Пылавая бура накрыла Горадзеншчыну 24 красавіка. За клубамі пылу цьмяна відаць дамы і нават неба.
Самы густы пыл — у горадзенскім мікрараёне Альшанка, што побач з польскай мяжой. Як паведамляе Белгідрамэт, ня выключана, што пыл з Афрыкі ўплывае на стан паветра ў Беларусі.
«Цяпер у многіх гарадах Беларусі, дзе праводзяцца назіраньні за станам атмасфэрнага паветра, сапраўды назіраецца павышаны ўзровень забруджваньня паветра цьвёрдымі крупінкамі (пылам). Асноўная прычына ў тым, што ў краіне на працягу доўгага пэрыяду адсутнічаюць ападкі», — паведамляюць беларускія мэтэаролягі.
У Польшчу і Ўкраіну раней прыйшла пясчаная бура.
Біёляг: Буру выклікалі моцны вецер і ўзаранае поле
Тым часам біёляг Дзьмітры Вінчэўскі кажа, што такая зьява называецца ветравая эрозія глебы. Яна адбываецца пастаянна, але ў меншых маштабах, таму менш заўважная. Цяпер такую буру выклікалі дзьве рэчы: моцны вецер і ўзаранае поле. Мікрараён Альшанку атачаюць некалькі вялікіх палёў, якія днямі ўзаралі.
Паводле дадзеных сайта meteoinfo.by, парывы ветру 24 красавіка сягаюць 18 мэтраў на сэкунду.
Па словах Вінчэўскага, найлягчэй падымаецца ў паветра і зьнікае пладародны слой у былых тарфяніках, адкуль перасталі здабываць торф.
«Калі ўзараць, глеба ветрам разьбіваецца на дробныя часьцінкі, кавалачкі, і іх ветрам нясе прэч. Таму тарфяны слой вельмі хутка зьнікае. Застаецца пясок, які вецер ня так лёгка можа падняць у паветра», — сказаў Дзьмітры Вінчэўскі.