Чым цікавы Беларусі досьвед перамогі Зяленскага

Уладзімір Зяленскі

Перамога ва Ўкраіне недасьведчанага ў палітыцы чалавека азначае злом вялікага трэнду, які дамінаваў на постсавецкай прасторы амаль тры дзесяцігодзьдзі.

Сьцісла

  • Пасьля распаду СССР людзі інстынктыўна давяралі асобам, якія мелі кіроўны досьвед.
  • Доўгі час апазыцыя выстаўляла ў якасьці альтэрнатывы Лукашэнку палітыкаў, якія раней займалі адказныя пасады.
  • Прыкметай новага трэнду на постсавецкай прасторы стаў прыход да ўлады несыстэмных палітыкаў (Нікол Пашыньян, Уладзімер Зяленскі).
  • Цяпер у вачах электарату кіроўны досьвед кандыдата зусім не абавязковы.

Фэномэн Зяленскага спарадзіў процьму розных камэнтароў, гіпотэз, мэмаў. Ён надзвычай пашырыў дыяпазон палітычных магчымасьцяў, але адначасова павялічыў маштаб ілюзій.

Дамінаваньне палітыкаў з кіроўным досьведам

Перамога ва Ўкраіне недасьведчанага ў палітыцы чалавека азначае злом вялікага трэнду, які дамінаваў на постсавецкай прасторы амаль тры дзесяцігодзьдзі. Дасюль, як правіла, на ўсіх выбарах перамагалі высокія начальнікі, якія перад тым займалі кіроўныя пасады. Падчас вострага крызысу пасьля распаду савецкай імпэрыі людзі інстынктыўна давяралі асобам, якія мелі кіроўны досьвед.

У першыя гады пасьля распаду СССР рэй вялі кіраўнікі кампартыі. Нават калі вынесьці за дужкі постсавецкія краіны Сярэдняй Азіі, то ўсё роўна сьпіс выходзіць вялікі. Гейдар Аліеў у Азэрбайджане, Эдуард Шэварднадзэ ў Грузіі, Петар Лучынскі ў Малдове. Былы сакратар ЦК КПСС Барыс Ельцын быў абраны прэзыдэнтам Расеі. Першым прэзыдэнтам Украіны стаў былы другі сакратар ЦК кампартыі рэспублікі Леанід Краўчук. Нават у Літве на пасаду прэзыдэнта быў выбраны былы першы сакратар кампартыі рэспублікі Альгірдас Бразаўскас. Ды што Літва, нават у Польшчы кіраўніком дзяржавы стаў лідэр партыі — пераемніцы Польскай абʼяднанай рабочай партыі. Маю на ўвазе Аляксандра Квасьнеўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На нас ставіцца экспэрымэнт». Украінскія інтэлектуалы пра фэномэн Зяленскага

А глядзіце, хто быў у прэзыдэнтах Украіны. Пасьля Краўчука кіраўнікамі ўкраінскай дзяржавы станавіліся людзі, які да таго ўзначальвалі ўрад: Леанід Кучма, Віктар Юшчанка, Віктар Януковіч. Дый Пятро Парашэнка быў міністрам у некалькіх урадах.

Зразумела, былі выключэньні. Можна ўзгадаць Азэрбайджан, Армэнію. Ну, і, канечне, фэномэн Лукашэнкі. Але гэта якраз той выпадак, калі выключэньне пацьвярджае правіла. І гэтае правіла дзейнічала і ў беларускім кейсе.

Беларускі досьвед

Узгадайма другія прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Тады рэй вяла так званая «пяцёрка», якая з свайго складу выбірала адзінага кандыдата — суперніка Лукашэнкі. З каго ж яна складалася? Былы прэмʼер Міхаіл Чыгір, былы міністар абароны Павал Казлоўскі, былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Домаш, былы старшыня Савецкага райвыканкаму Менску Сяргей Калякін. А адзіным кандыдатам быў выбраны старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык. Усе ў мінулым жыцьці — вялікія начальнікі.

Якраз у тым жа 2001 годзе рабіў спробу пазмагацца за прэзыдэнцкую пасаду беларускі комік Яўген Крыжаноўскі. На той час ён быў самым вядомым беларускім артыстам, ягоны тэатар «Хрыстафор» грымеў, ён рэгулярна зьяўляўся на тэлеэкранах, нават у рэклямных роліках. Думаю, сярод далёкіх ад палітыкі абывацеляў Крыжаноўскі быў больш вядомы, чым чальцы той самай «пяцёркі». Мае тагачасныя кантакты зь ім даюць падставу сьцьвярджаць, што ягоныя палітычныя намеры былі досыць сурʼёзныя, гэта ня быў чарговы жарт. Але не пайшло. Да яго ніхто ўсурʼёз ня ставіўся, пры ўзгадваньні яго ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ўсе ўсьміхаліся, разглядалі гэта як дзівацтва, прыкол вядомага коміка. Крыжаноўскі так і ня змог стварыць каманду, але, здаецца, сабраў 30 тысяч подпісаў. Цікава, што толькі ў разгар выбарчай кампаніі стала вядомая важная акалічнасьць: ён увогуле ня меў права балятавацца, бо нарадзіўся ва Ўкраіне. Але ЦВК зарэгістраваў ягоную ініцыятыўную групу, нават не паглядзеўшы ў пашпарт прэтэндэнта. Бо такое было паблажлівае стаўленьне — маўляў, хто ж будзе галасаваць за коміка?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шосты прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Што важна пра яго ведаць

На наступных прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году апазыцыю зноў прадстаўлялі былыя начальнікі. Аляксандар Казулін займаў пасаду рэктара БДУ — а гэта статус міністра. Аляксандар Мілінкевіч раней працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. То бок — людзі з досьведам кіроўнай працы.

Памятаю мае шматлікія размовы з звычайнымі людзьмі ў той час. Яны казалі, што, напрыклад, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец ды іншыя апазыцыянэры добрыя хлопцы, але які ў іх кіроўны досьвед? Яны зьбіраюцца кіраваць дзяржавай, але чым яны кіравалі? Партыяй, грамадзкай арганізацыяй? Гэта несурʼёзна. Вось калі б яны ўзначальвалі буйны завод, міністэрства, рэгіён, тады можна было б разглядаць іх у якасьці альтэрнатывы Лукашэнку.

Новы трэнд

А вось апошнія пяць гадоў сытуацыя зьмянілася. Прычым ва ўсім сьвеце. У дэмакратычных краінах перамагаюць папулісты, якія ня маюць ніякага палітычнага досьведу. Шмат пісалі пра фэномэн Дональда Трампа, але і ў краінах ЭЗ назіраецца падобная тэндэнцыя. Аднак у дэмакратычным сьвеце ўсё ж працуюць інстытуты, якія мікшыруюць і нэўтралізуюць дзівацкія крокі і дзеяньні гэтых папулістаў.

Але гэты новы трэнд прыйшоў і на постсавецкую прастору. Найбольш выразнай яе прыкметай стала аксамітавая рэвалюцыя ў Армэніі год таму, прыход да ўлады несыстэмнага палітыка, «чалавека вуліцы» Нікола Пашыньяна, які быў раней журналістам і дэпутатам, але не чыноўнікам.

Можна ўзгадаць і беларускі досьвед. На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч, чалавек ніадкуль, раптам набрала, паводле ацэнак незалежных сацыёлягаў, больш за 20%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мэнтальна і ў Лукашэнкі, і ў Зяленскага сталіца — Масква»

Прычын гэтага новага трэнду шмат. Зьмянілася пакаленьне, людзі цяпер не баяцца рызыкаваць, выбіраючы новых лідэраў. Радыкальна панізіўся давер да існай кіроўнай эліты. Новыя інфармацыйныя тэхналёгіі вядуць да таго, што ўлада цяпер бліжэйшая, больш празрыстая, любыя яе глупствы лепш заўважныя.

Таму цяпер, пасьля перамогі Зяленскага, у сацыяльных сетках Расеі, Беларусі бурліва абмяркоўваюць кандыдатуры розных комікаў у якасьці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Але гэтая захапляльная гульня адлюстроўвае новую рэальнасьць. Цяпер у вачах электарату кіроўны досьвед кандыдата зусім не абавязковы. Больш за тое, як паказалі выбары ва Ўкраіне, ён можа быць нават шкодны.

Думаю, што і ў Беларусі існуе моцны запыт на «чалавека збоку». То бок — няма даверу ні да чыноўнікаў існага рэжыму, ні да дзейных апазыцыянэраў. Партрэт новага куміра вельмі просты. Ён не павінен быў абцяжараны няўдалым палітычным досьведам, затое павінен мець вялікія амбіцыі і пэўныя элемэнты харызмы. А раскруціцца з дапамогай сацыяльных сетак і новых паліттэхналёгій — справа тэхнікі.

Але ўсё гэта магчыма толькі пры ўмове, што ў краіну вернуцца выбары.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка памыліўся ў прагнозах вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне