Папа Рымскі Францішак 11 красавіка прыняў у Ватыкане палітычных і царкоўных лідэраў Паўднёвага Судану і пацалаваў ім ногі, каб заахвоціць да замірэньня і пераадолець рознагалосьсі.
На двухдзённай сустрэчы ў Ватыкане папа папрасіў прэзыдэнта Паўднёвага Судану Сальву Кііра і лідэра апазыцыі Рыека Мачара заключыць мірнае пагадненьне. Затым, насуперак пратаколу, пантыфік стаў на калені і пацалаваў ногі абодвум, гэтаксама ён зрабіў і ў дачыненьні да трох віцэ-прэзыдэнтаў Паўднёвага Судану.
Папа звычайна робіць рытуал абмываньня ног вязьням у Вялікую (Пакутную) сераду, але ён ніколі не рабіў такога жэсту да палітычных лідэраў.
«Я выказваю шчырую надзею, што ваенныя дзеяньні канчаткова спыняцца», — сказаў папа Францішак.
Лідэры Паўднёвага Судану не зрабілі ніякіх заяў у адказ на заклік да міру.
Грамадзянская вайна ў Паўднёвым Судане прывяла да гібелі сама меней 400 тысяч чалавек і вымушанага перасяленьня дзясяткаў тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі часовае кіраўніцтва Судану прытрымлівацца волі народу