Літва адклікала для з Расеі свайго амбасадара праз пагрозы

©Shutterstock

Міністэрства замежных справаў Літвы адклікала для кансультацыяў амбасадара ў Расеі Рэмігіюса Матузаса.

Як піша Delfi, прычыны дзьве: па-першае, ён сьведка ў дасудовым расьсьледаваньні аб непразрыстай выдачы візаў, а па-другое, яму прыходзілі пагрозы, не зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю.

Паводле міністра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса, карупцыйнае расьсьледаваньне, у якім Рэмігіюса Матузас фігуруе спэцыяльным сьведкам, зьвязанае ў тым ліку з Расеяй, таму «яму некаторы час лепей ня ехаць у гэтую краіну».

У справе ўжо выставілі абвінавачаньні грамадзяніну Расеі, былому амбасадару Літвы ў Расеі Рымантасу Шыдлаўскасу, якога вінавацяць у атрыманьні хабару за спрыяньне ў выдачы візаў расейскаму бізнэсоўцу Рынату Насыраву. Насыраў і Шыдлаўскас затрыманыя.

Пагрозы, як сьцьвярджае літоўскі бок, былі зьвязаныя са «справай 13 студзеня». Два тыдні таму ў Літве за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці быў асуджаны цэлы шэраг людзей, зьвязаных з забойствам пратэстоўцаў у 1991 годзе. Большасьць судзілі завочна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне ня выдадуць», — былы намесьнік міністра абароны Беларусі, якога ў Літве прызналі ваенным злачынцам

Былы міністар абароны СССР Дзьмітрый Язаў быў завочна асуджаны да 10-ці, а былы афіцэр КДБ Міхаіл Галаваты — да 12-ці гадоў пазбаўленьня волі. Перад судом паўсталі толькі два савецкія афіцэры, грамадзяне Расеі — затрыманы ў Літве з 2014 году Юры Мель і Генадзі Іваноў, які жыве ў Вільні. Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да чатырох судзьдзяў Віленскага акруговага суду, якія судзілі Язава.​