Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць «Саюзу сыбірскіх цюркаў» — па шаблёне «Саюзу вызваленьня Беларусі»


Помнік рэпрэсаваным у Хакасіі
Помнік рэпрэсаваным у Хакасіі

85 гадоў таму, у канцы зімы 1934-га, на поўдні Сыбіру на працягу некалькіх дзён было арыштавана каля 40 чалавек. Усе яны былі прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі Хакасіі, Горнага Алтаю і Шорыі.

Так пачалося справа гэтак званай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз сыбірскіх цюркаў». Гэтыя рэпрэсіі моцна нагадваюць крыху ранейшую справу гэтак званага «Саюзу вызваленьня Беларусі», распачатую савецкімі рэпрэсіўнымі органамі ў Беларусі ў 1930 годзе.

Арыштаваных у Сыбіры абвінавацілі ў тым, што яны нібыта хацелі зрынуць савецкую ўладу і аб’яднаць Паўднёвы Сыбір у незалежную дзяржаву пад пратэктаратам Японіі. Яны былі прысуджаныя да некалькіх гадоў лягераў паводле артыкулаў аб падрыхтоўцы збройнага чыну, актыўных дзеяньнях да ажыцьцяўленьня контррэвалюцыйнага злачынства. Семярых чалавек апраўдалі. Але гэта быў не фінал гісторыі.

У 1937-м годзе, з пачаткам Вялікага тэрору, органы НКУС у Хакасіі аднавілі расьсьледаваньне па справе «Саюзу сыбірскіх цюркаў». Абвінавачаных пакаралі сьмерцю. Нашчадкі рэпрэсаваных дагэтуль шукаюць, дзе пахаваныя іх бацькі і дзяды.

«Так павялося, што ў нас дома пра рэпрэсіі амаль не казалі. Так было амаль у кожнай сям’і, незалежна ад году ці артыкулу. Я доўгі час наогул нічога ня ведала. І я памятаю зь дзяцінства, як дзядуля сюды прыяжджаў. Але я тады нават не ўяўляла, што мой дзед праходзіў па гэтай справе», — расказвае Валянціна Тугужэкава.

Яна кіруе Хакаскім навукова-дасьледчым інстытутам мовы, літаратуры і гісторыі ў Абакане. Пры яе ўдзеле напісана некалькі прац, прысьвечаных рэпрэсіям на поўдні Сыбіру. Стрыечны дзядуля Валянціны Мікалаеўны, Іван Іванавіч Кокаў, быў адным з удзельнікаў «Саюзу сыбірскіх цюркаў».

«Папрацаваўшы ў архівах Новасыбірску, хакаскі гісторык Сяргей Карлаў склаў і апублікаваў сьпіс з 37 абвінавачаных на працэсе 1934 году ў справе „Саюзу сыбірскіх цюркаў“. Тры чалавекі пазьбеглі рэпрэсій, таму што ўцяклі — матэрыялы па іх былі вылучаныя ў спэцыяльную вытворчасьць. Мой дзядуля застаўся цэлы, таму што, як толькі ён зразумеў, што цяпер іх арыштуюць, ён зьехаў у Туву. А Тува у той час не была ў складзе СССР. Усе, хто прайшлі па справе, былі адукаванымі людзьмі. Гэта літаратары, настаўнікі. Іван Іванавіч Кокаў — першы рэдактар нацыянальнай газеты „ХызылАал“», — распавядае Валянціна Тугужэкава.

У 1932 годзе прадстаўнікі хакаскай інтэлігенцыі зьбіраліся на кватэрах і абмяркоўвалі ідэю стварэньня аўтаноміі для цюркскіх народаў на поўдні Сібіру. Лідэрамі руху пад назвай «Саюз аб’яднаньня цюркскіх народаў Сыбіру» сталі Канстанцін Майтакаў — сакратар Хакаскага абласнога аддзелу народнай адукацыі і Аляксандр Тапанаў — драматург, у гонар якога цяпер названы Нацыянальны тэатар Хакасіі.

«Упершыню ў 20-я гады праблему аб’яднаньня цюркскіх народаў паставіў Георгій Ітыгін, першы старшыня павятовага камітэту. Ён лічыў, што трэба аб’яднаць цюркскія народы Паўднёвага Сыбіру, каб вырашыць праблемы культурнага будаўніцтва. Таму што тады і алтайцы, і шорцы, і хакасы займаліся стварэньнем алфавіту. Яго пачалі ствараць яшчэ пасьля рэвалюцыі шэраг прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, якія навучаліся ў Краснаярску. І ў 1932 годзе адукаваныя людзі вярнуліся да такой ідэі, а ў 1934-м яны пачалі разьяжджаць па сёлах і агітаваць за аб’яднаньне цюркскіх народаў. Першапачаткова плянавалася, што будуць хакасы, алтайцы і шорцы, потым вырашылі, што і Туву трэба таксама ўключаць. Яны лічылі, што паасобку ім будзе складана вырашыць многія пытаньні. Да прыкладу, у галіне адукацыі. Гэтая ідэя не разыходзілася ні з Канстытуцыяй СССР, ні з тымі задачамі, якія кіраўніцтва ставіла перад краінай. Тым не менш, іх абвінавацілі», — распавядае Валянціна Тугужэкава.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG