Будаўніцтва элітнага жытла ў цэнтры Берасьця на месцы былога гета ня спыненае, нягледзячы на скасаваньне інвэстыцыйнай дамовы з інвэстарам і пратэсты грамадзкасьці.
У афіцыйным лісьце пракуратуры Берасьця паведамляецца, што 8 красавіка 2019 году інвэстыцыйная дамова з забудоўшчыкам элітных дамоў на месцы расстрэлаў і пахаваньня ахвяраў гета была скасаваная.
Але, як паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні архітэктуры і будаўніцтва Берасьцейскага гарвыканкаму, саму будоўлю гэта не спыніла.
Пракуратура Берасьця: «Падстаў для рэагаваньня ня выяўлена»
Пракуратура Берасьця даслала пісьмовы адказ на запыт архітэктара, доктара навук Ірыны Лаўроўскай. Спадарыня Лаўроўская пыталася, на падставе якіх дакумэнтаў у Берасьці вядзецца будоўля ў квартале, абмежаваным вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспэкта Машэрава, дзе сёлета ў студзені знайшлі парэшткі 1140 чалавек.
У адказе пералічваюцца дакумэнты, паведамляецца, што праект прайшоў усе дзяржаўныя экспэртызы, узгоднены зь Міністэрствам культуры. Таксама Лаўроўскую пераконваюць, што пошукавыя працы ў паласе забудовы, а таксама на тэрыторыі, якая прылягае да месца расстрэлу, завершаныя, парэшткі ахвяраў будуць пахаваныя ў брацкай магіле на Паўночных могілках Берасьця.
«Падстаў для прыняцьця захадаў пракурорскага рэагаваньня па выніках разгляду звароту ня выяўлена», — робіць выснову пракуратура Берасьця.
«08.04.2019 інвэстыцыйная дамова скасаваная. У сувязі з чым Берасьцейскім гарвыканкамам разглядаецца пытаньне магчымага правядзеньня добраўпарадкаваньня тэрыторыі ўнутры квартала з выкарыстаньнем дадатковых элемэнтаў», — паведамляецца ў афіцыйным адказе, падпісаным намесьнікам пракурора гораду А. Ралінскім.
Лаўроўская: «Па сутнасьці майго звароту мне не адказалі»
Ірына Лаўроўская адказам пракуратуры не задаволеная. Па-першае, яна зьвяртае ўвагу, што пісала ліст у Генэральную пракуратуру Беларусі, а зварот «спусьцілі» ў пракуратуру гораду, якая пайшла па звыклым шляху — тлумачэньня працэдуры.
«У першым сказе яны паведамляюць, што інвэстыцыйная дамова скасаваная, а ў другім — што плянуецца добраўпарадкаваньне ўнутры квартала. У мяне адразу ж паўстае пытаньне: якога квартала, пра што гаворка? Калі інвэстыцыйная дамова скасаваная, павінен быць іншы праект».
Па-другое, кажа Лаўроўская, па сутнасьці яе звароту не адказалі:
«Я пісала запыт аб праверцы адпаведнасьці прынятых рашэньняў нашаму заканадаўству, аб праверцы працэдуры ўвядзеньня праекту ў рабочы стан, як і калі быў дадзены дазвол на правядзеньне будаўнічых прац. Бо павінны быць праведзеныя папярэднія дасьледаваньні (шуфтавыя ды іншыя), а археолягаў паклікалі, калі былі знойдзеныя парэшткі людзей. Таму ў мяне застаецца шмат пытаньняў. Пакуль разважаю, куды і як зьвяртацца», — кажа архітэктарка Ірына Лаўроўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі актывіст усклаў вянкі да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму. ФАТАФАКТЗабудоўшчык: «Праект лічым годным»
Жыхары Берасьця 11 красавіка паведамілі Свабодзе, што будоўля на гэтым месцы ідзе поўным ходам, на пляцоўцы шмат тэхнікі і рабочых.
6 красавіка ў газэце «Вечерний Брест» было апублікавана інтэрвію з дырэктарам ТАА «Прыбускі квартал» Уладзімерам Бірулем, які запэўнівае, што «месца пахаваньня не трапляе ў саму пляму забудовы жылога дома». Уладзімер Біруля ня думае адмаўляцца ад будаўніцтва на гэтым месцы элітнага жытла.
«Праект лічым годным. Ён гарманічна ўпісаўся б у існуючую архітэктуру гораду. І мы, канечне, зацікаўленыя ў тым, каб праект быў рэалізаваны ў поўным аб’ёме», — заявіў Уладзімер Біруля.
Гарвыканкам: Скасаваньне інвэстыцыйнай дамовы не азначае спыненьня будаўніцтва
Намесьнік начальніка ўпраўленьня архітэктуры Берасьцейскага гарвыканкаму Ягор Дабруноў пацьвердзіў Свабодзе, што будоўля ў гэтым квартале працягваецца. Ён патлумачыў, што інвэстыцыйная дамова не ўплывае на працэс будаўніцтва.
«Будаўніцтва можа весьціся ў межах інвэстыцыйнай дамовы, а таксама і пасьля спыненьня інвэстыцыйнай дамовы. Інвэстыцыйная дамова існуе паралельна, яна проста дае прэфэрэнцыі забудоўшчыку. Да прыкладу, калі забудоўшчык не ўкладаецца ў тэрміны, інвэстыцыйная дамова можа скасавацца, але будоўля будзе весьціся і далей — па агульных нормах, з агульным падаткаабкладаньнем і гэтак далей.
Так што скасаваньне інвэстыцыйнай дамовы не азначае спыненьня будаўніцтва.
Пошукавы батальён свае працы завяршыў, усе парэшткі будуць перапахаваныя, межы пахаваньняў вызначаныя. Так што будаўніцтва будзе працягвацца да поўнага заканчэньня», — сказаў Свабодзе Ягор Дабруноў.
У Берасьці выявілі парэшткі вязьняў гета. Што важна ведаць
У Берасьці на будоўлі жылога комплексу «Прыбускі квартал» выявілі парэшткі вязьняў гета, расстраляных падчас нямецкай акупацыі. Дом мусяць узьвесьці на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава.
- Пошукавыя работы на месцы знаходжаньня парэшткаў вяліся з 24 студзеня па 26 сакавіка. Выяўленыя парэшткі 1214 чалавек.
- Сусьветны габрэйскі кангрэс заклікае спыніць будаўніцтва дома. Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісаліся больш 745 чалавек. На момант публікацыі будаўніцтва не спынілі.
- Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук заявіў, што ад краю фундамэнту будынка да пахаваньня — 5 мэтраў. На месцы, дзе выявілі парэшткі, ён паабяцаў арганізаваць зялёную зону і мэмарыяльную пліту. Ён заявіў, што парковак і дзіцячых пляцовак на месцы пахаваньняў ня будзе.
- Парэшткі плянуюць перапахаваць у траўні на берасьцейскіх могілках «Паўночныя» побач з усталяваным у 2011 годзе помнікам ахвярам Галакосту.