У Слаўгарадзе за наркотыкі судзяць грамадзяніна Грузіі Кахабера Калатазішвілі. Ягоная жонка Анжаліка два дні галадала пад магілёўскай турмой, каб дамагчыся спатканьня зь ім.
Калатазішвілі інкрымінуюцца незаконныя, бяз мэты зьбыцьця, выраб, перапрацоўка і захоўваньне наркатычных рэчываў. За гэта пагражае да 5 гадоў калёніі і дэпартацыя.
Па адной справе зь ім праходзіць грамадзянін Беларусі — Мікалай Качанаў. У яго ўжо была судзімасьць за наркотыкі. Разглядае справу старшыня Слаўгарадзкага раённага суду Аляксандар Курылін
Жонка абвінавачанага галадала пад турмой, каб спаткацца зь ім
Пра крымінальную справу супраць Калатазішвілі стала вядома ад ягонай жонкі Анжалікі, якая галадоўкай пад магілёўскай турмой № 4 дамаглася спатканьня з арыштаваным мужам. Тая акцыя пратэсту, кажа Анжаліка, пагоршыла здароўе. Пасьля суду яна зьбіраецца ў бальніцу.
На разгляд мужавай справы жонка прыехала на інвалідным вазку. Як і падчас галадоўкі, яна зьвязвае перасьлед мужа з сваімі намаганьнямі атрымаць ад мэдыкаў кампэнсацыю за шкоду здароўю.
У розныя інстанцыі Анжаліка піша звароты, у якіх даводзіць, што мэдыкі зрабілі яе інвалідам. Праз памылковы анкалягічны дыягназ і няслушнае лячэньне, настойвае яна, ёй выдалілі жаночыя органы і «забілі ныркі». Цяпер яна інвалід І групы і мае патрэбу ў доглядзе. Мэдыкі ж памылковасьць дыягназу не прызнаюць.
«Гэты ціск на мужа больш празь мяне, — казала яна на пачатку суду. — Гэтак мне помсьцяць і дэманструюць, што яны могуць рабіць. Гэтым судом адцягваецца ўвага ад маёй праблемы са здароўем».
Сьледзтва: абвінавачаныя змовіліся, каб згатаваць наркотык
Разам з Кахаберам Калатазішвілі судзяць жыхара Слаўгараду Мікалая Качанава. Абодва ў судовай залі ў клетцы.
Качанава ўжо прыцягвалі да адказнасьці за ўжываньне наркотыкаў, і пакараньне за гэта не было пагашана. Як вынікала з паказаньняў супрацоўніка групы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Мікіты Сьцепаненкі, абодва абвінавачаныя былі ў міліцэйскай распрацоўцы. Іхныя тэлефонныя гутаркі праслухоўваліся.
Затрымалі Качанава і Калатазішвілі 25 ліпеня, калі яны, як адзначаецца ў матэрыялах справы, змовіўшыся, згатавалі з сарванага ў адным з падворкаў райцэнтру маку асабліва небясьпечны наркатычны сродак — экстракцыйны опіюм. Частку пасьпелі ўжыць. Другую знайшлі міліцыянты, якія наведаліся ў двор Качанава падчас праверкі раней асуджаных грамадзян. Ягоныя паводзіны выклікалі падазрэньні. Міліцыянтаў ён не хацеў пускаць у двор. Калі ж яны ўварваліся, то Качанаў сам паказаў згатаваны наркотык.
Калатазішвілі: наркотык ужываў, але не гатаваў
Качанаў сваю віну ў судзе цалкам прызнаў і раскаяўся. Паводле ягоных паказаньняў, сарваў мак Калатазішвілі і прынёс яму. Разам яны згатавалі наркотык і ўжылі яго. На пытаньне, адкуль ведае спосаб вырабу наркотыка з маку, Качанаў не адказаў.
Калатазішвілі не адмаўляў факту ўжываньня наркотыка, але адкінуў абвінавачваньні ў вырабе, захоўваньні і дастаўцы маку. Ён заявіў, што ўпершыню ўжываў наркотык, у чым «перад жонкай вінаваты». Абвінавачаны ня стаў тлумачыць, чаму падзельнік даў паказаньні, якія супярэчаць ягоным словам. Міліцыянт Сьцепаненка заявіў, што па затрыманьні Калатазішвілі зь ягоных паводзінаў не было відаць, што ён у наркатычным ап’яненьні.
Прадстаўніка амбасады Грузіі на судзе не было
31 кастрычніка разгляд справы адновіцца. Чакаецца, што на суд прыедзе прадстаўнік амбасады Грузіі. За тры месяцы зьняволеньня Калатазішвілі супрацоўнікі дыпляматычнай місіі зь ім не сустракаліся, хоць жонка абвінавачанага зьвярталася туды з такой просьбай і нават мела сустрэчу з амбасадарам.
Раней Свабодзе ў амбасадзе Грузіі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю са зьняволеным Кахаберам Калатазішвілі, аргумэнтаваўшы гэтым тым, што «ня маюць права даваць інфармацыю пра сваіх грамадзян, якіх бароніць закон аб пэрсанальных дадзеных, трэцім асобам».
«Амбасада займаецца гэтым пытаньнем і робіць усё магчымае для абароны нашага грамадзяніна», — сказаў тады прадстаўнік амбасады.
Анжаліка Калатазішвілі пра мужа: За тры месяцы няволі пастарэў і асунуўся
Падтрымаць Анжаліку Калатазішвілі ў Слаўгарад прыехалі актывісты з Цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом». Сама Анжаліка выглядала разгубленай. Па справе яна праходзіць як сьведка, таму ня можа быць прадстаўніком арыштаванага мужа.
У звароце да суду яна зьвярнула ўвагу, што за ўжываньне наркотыка яго варта прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці, а не крымінальнай.
«Я баюся, што мужа пасадзяць і дэпартуюць, — казала яна карэспандэнту Свабоды, — і тады мне будзе зусім кепска адной. Мая сям’я — гэта мой муж. Ён дужа перажывае па мне, бо ведае, у якім я стане».
Па яе словах, муж за тры месяцы няволі дужа зьмяніўся — стаў панурым і пастарэў. У суд яго прывезьлі прастуджаным, адзначыла яна.
Год таму яе муж атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году.