Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі галадоўкай пад магілёўскай турмой № 4 дамаглася спатканьня з арыштаваным мужам. Грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі два месяцы ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары праз абвінавачаньне ў «захоўваньні, ужываньні і распаўсюдзе наркатычных сродкаў».
Дазвол на кароткатэрміновае спатканьне інваліду 1 групы Анжаліцы Калатазішвілі выдала слаўгарадзкая пракуратура 28 верасьня пасьля двух сутак галадоўкі. У гэты ж дзень яна спыніла акцыю, а 1 кастрычніка пабачылася ў ізалятары з мужам.
Паводле жанчыны, спатканьне доўжылася блізу гадзіны. Пасьля сустрэчы з мужам, кажа яна, «на душы стала спакойна».
«Муж выглядае няблага, — сказала жанчына, як выйшла з турмы. — Сваёй віны не прызнае. Матэрыялы справы з пракуратуры неўзабаве перададуць у суд. Пакуль я галадала, сказаў муж, яго вазілі ў абласную бальніцу на абсьледаваньне. Па бальніцы вадзілі ў кайданках. Ён здагадаўся, што нешта адбываецца на волі, а потым нехта яму шапнуў, што на свабодзе бунтуе жонка».
Чаму наважылася на галадоўку
Анжаліка пісала мужу двойчы на тыдзень, але ў лістах ад яго ня ўбачыла адказаў на свае пытаньні. З гэтага яна зрабіла выснову, што яе лісты да мужа не даходзяць, і захацела яго пабачыць.
«Я не прашу гадзіннага спатканьня. Мне будзе дастаткова пяці хвілінаў, каб пабачыць, у якім стане мой муж», — тлумачыла яна ля турмы.
Пасьля таго, як сьледчы не дазволіў ёй спатканьня, 25 верасьня яна абвясьціла галадоўку. Пра сваю акцыю паведаміла праз электронную пошту ў Адміністрацыю прэзыдэнта, міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. І 26 верасьня прыехала галадаць пад браму сьледчага ізалятару ў Магілёве.
«Мужа зьняволілі праз маё змаганьне за справядлівасьць»
Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа перасьледуюць празь яе ўпартасьць.
З 2014 году яна дамагаецца ад мэдыкаў кампэнсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.
Яна сьцьвярджае, што праз памылковы анкалягічны дыягназ ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе рацыю. Мэдыкі ж памылковасьць дыягназу не прызнаюць. Лячэньне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай мэдыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць апэрацыі на агульных падставах.
Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі. У амбасадзе Грузіі Свабоду сказалі, што трымаюць на кантролі сытуацыю са зьняволеньнем грамадзяніна сваёй краіны.