11 красавіка 2011 году ў 17.45 на станцыі менскага мэтро «Кастрычніцкая» адбыўся выбух самаробнай бомбы, ад якога загінула і памерла ад ран 15 чалавек, а больш за 300 чалавек атрымалі раненьні і траўмы.
Здарэньне было прызнана тэрактам, на расьсьледаваньне і пошук злачынцаў кінулі вялікія сілы праваахоўнікаў, і ўжо празь некалькі дзён зьявілася паведамленьне, што падазраваныя ў зьдзяйсьненьні тэракту затрыманыя. Імі аказаліся жыхар Віцебску Дзьмітрый Канавалаў і ягоны сябар Уладзіслаў Кавалёў, які працаваў у Менску электрыкам.
Суд над імі адбыўся ў канцы 2011 году, абодвух прызналі вінаватымі ў зьдзяйсьненьні тэракту і асудзілі на сьмерць.
Пасьля суду над Канавалавым і Кавалёвым беларускія ўлады заявілі, што ўся праўда пра тэракт раскрытая і засталося толькі палепшыць сыстэму бясьпекі ў мэтро. Што было зроблена дзеля гэтага з 2011 году?
- Праверкай рэчаў пасажыраў занялася міліцыя, якая ў 2012 годзе саступіла гэтую функцыю ўласнай службе бясьпекі менскага мэтрапалітэну.
- На ўсіх 29 станцыях менскага мэтро абсталяваныя зоны надгляду (іх 51), дзе ўсталяваныя адмысловыя прылады для праверкі габарытных рэчаў, якія пасажыры праносяць у мэтро. Гэта дапамагаюць зрабіць рэнтгенаграфічныя сканэры, рамкі-мэталашукальнікі, відэакамэры.
- Інспэктары службы бясьпекі мэтро, якія дзяжураць на станцыях, карыстаюцца мэталашукальнікамі і газааналізатарамі пары выбуховых рэчываў.
- На выпадак знаходжаньня выбуховага прыстасаваньня ў інспэктараў ёсьць і пераносныя прылады лякалізацыі выбуху «Фантан».
- У менскім мэтро працуе больш за 2 тысячы відэакамэр. Сыстэмамі відэаназіраньня забясьпечаныя таксама абодва электрадэпо мэтрапалітэну.
Што затрымала ахова мэтро?
Штодня менскае мэтро перавозіць да аднаго мільёна пасажыраў. Ня ўсе зь іх нясуць з сабой у падземку толькі тое, што дазваляюць правілы бясьпекі. Паводле прэсавай службы мэтро, у 2018 годзе інспэктары бясьпекі не далі пранесьці ў мэтро больш за 4,5 тысячы прадметаў. Сярод іх:
- 5 адзінак зброі
- 7 боепрыпасаў
- 58 нажоў
- больш за 1 тысячу піратэхнічных вырабаў
- 336 балёнаў з газам
Як судзілі за выбух у мэтро?
Што трэба ведаць пра суд над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якіх прызналі тэрарыстамі?
Цалкам віну ў зьдзяйсьненьні тэракту, паводле сьледзтва, прызнаў толькі Дзьмітрый Канавалаў. Уладзіслаў Кавалёў не адмаўляў, што дапамагаў сябру ў перавозцы выбуховага рэчыва, але не пацьвердзіў у судзе, што да канца ведаў пра ягоныя пляны.
Застаўся нявысьветленым матыў тэракту. У абвінавачаньні, якое пракуратура выставіла меркаваным тэрарыстам, значылася, што праз выбух самаробнай бомбы яны плянавалі «дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне», аднак не было тлумачэньня, дзеля чаго гэта ім спатрэбілася. Дзьмітрый Канавалаў на судзе адмовіўся ад паказаньняў і нічога не патлумачыў пра свае мэты, а Ўладзіслаў Кавалёў адмаўляў, што зьбіраўся ўдзельнічаць у тэракце.
Выклікае пытаньні надзвычайная хуткасьць, зь якой быў выкананы прысуд — вышэйшая мера пакараньня Канавалаву і Кавалёву. Прысуд ім быў вынесены Вярхоўным судом у канцы лістапада 2011 году і па законе не падлягаў абскарджваньню, але ў асуджаных заставалася права на памілаваньне. Неўзабаве Ўладзіслаў Кавалёў ім скарыстаўся і падаў адпаведнае прашэньне на імя Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку 2012 году Кавалёў таксама падаў скаргу на прысуд Вярхоўнага суду ў Камітэт правоў чалавека ААН, дзе яна была зарэгістраваная. Але, не дачакаўшыся разгляду скаргі, прысуд Уладзіславу Кавалёву прывялі ў выкананьне. Пра гэта сваякам асуджанага паведамілі зь Вярхоўнага суду 17 сакавіка 2012 году. Пазьней улады публічна прызналі, што і прысуд Дзьмітрыю Канавалаву быў выкананы ў тыя ж дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чавэс, Няміга і тэракт у мэтро. Па кім смуткавалі ў Беларусі