Да маніторынгу месца ляснога пажару ў Нараўлянскім раёне прыцягнулі авіяцыю, піша БелТА са спасылкай на Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
Інфармацыя аб узгараньні сухой расьліннасьці і кустарніка на забалочанай тэрыторыі паступіла ратавальнікам 24 красавіка ў 12:33.
Плошча ўзгараньня па прыбыцьці на месца складала 5 гектараў. Існавала пагроза лесу, таму для ліквідацыі здарэньня накіравалі дадатковую тэхніку. Пагрозы населеным пунктам не было.
Для ліквідацыі здарэньня задзейнічалі:
- 29 адзінак тэхнікі;
- 112 чалавек.
Плошча, якую закрануў агонь склала 300 гектараў.
Зараз ёсьць дробныя ачагі, адкрытага гарэньня няма, сказалі ў МНС.
Манітораць сытуацыю з прыцягненьнем авіяцыя «Беллесавія».
Як сказала Свабодзе дзяжурны эколяг Белгідрамэту, зьменаў у радыяцыйным фоне на тэрыторыі Беларусі няма.
За суткі ў Беларусі патушылі 87 лясных і тарфяных пажараў, узгараньняў травы і кустоў. Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на Меншчыне праз складаныя кліматычныя ўмовы.