Што ня так з гаспадаркай, якой апякуецца сам Лукашэнка. Рэпартаж з «Купалаўскага»

Былыя супрацоўнікі нашумелай на ўсю краіну гаспадаркі расказваюць, чаму ідэя прэзыдэнта стварыць ідэальную гаспадарку цярпіць паразу.

Аграхолдынг «Купалаўскае» нашумеў на ўсю краіну ў канцы сакавіка, калі Аляксандар Лукашэнка ўбачыў на адной зь яго малочных фэрмаў «абаср... ных кароў». Непрыемнае відовішча каштавала пасадаў кіраўніцтву раёну, вобласьці і двум міністрам.

Сьледчы камітэт завёў некалькі крымінальных спраў за растрату маёмасьці. Камітэт дзяржаўнага кантролю праверыў дзейнасьць малочных фэрмаў па ўсёй Беларусі. Дайшло да таго, што прэс-служба Лукашэнкі апублікавала адмысловы зварот кіраўніка краіны.

«Я хачу, каб людзі разумелі, што пытаньне ня столькі ў тым, што там каровы брудныя, — тлумачыў кіраўнік краіны свае рэзкія выказваньні. — Гэта проста людзі ня ведаюць, што тыя каровы абышліся краіне на вагу золата... Людзі не навучыліся быць удзячнымі. А ім проста не сказалі, што гэта за кошт усёй краіны пабудавалі комплекс, што стварылі самыя лепшыя ўмовы для таго, каб атрымлівалі добры заробак, каб мелі працу».

Свабода на месцы разьбіралася, у чым сакрэт прэзыдэнцкай увагі да «Купалаўскага» і ці мае скандальная гаспадарка шанец стаць пасьпяховай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі перайшла ў фазу надзвычайнага папулізму, — палітоляг

«Скажыце начальству, каб далі пэнсіянэрам трактар»

«А я што, я нічога, я ў 55 гадоў на пэнсію пасьпеў выйсьці, і ўсё, — задаволены ўласным посьпехам, расказвае Коля, жыхар аграгарадка Славені. — Пэнсія ў мяне 350 рублёў, нармальна. Гарод, гаспадарка. Пражыву неяк».

Коля

Коля разам з жонкай і малодшай дачкой выбірае на двары свайго дома бульбу на пасадку. Зь вялікай кучы трэба выбраць лепшую і скласьці ў мяхі. Дакладней, гэтым займаюцца жонка з дачкой, сам Коля працаваць ня вельмі можа, проста сядзіць побач. Пасьля 35 гадоў у калгасе на трактары ў Колі адмаўляецца працаваць нага. Празь дзясятак хвілінаў размовы ён прызнаецца, што 350 рублёў пэнсіі хапае толькі «на паесьці». Каб набыць нешта апрануцца, трэба садзіць бульбу і іншую гародніну.

«А вы да начальства калгаснага пойдзеце? — пытаецца Коля. — То калі пойдзеце, скажыце, каб даў пэнсіянэрам тэхніку бульбу пасадзіць. А то нам яны кажуць, што няма магчымасьці. Раней заўсёды давалі пэнсіянэрам, хто ў калгасе працаваў усё жыцьцё. Зараз толькі калі самі ўсе працы паробяць, толькі тады могуць даць».

Славені

Славені, дзе жыве Коля, — самае буйное паселішча «Купалаўскага». Крамы, дзіцячы садок, два пяціпавярховікі для спэцыялістаў, некалькі дагледжаных вуліц з ходнікамі і роўным асфальтам, сьвежапабеленыя дрэвы. Насельніцтва — каля тысячы чалавек. Школы толькі няма — дзяцей возяць у суседняе Забродзьдзе.

Амаль усе жыхары пасёлка працуюць у аграхолдынгу. Мясцовыя расказваюць, што, уладкаваўшыся працаваць у «Купалаўскім», можна лёгка атрымаць кватэру ў адным зь пяціпавярховікаў. Вось толькі ахвотных ня вельмі шмат. Моладзь зьяжджае ў Магілёў ці ў Менск. Старэйшыя — на працу ў Шклоў альбо ў Расею. Дайшло да таго, што на некаторых фэрмах і філіялах холдынгу рабочыя працуюць без выходных.

Па словах мясцовых, большасьць насельніцтва Славеняў - пэнсіянеры

«Ніхто вам нічога ня скажа»

На мэхдвары кіпіць праца. Цяжкія самазвалы, магутныя трактары, нямецкі і айчынны камбайны. Рабочыя бегаюць, маладыя спэцыялісты запісваюць нешта ў нататнікі. Кіруе ўсім гэтым інжынэр Уладзімер Віктаравіч. З журналістамі ён пагаджаецца пагаварыць не без ваганьняў. Вельмі просіць не фатаграфаваць. Прабачаецца, што ня можа адказаць на ўсе пытаньні, і накіроўвае да высокага начальства: «Там лепш ведаюць».

«Калі коратка, то я маю надзею, што „Купалаўскі“ за некалькі гадоў зможа выйсьці на высокі ўзровень, — кажа Ўладзімер Віктаравіч. — Ня ўсё адразу, гаспадарцы толькі два гады. Ёсьць праблемы, але ёсьць і посьпехі. Спадзяюся, усё атрымаецца».​

Па словах інжынэра, мэханізатары зь ягонага мэхдвара зарабляюць у сярэднім 1500 рублёў на месяц. Іншыя рабочыя менш, але таксама нармальна. Ён прызнае, што празь недахоп кадраў даводзіцца часам працаваць без выходных, але «гэта сельская гаспадарка, тут без такога ніяк».

Мэхдвор

Мясцовыя пэнсіянэры, расказваючы пра сваё жыцьцё ў Славенях, аднагалосна папярэджваюць: «Ніхто вам тут нічога ня скажа, усе баяцца». Сакрэтнасьць тлумачаць павышанай увагай да «Купалаўскага» з боку мясцовага і абласнога начальства. Частыя візыты сюды Лукашэнкі абмяркоўваюць, сьцішыўшы голас.

«Да аб’яднаньня (у аграхолдынг „Купалаўскі“. — РС) у нас на комплексе заробак быў 1000 рублёў, — на ўмовах ананімнасьці пагаджаецца расказаць адна з супрацоўніц. — Цяпер — 700–800 рублёў у месяц. Падаць стала. І гэта людзі працуюць без выходных. Як пайшлі ў сем, так у сем і вярнуліся. Ніхто дадатковы час не аплочвае. Да аб’яднаньня было ня так. Мелі стабільны заробак, своечасовы. Цяпер могуць на дзьве часткі падзяліць, як захочуць. Шмат хто звольніўся, новых няма. Жыльлём спрабуюць завабіць, але людзі ня вельмі едуць. Сямей дзесяць толькі прыехала. Моладзь прыходзіць толькі па разьмеркаваньні, потым зьяжджае. Я застаюся, бо прывыкла. Нарадзілася тут».

Жанчына расказвае, што мясцовыя добра памятаюць леташні прыезд Лукашэнкі ў Славені. Тады ён раскрытыкаваў працу комплексу, аднак пасьля ад’езду кіраўніка краіны сытуацыя ня надта палепшылася.

«Стала больш патрабаваньняў толькі, — расказвае жанчына. — Пра візыт Лукашэнкі ў Сьліжы мы таксама ведаем, чыталі ў інтэрнэце. Фэрма там заўсёды была нармальная. Ад кіраўніцтва нашага таксама шмат патрабуюць, ужо чацьвёрты дырэктар у „Купалаўскім“. Ад нас райвыканкам патрабуе, ад райвыканкаму — аблвыканкам, з аблвыканкаму — міністры. Ня ведаю я, што трэба рабіць. Людзі і так выкладваюцца. Зацікавіць іх трэба. Заробкамі хаця б стабільнымі. А тут пастаянна зразаюць і зразаюць. Хто будзе хацець працаваць у такіх умовах?»

«Гэты праект — дзяржаўнай важнасьці»

Наконт частых зьмен кіраўніцтва наша суразмоўніца не перабольшвае.

За паўтара года, што прайшлі з моманту рэгістрацыі ААТ «Купалаўскае», у холдынгу ўжо чацьвёрты дырэктар. Больш за іншых адпрацаваў Дзьмітрый Васілеўскі, які да «Купалаўскага» ўзначальваў Дрыбінскі райвыканкам. 31 сакавіка мінулага году Васілеўскага знайшлі ў пятлі ў лесе ля вёскі Нічыпаровічы. За дзень да гэтага мужчыну споўнілася 45 гадоў. Родныя нябожчыка расказвалі журналістам, што зьвязваюць яго самагубства з завышанымі патрабаваньнямі ад раённага начальства. Тое самае кажуць і супрацоўнікі холдынгу.

«Далі чалавеку стол абаср... ы, табурэтку і сказалі паказаць вынік, — просячы не называць імя, кажа адзін з калгасьнікаў. — Вось ён і ня вытрымаў. Нармальны мужык быў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук

Пасьля Васілеўскага «Купалаўскае» некалькі месяцаў узначальваў Аляксандар Харашкевіч (да верасьня 2018-га). Затым галоўным стаў Васіль Шэшнеў, якога з пасады зьнялі ня вельмі чыстыя каровы малочнатаварнай фэрмы «Сьліжы». З 26 сакавіка 2019 году холдынгам кіруе Васіль Віцюноў, які раней займаў пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Як расказваюць мясцовыя, усяго год таму менавіта ён патрабаваў высокіх паказчыкаў ад першага дырэктара Васілеўскага.

Частка вёсак на тэрыторыі «Купалаўскага» абязьлюднела. Старыя дамы зьнішчаюць з дапамогай тэхнікі

Рэшткі царквы ў Сьліжах

Гісторыя «Купалаўскага» пачалася ў лістападзе 2016 году, калі кіраўнік краіны чарговым разам прыехаў з інспэкцыяй на сваю малую радзіму. Тады Лукашэнка прапанаваў стварыць новы аграхолдынг, аб’яднаўшы гаспадаркі «Амкадор-Шклоў», «Вялікія Славені», «Новагарадзішчанскае» і «Новае Юбілейнае». Новую гаспадарку зарэгістравалі праз восем месяцаў. Напачатку 92% яе акцый належалі бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, і толькі 8% — Шклоўскаму райвыканкаму. У ліпені 2018 году ўвесь пакет акцый новага аграхолдынгу перайшоў ва ўласнасьць Шклоўскага раёну.

«На прыкладзе холдынгу „Купалаўскае“ я хачу паказаць, якой павінна быць сельгасвытворчасьць у XXI стагодзьдзі», — казаў кіраўнік краіны ў ліпені 2017 году, калі зноў прыехаў у Копысь. І дадаў, што хоча зрабіць новую гаспадарку яшчэ больш пасьпяховай, чым вядомае на ўсю краіну ААТ «Александрыйскае».

Новая забудова ў Акунёўцы, дзе жывуць работнікі "той самай" малочнай фэрмы

Падчас наступнага візыту, у чэрвені 2018 году, кіраўнік краіны наведаў адну з частак холдынгу — ААТ «Вялікія Славені». Мясцовыя расказваюць, што застаўся незадаволены.

«Трэба наводзіць гэты глянец, — даводзіў тады кіраўнік краіны супрацоўнікам аграхолдынгу. — Вы павінны працаваць, як працуе фэрмэр, прыватнік. Гэты праект (холдынг „Купалаўскае“. — РС) — дзяржаўнай важнасьці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягнуліся ў сур’ёзны праект. Працы ідуць вельмі павольна, бессыстэмна».


«Паеду ў Шклоў, нічога тут ня будзе»

26 сакавіка 2019 году Лукашэнку прывезьлі на малочнатаварную фэрму «Сьліжы», якая з восені 2017 году таксама ўваходзіць у «Купалаўскае». Пра вынікі гэтага візыту напісалі ўсе буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі крыўдна мне за „Асьвенцім“, хлопцы!» Рэпартаж з той самай малочнай фэрмы. ФОТА

«Я за некалькі дзён да прыезду Лукашэнкі звольнілася, не знайшла агульнай мовы з начальнікам, — расказвае Ірына, якая год адрабіла на той самай фэрме. — Начальнік спачатку нармальна ставіўся да мяне, потым усё горш. Я ня вытрымала і сказала, каб сам цялят цягаў, калі так хоча. Заробак у мяне быў 600–700 рублёў, а потым неяк 320. Мала. Больш за 500 мала хто на фэрме зарабляе. Даяркі толькі хіба. Сястра мая ўладкавалася, ёй абяцалі 1000. Але як атрымлівала 500, так і атрымлівае».

Ірына

Ірыне 30 гадоў, разам з сынам яна жыве ў Сьліжах, побач з малочнай фэрмай. Да фэрмы была ў Шклове прадавачкай, пасьля нарадзіла. Спадзявалася, што атрымае ад калгаса жыльлё. Не атрымала. Муж Ірыны зьехаў на заробкі ў Расею. Жанчына зьбіраецца альбо вярнуцца ў Шклоў, альбо паспрабаваць уладкавацца ў больш пасьпяховыя Славені.

«Маладых мала тут, — кажа Ірына. — Дзеці ж ва ўсіх, заробку не хапае. Працы, акрамя як у калгасе, няма. Каб людзі заставаліся, трэба больш плаціць. І каб стаўленьне да людзей нармальнае было. Бяз гэтага ніхто не застанецца. Гаворыш адно начальніку, а ён матам у адказ. Каэфіцыенты ставяць якія хочуць. Паеду ў Шклоў. Нічога тут ня будзе. Не хачу больш на комплексе рабіць».

«Немагчыма стала працаваць»

Сяргей Мікалаевіч Купрэеў таксама жыве ў Сьліжах. Кажа, што пражыў тут усё жыцьцё і пераяжджаць ужо не зьбіраецца. У мясцовы калгас ён прыйшоў на працу яшчэ «за саветамі». Мог бы працаваць і цяпер, але звольніўся празь некалькі месяцаў пасьля ўтварэньня «Купалаўскага». Кажа, што ня верыць у будучыню аграхолдынгу.

«Начальнікам я тут быў, начальнік участка мэханізацыі і над паляводамі, — расказвае Сяргей Мікалаевіч. — Да „Купалаўскага“ тут было „Юбілейнае“, невялічкая гаспадарка. Калі б яе крыху падтрымалі, то і цяпер нармальна было б. Каб ня гэтае аб’яднаньне. А як пачалося аб’яднаньне ў „Купалаўскае“, то адразу пайшло-паехала ўсё».

Па словах Купрэева, новай гаспадарцы спатрэбіліся крэдыты на будаўніцтва, на тэхніку, якой часта набывалі неабгрунтавана шмат. У выніку новыя трактары прастойвалі на мэхдвары і ніяк не выкарыстоўваліся.

Сяргей Мікалаевіч

​«Малая гаспадарка — гэта, канечне, лепш, — перакананы былы брыгадзір. — Узяць тую ж Польшчу, там жа невялікія працуюць гаспадаркі, фэрмэры, няма такога, як тут у нас — набудавалі дамы адпачынку для кароваў. З „Купалаўскага“ я датэрмінова звольніўся, немагчыма стала працаваць. Абы-што стала. Прыедуць яны (кіраўніцтва „Купалаўскага“. — РС) да нас і глядзяць як на меншых братоў. І мы павінны хадзіць пад імі як невядома хто. Мы ніхто тады».

«Я калі працаваў, то сам быў з раніцы да вечара на працы і зь іншых патрабаваў, — кажа былы брыгадзір. — А зараз нікому нічога ня трэба. Вось поле, тут тры дні араў мэханізатар. У мяне сэрца крывёю аблівалася. Ніводзін начальнік не прыедзе, не праверыць, што ён тут робіць. Мяне звалі вярнуцца, я не пайшоў. Не магу, сяджу дома. У мяне дома карова, сьвіньні, усё як мае быць. Адна карова на ўсю вёску. Некалі было 70 кароў у Сьліжах, цяпер засталася адна».

Школа ў Акунёўцы

Сядзіба "Купалаўскага"

Былы калгасны брыгадзір Сяргей Купрэеў задумваецца, калі чуе пытаньне пра пэрспэктывы «Купалаўскага». Кажа, што на яго «вельмі-вельмі складана адказаць».

«Тут усё так закрэдытавана... За стары комплекс не разьлічыліся, новы пачалі будаваць, — кажа Купрэеў. — Людзей мала. Начальнікам, якія тут цяпер кіруюць, трэба пад іх падстройвацца. А людзі тут якія? Заробак атрымаў, або падкалыміў недзе, то на наступны дзень можа ўжо не прыйсьці на працу. Звальняюць, потым назад бяруць. А хто працаваць будзе? Няма нікога».

Былы брыгадзір прызнаецца, што сыходзіць з гаспадаркі, дзе адпрацаваў усё жыцьцё, было вельмі крыўдна. Тым больш што расставаньне выйшла непрыгожае. Купрэеў напісаў заяву на звальненьне па стане здароўя, пакінуў яе начальству і ня выйшаў на працу. У выніку атрымаў звальненьне «па артыкуле» за прагул. Цяпер атрымлівае пэнсію 340 рублёў.

​Новапрызначаны дырэктар «Купалаўскага» Васіль Віцюноў размаўляць з журналістамі Свабоды адмовіўся без тлумачэньня прычын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін раён Лукашэнка крытыкуе, другі хваліць. Параўноўваем