У беларускім дзіцячым тэхнапарку штогод будуць вучыцца каля дзьвюх тысяч найбольш адораных вучняў 6–11-х клясаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, паведаміў 15 красавіка супрацоўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч. Сюды найперш трапяць пераможцы алімпіяд, адмысловых конкурсаў і турніраў.
Галоўныя напрамкі вучобы: робататэхніка, 3D-мадэляваньне, інтэрнэт-праекты, інфармацыйныя тэхналёгіі — усяго каля 10.
Выкладаць прыцягнуць навукоўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук, ім прадугледжаныя высокія заробкі. Адмысловая адукацыйная праграма разьлічаная на 21 дзень. Затым дзеці паводле сваіх iндывiдуальных плянаў працягнуць вучыцца дыстанцыйна са сваімі пэдагогамі.
У інфраструктуры Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку будуць лябараторыі, вучэбныя клясы, навукова-дасьледніцкія пакоі. Таксама збудуюць інтэрнат на 300 месцаў. Пражываньне і харчаваньне — зь дзяржаўнага бюджэту.
12 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб стварэньні ўстановы адукацыі «Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк». Установа павінна запрацаваць да 1 студзеня 2021 году.
Першай краінай сьвету, дзе стварылі такі парк, стала Японія. Многія яго навучэнцы затым перайшлі ў «дарослыя» тэхнапаркі, працуюць у найбуйнейшых карпарацыях. З 2015 году такі парк дзейнічае ў Расеі, у 2020 годзе заплянавана адкрыць падобны ў Казахстане.
У Мінадукацыі Беларусі сказалі, што бяруць за прыклад расейскі досьвед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Менску працуе «разумная» майстэрня, дзе ствараюць электраровары і квадракоптэры. ФОТА