Мэдалёў павінна быць ня меней, чым на мінулых. Тады беларусы ўзялі 10 залатых, 11 срэбных і 22 бронзавыя мэдалі, у мэдальным заліку Беларусь была сёмая.
На нарадзе выканаўчага камітэту Нацыянальнага алімпійскага камітэту 15 красавіка ягоны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка выказаў пажаданьні для беларускіх спартоўцаў на II Эўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Беларусі 21–30 чэрвеня.
«У нас няма права выступаць на гэтых гульнях кепска, — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Хацелася б, каб гэтае патрабаваньне было даведзенае да спартоўцаў і трэнэраў. Настройвайце іх на барацьбу, нацэльвайце на перамогу».
Паводле Лукашэнкі, пляны на мэдалі на гульнях не агучваліся публічна, але «задача стаіць канкрэтная»: ня менш мэдалёў, чым было на мінулых гульнях, якія прайшлі ў 2015 годзе ў Баку. Лукашэнка выказаў спадзяваньні на цяжкую атлетыку, але наракаў на кепскія вынікі ў біятлёне, футболе і хакеі, хоць на іх «грошы патрацілі немалыя».
«Спорт сёньня ня проста нейкае забаўляльнае відовішча, — казаў ён. — Гэта бітва, калі хочаце – вайна, толькі не гарачая. Гэта найвышэйшая ідэалёгія, якая падымае дух народу ў любой дзяржаве».
Лукашэнка перакананы, што падчас гульняў да Беларусі «будзе прыкаваная ўвага сусьветнай супольнасьці», таму трэба паказаць, «што на нашай зямлі створаныя камфортныя, і, што важна, бясьпечныя ўмовы для жыцьця і самарэалізацыі чалавека».
Таксама Лукашэнка наракаў, што Нацыянальны алімпійскі камітэт, якім ён кіруе, «збавіў абароты»: не праводзяцца «рэзанансныя мерапрыемствы» ў алімпійскай адукацыі і дзіцяча-юнацкім спорце, «павеяла нейкім халадком у стасунках з фэдэрацыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка заклікае спартоўцаў да «вайны»Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.