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Абвінавачаны не пагадзіўся, што зрабіў крымінальнае злачынства, і зьбіраецца абскарджваць вырак.
13 сьнежня 2018 году Кахабера Калатазішвілі ўжо былі асудзілі на 2 гады тым жа судом за тое злачынства, але Магілёўскі абласны суд адправіў справу на перагляд з прычыны выяўленых парушэньняў.
Пазыцыя сьледзтва
Паводле сьледзтва, абвінавачаны зь яшчэ адным фігурантам справы Мікалаем Качанавым, які меў непагашаную судзімасьць за наркотыкі, згатавалі з сарванага ў адным з падворкаў райцэнтру маку асабліва небясьпечны наркатычны сродак — экстракцыйны опіюм. Яго выявілі міліцыянты, якія 25 ліпеня 2018 году наведаліся ў двор Качанава падчас праверкі раней асуджаных грамадзян. На месцы злачынства яны засьпелі і Кахабера Калатазішвілі. Абодвух затрымалі ў той жа дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За наркотыкі судзяць грамадзяніна Грузіі. Спатканьня зь ім яго жонка дамагалася галадоўкайКачанаў на сьледзтве сказаў, што мак яму прынёс Калатазішвілі. Сваю віну прызнаў і раскаяўся. 13 сьнежня 2018 году яму прысудзілі 2 з паловай гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Калатазішвілі тады пакаралі 2 гадамі зьняволеньня.
Калатазішвілі ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4. У судовай залі, як і на першым працэсе, ён знаходзіўся ў клетцы. Пракурор прасіла суд пакараць яго трыма гадамі пазбаўленьня волі.
Пазыцыя падсуднага
На абодвух судах Кахабер Калатазішвілі не адмаўляў таго, што, быўшы на працы, паспытаў наркотык, згатаваны Мікалаем Качанавым. Разам з тым адпрэчвае закіды, што ён прывёз таму мак. Ён спасылаецца на заяву гаспадыні падворку, у якой нібыта была сарвана расьліна. Жанчына пісьмова паведаміла суду, што на яе агародзе мак ня рос. Яе заява далучаная да матэрыялаў справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадоўніца са Слаўгараду пабачылася са зьняволеным мужам: «Віны не прызнае»Паводле Калатазішвілі, сьведчаньні ягонай віны трымаюцца на паказаньнях самаго Качанава і ягонай жонкі, якія «навялі паклёп на яго». Ён настойвае, што «яны змовіліся са сьледзтвам, каб Качанаў пазьбег больш жорсткага пакараньня», паколькі ўжо мае судзімасьць за наркотыкі.
Калатазішвілі лічыць, што ўчыненае ім супрацьпраўнае дзеяньне падпадае пад пакараньне паводле часткі 2 артыкулу 17.3 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньняў («знаходзіўся на працоўным месцы ў стане наркатычнага ап’яненьня»), за які прадугледжаны штраф да дзесяці базавых велічыняў.
Жонка асуджанага: «З майго мужа зьдзекуюцца за мяне»
Пра крымінальную справу Кахабера Калатазішвілі стала вядома ад ягонай жонкі Анжалікі, якая ў 2018 годзе галадоўкай пад магілёўскай турмой № 4 дамаглася спатканьня з арыштаваным мужам. Жанчына зьвязвае ягоны арышт з сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю. Яна настойвае, што праз памылковы дыягназ мэдыкаў стала інвалідам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І парэзалі ўсю, і раку не знайшлі». Як жанчына са Слаўгараду змагаецца за жыцьцёАнжаліка Калатазішвілі называе зьдзекам крымінальны перасьлед мужа. Паводле яе ні сьледзтва, ні судовы працэс не здабылі доказаў яго крымінальнай віны, але пры гэтым утрымліваюць у няволі.
Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Яна непакоіцца, што мужа дэпартуюць зь Беларусі і яна застанецца адна без нагляду. Жанчына перасоўваецца з дапамогай інваліднага вазка. У 2021 годзе ў Кахабера сканчаецца тэрмін дзеяньня віду на жыхарства ў Беларусі.
Паводле Анжалікі, за час судовага працэсу ніхто з амбасады Грузіі да яго не зьявіўся. Раней Свабодзе ў амбасадзе Грузіі казалі, што трымаюць на кантролі сытуацыю са зьняволеньнем грамадзяніна сваёй краіны і робяць усё магчымае дзеля яго абароны.