«Узброены народ — гарантыя ад дыктатуры». Былы амбасадар Украіны ў Менску пра асаблівасьці ўкраінскай дэмакратыі

Раман Бясьсьмертны

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі і адзін з 39 кандыдатаў у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне Раман Бясьсьмертны распавёў у інтэрвію пра перадвыбарчую сытуацыю ва Ўкраіне і адказаў, ці бачыць пагрозу, што падзеі пачнуць разьвівацца па беларускім сцэнары.

Адмінрэсурс ва Ўкраіне немагчымы

— Як вы мяркуеце, ці можна ўжо сьцьвярджаць, што ва Ўкраіне будзе новы прэзыдэнт?

— Сьцьвярджаць пакуль нельга, але дапускаць такі варыянт як найбольш верагодны — магчыма, бо сацыялягічныя службы на гэты дзень даюць больш як двухразовы адрыў. Таму, якія намаганьні тут ні прыкладай, пераадолець такі разрыў у гэтым супрацьстаяньні Пятра Парашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага малаверагодна.

— Выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, які пакуль што застаецца ў руках дзейнага прэзыдэнта, можа істотна паўплываць на вынікі другога туру?

— Можна шмат чаго рабіць, і варыятыўнасьць вельмі вялікая. Але тут ёсьць вельмі сур’ёзныя абмежаваньні, якія называюцца грамадзянскай супольнасьцю. Украінскае грамадзтва не дазволіць сарваць выбары, выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, фальсыфікаваць вынікі. Гэта мусяць разумець удзельнікі гонкі, дый большасьць украінскіх палітыкаў — ва Ўкраіне гульня на мяжы закону завяршаецца рэвалюцыяй. У цяперашніх умовах ня тое што пайсьці на рэвалюцыю, а і не прызнаць выбар народу азначае справакаваць супрацьстаяньне, якое скончыцца паглыбленьнем зьнешняй інтэрвэнцыі. Чакаць, што дзейны прэзыдэнт можа пайсьці на гэта, — малаверагодна.

— А вы ўжо вызначыліся, як будзеце галасаваць у другім туры?

— Так. І адназначна магу сказаць, што сярод прэтэндэнтаў майго кандыдата няма.

Раман Бясьсьмертны галасуе ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне

Зьмена ўлады — залог разьвіцьця

— За ўвесь час незалежнасьці Ўкраіны толькі Леаніду Кучму ўдалося двойчы абрацца прэзыдэнтам. Тое, што ва Ўкраіне ўвесь гэты час мяняліся прэзыдэнты — гэта добрая ці кепская прыкмета з пункту гледжаньня стратэгічнага і тактычнага разьвіцьця краіны?

— Любыя зьмены значна лепшыя, чым стагнацыйны застой. Гэта адна з гарантый таго, што Ўкраіна разьвіваецца. Так, сытуацыя складана праходзіць, і на тое ёсьць і ўнутраныя, і вонкавыя фактары. Скажам, раней пры прэзыдэнцтве Кучмы і Юшчанкі дамінавалі ўнутраныя фактары, калі сур’ёзна задзейнічаліся супярэчнасьці ўсярэдзіне грамадзтва. На дадзеным этапе дамінуюць зьнешнія фактары, і перадусім — расейская інтэрвэнцыя, анэксія Крыму, вайна на Данбасе, збройнае супрацьстаяньне ў раёне Азоўскага мора. Гэта не праходзіць бясьсьледна і адбіваецца на ўнутранай сытуацыі.

Але тым ня менш, знаходзячыся ва ўмовах вайны, краіна праходзіць выбарчы працэс. Гэта сур’ёзны іспыт. Гэта сьведчыць пра тое, што ўкраінскае грамадзтва здольнае пераадольваць складаныя перашкоды.

— Якой будзе Ўкраіна пры прэзыдэнце Парашэнку і пры прэзыдэнце Зяленскім? Якія вы бачыце небясьпекі і гарантыі таго, што Ўкраіна ня зьменіць свой курс?

— Хто б ні перамог — Парашэнка ці Зяленскі, агульнапрызнанага курсу на эўрапейскія каштоўнасьці Ўкраіна ня зьменіць. І гэта разумеюць абодва кандыдаты. Больш за тое, магу сказаць, што ўзброены народ у цяперашняй сытуацыі зьяўляецца гарантыяй захаваньня гэтага курсу. Цяпер ва ўкраінцаў, у цывільнага насельніцтва, больш як 6 мільёнаў ствалоў і нямала патронаў. Каштоўнасны выбар захаваецца. Як відавочна і тое, што і Парашэнка, калі ён будзе абраны, не застанецца такім, як быў, а Зяленскі — тым больш, бо ніхто яшчэ ня ведае, якім ён будзе ў якасьці прэзыдэнта.

Раман Бясьсьмертны, архіўнае фота

Што можа быць з курсам? Курс на эўрапейскія каштоўнасьці можа альбо паскорыцца, або ў нейкай ступені запаволіцца. Магчымая зьмена тактыкі, але стратэгічны курс дзяржавы зьменены ня будзе. Яшчэ раз падкрэсьліваю, гарантыя гэтага курсу — узброены народ. Гэта вельмі важны момант, які цісьне на ўкраінскі істэблішмэнт і ўдзельнікаў выбарчай гонкі. Насамрэч, ён вызначальны ў цяперашніх умовах.

Фактар Медведчука згубны для палітыка

— Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, у наступны склад парлямэнту могуць трапіць партыі Зяленскага «Слуга народа», праграма якой пакуль невядомая, і апазыцыйныя плятформа «За жыцьцё», лідэр якой Віктар Медвядчук арыентуецца на Расею. Ці могуць яны стварыць у наступным парлямэнце ўрадавую большасьць, якая і будзе фармаваць зьнешнюю палітыку?

— Апытаньні сьведчаць, што канфігурацыя кааліцыі можа быць самая разнастайная. На сёньняшні дзень невядома, з чым ідзе кандыдат Зяленскі, як і невядома, з чым ідзе партыя «Слуга народа». Апазыцыйная плятформа выразна выкрышталізавала свае каштоўнасьці і арыенціры. Для Ўкраіны важна, як і ў любым дэмакратычным грамадзтве, каб была моцная кіроўная кааліцыя, але гэтаксама трэба, каб не была слабой і апазыцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Сочы сустракаўся ня толькі з Пуціным, але і ягоным украінскім кумам

Наўрад ці такая канфігурацыя настолькі глыбока адаб’ецца на зьнешнім курсе. Таму што, па-першае, ёсьць аргумэнт узброенага народу, а па-другое, — падпісаныя і ратыфікаваныя міжнародныя дакумэнты і ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю. Гэта рэчы, якія запатрабуюць доўгага пэрыяду, калі нехта нават паспрабуе ініцыяваць нейкія зьмены. Такім чынам, можна канстатаваць, што сур’ёзных пагроз няма. Магчымыя тактычныя зьмены, якія могуць укласьціся ў пэрыяд кадэнцыі аднаго прэзыдэнта і аднаго ўраду, але ня змогуць адбіцца на стратэгічным курсе. Я не выключаю спробы зламаць яго, але тады такім палітыкам 2014 год здасца проста кветачкамі.

— Ад пачатку году Віктар Медвядчук (прарасейскі палітык, кум Пуціна, удзельнік перамоваў па Данбасе ў Менску ў гуманітарнай падгрупе — РС) тройчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Адна з такіх сустрэч праходзіла ў трохбаковым фармаце ў Сочы з расейскім прэзыдэнтам Пуціным. Ці маглі яны выпрацаваць нейкі асобны сцэнар датычна Ўкраіны ў выпадку зьмены прэзыдэнта?

— Такі варыянт ня варта выключаць. Тым больш што Медвядчук прыкладае звышнамаганьні, каб аднавіць пазыцыі ва ўкраінскай палітыцы. Аднак ці прыме гэта грамадзтва? Вялікі знак пытаньня. Ня варта выпускаць з-пад увагі і тое, што ў 2015 годзе даволі глыбока прапрацоўваліся варыянты прыцягненьня Беларусі як ключавога складніка рэалізацыі пэўнай мадэлі менскіх дамоўленасьцяў, дзе ў ролі такога міратворчага кантынгенту выступае Беларусь. Мяркую, што на згаданых сустрэчах недалёка выйшлі за межы тых варыянтаў, якія прагаворваліся ў 2015 годзе.

Раман Бясьсьмертны, архіўнае фота

Такія прапановы ва Ўкраіне вельмі крытыкуюцца, але тое, што будзе адна зь іх, — верагодны варыянт. Вось толькі ці будзе гатовы прэзыдэнт на гэтую тэму размаўляць? Таму што ні сам прэзыдэнт, ні вакол яго няма ніводнага чалавека, які б ня тое што глыбока разумеў нармандзкі ці менскі працэс, а нават быў зь ім знаёмы. А браць да сябе цяпер Медведчука — гэта значыць фактычна памножыць на нуль сваю падтрымку, я ўжо не кажу пра падтрымку партыі, якая ўвосень пойдзе на парлямэнцкія выбары.

Беларускі сцэнар ва Ўкраіне немагчымы

— Шмат хто з прыхільнікаў Пятра Парашэнкі папярэджвае грамадзтва, што ў выпадку перамогі Зяленскага на гэтых выбарах наступных вольных выбараў ва Ўкраіне ўжо ня будзе, і палохае грамадзян беларускім сцэнарам. Ёсьць падставы для такіх засьцярог?

— Я ня бачу такіх рызык. І падкрэсьліваю яшчэ раз — ёсьць фактар узброенага народу. Наўрад ці ва Ўкраіне хто-небудзь возьмецца за рэалізацыю пляну дыктатарскіх паўнамоцтваў. Ва Ўкраіне зараз парлямэнцка-прэзыдэнцкая мадэль. І парлямэнцкі складнік будзе павялічвацца. Гэта, хутчэй за ўсё, трэба прагназаваць. І паўнамоцтвы выканаўчай улады ўсё больш будуць канцэнтравацца ва ўрадзе — гэта сучасны трэнд.

Што тычыцца варыянту магчымай канцэнтрацыі прэзыдэнтам паўнамоцтваў, для гэтага няма ні магчымасьцяў у парлямэнце, ні магчымасьці інтэлектуальна навязаць грамадзтву такі парадак. Занадта шмат перашкод, каб ісьці гэтым шляхам.

Раман Бясьсьмертны на трыбуне Вярхоўнай Рады, архіўнае фота

Трэба разумець, што паўнамоцтвы, якія сканцэнтраваў Парашэнка, у першую чаргу былі рэалізаваныя ім як чалавекам, а не як прэзыдэнтам. І было гэта забясьпечана тым, што ягоная партыя разам з партыяй былога прэм’ера Яцанюка стварылі большасьць у парлямэнце, якая дазваляла прэзыдэнту дастаткова вольна трактаваць Канстытуцыю і законы Ўкраіны. У варыянце, калі парлямэнт і прэзыдэнт супрацьстаяць ці, мякка кажучы, дыскутуюць, такія паўнамоцтвы рэалізаваць прэзыдэнту ня ўдасца.

— Вы застаяцеся аптымістам?

— Я ня бачу небясьпекі ў цяперашняй сытуацыі пры любым выніку выбараў. Чамусьці шмат хто не зьвяртае ўвагі на тое, чаго чакаюць ад новага прэзыдэнта. А на першым месцы — зьніжэньне тарыфаў, 39% апытаных гэта задэкляравалі. Якіх намаганьняў пры цяперашняй міжнароднай сытуацыі на рынку вуглевадародаў будзе патрабаваць зьніжэньне тарыфаў? Аб’ёмы здабычы падаюць, дэфіцыт усё большы. Таму трэба або нарошчваць аб’ёмы сваёй здабычы, каб зьбіць цану — але хто на гэта пойдзе пры такой вонкавай агульнай тэндэнцыі? — або шукаць кампэнсатары, якія патрабуюць сродкаў, якіх не хапае, таму што ідзе вайна.

У новаабранага прэзыдэнта будзе дылема — як паступіць у гэтай сытуацыі, тым больш што гэты год — гэта калясальныя абавязаньні па зьнешніх і ўнутраных даўгах, амаль 13 мільярдаў даляраў трэба вярнуць запазычаньняў. Таму ня ўсё так проста. Я разумею, што з постсавецкай сьвядомасьцю шмат каму здаецца, што можна зрабіць так, як хочацца. Але згадайце 2010 год, калі ў Беларусі курс моцна ўзьляцеў. Ва Ўкраіне адміністрацыйныя мэханізмы немагчымыя, бо Ўкраіна вельмі моцна інтэграваная ва ўсясьветны рынак, а па асобных сэгмэнтах, як прыток валюты, цалкам залежыць. Рабіць нейкія рэзкія рухі, калі гэта адказная ўлада, значыць загубіць сябе, бо гэта імгненны ўдар па фінансавым здароўі, які спрычыніць інфляцыю і абвал. І ў такіх умовах вельмі хутка ўзброены народ выйдзе на вуліцу.

Хто такі Раман Бясьсьмертны

Палітычная кар’ера Рамана Бясьсьмертнага пачалася ў 1997 годзе, калі ён стаў прадстаўніком прэзыдэнта Леаніда Кучмы ў Вярхоўнай радзе. Пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва ўрадзе ў статусе віцэ-прэм’ера адказваў за правядзеньне адміністратыўна-тэрытарыяльнай рэформы.

Пазьней працаваў намесьнікам кіраўніка сакратарыяту прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, які ў апошнія дні свайго прэзыдэнцтва ў 2011 годзе прызначыў Рамана Бясьсьмертнага амбасадарам Украіны ў Беларусі. На гэтай пасадзе адпрацаваў менш за паўгода, а затым вярнуўся ва Ўкраіну і ва ўкраінскую палітыку.

Сёлета Раман Бясьсьмертны ўпершыню ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Яго падтрымалі крыху больш як 27 тысяч украінскіх выбарнікаў — 0,14% ад тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне

  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.

Ілюстрацыйнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрый Гардон: «Лукашэнка і Зяленскі зачаруюць адзін аднаго» 

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Расея пачне паважаць беларусаў, то гэта ўжо будзе не Расея». Вялікае інтэрвію Няўзорава