Беларуская канфэдэрацыя дэмакратычных прафсаюзаў вырашыла ў 2019 годзе адмовіцца ад правядзеньня вулічных акцыяў на 1 траўня — Міжнародны дзень салідарнасьці працоўных. Прычына тая ж, што з Чарнобыльскім шляхам: ня хочуць плаціць міліцыі за ахову.
Адмову ад акцыяў пацьвердзіў Свабодзе старшыня Канфэдэрацыі Аляксандар Ярашук — гэтае рашэньне прынялі 11 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 30 гадоў у Менску ня будзе традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху»Прычына адмовы ад акцыяў, тлумачыць Ярашук, тая ж, што была ў арганізатараў Чарнобыльскага шляху: міліцыі трэба плаціць «шалёныя грошы», а гэта, кажа ён, «зьдзек зь людзей, з арганізацыі, са здаровага сэнсу». Калі выбіраць між тым, каб адмаўляцца ад аплаты і парушаць правілы арганізацыі мітынгаў, і тым, каб нічога ня ладзіць, другое будзе больш правільным, разважае ён.
«Калі нешта іншае ўчыняць, трэба мець сілы і гатоўнасьць людзей рабіць масавыя акцыі, — кажа Ярашук. — А ні гатоўнасьці, ні сілаў мы ня бачым. Людзі яшчэ не гатовыя выйсьці за свае правы і прынцыпы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А мітынгі будуць? Палітыкі адказалі, што будзе з вулічнымі акцыямі пасьля адмовы ад «Чарнобыльскага шляху»Праблема мае два бакі. Першы — што «няма такіх грошай». Калі б прафсаюзы падавалі заяўку, дык на акцыю на больш як 100 чалавек, а гэта мінімум каля 4000 рублёў аплаты міліцыі. Другі бок — маральны.
«Калі бандыт табе прыстаўляе нож да горла і кажа, «плаці за тое, што я буду стаяць з нажом ля твайго горла»… Мы нават не хацелі разважаць, колькі гэта грошай будзе», — расказвае Ярашук. На яго думку, такім шляхам улады дабіваюцца толькі таго, што «ў рэшце рэшт сытуацыя выбухне».