Памежнікі Беларусі і Ўкраіны пачалі дэмаркацыйныя працы ў зоне адчужэньня вакол Чарнобыльскай АЭС.
Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, супольная група беларускіх і ўкраінскіх адмыслоўцаў пераносіць лінію дзяржаўнай мяжы на мясцовасьць і вызначае месцы для ўсталяваньня памежных знакаў.
Працы адбываюцца ў межах зацьверджанага ў студзені 2019 году гадавога пляну дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы.
Напрыканцы 2018 году было пастаўлена каля 400 памежных знакаў, у тым ліку на спрэчнай тэрыторыі ў Жытомірскай і Валынскай абласьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь атрымае ад Украіны дзясяткі гектараў «спрэчнай» зямлі і адзін каналАб інтэнсыфікацыі ўпарадкаваньня дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай у красавіку 2017 году дамовіліся Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка. Тады ж заплянавалі на 2020 год падпісаць дамову аб рэжыме дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў памежных пытаньнях.
Пэрспэктыўны плян дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на 2018–2026 гады зацьверджаны ў чэрвені 2017 году, а фінансаваць некаторыя дэмаркацыйныя работы на мяжы Беларусі і Ўкраіны будзе Эўразьвяз.
Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км — на сухапутным участку, 325,9 км — на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км — па зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большая частка зь якіх даўно ня дзейнічае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пайшоў у адрыў. Вынікі першага апытаньня перад другім турам выбараў ва Ўкраіне