Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, на 4 маладых хакеістаў заведзена крымінальная справа па 1 і 2 частках 328-га артыкула Крымінальнага кодэксу — распаўсюд наркотыкаў.
Чатыром хакеістам «Юніёра» — моладзевай каманды хакейнага клюбу «Юнацтва-Менск», шматразовага чэмпіёна Беларусі, пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Хакеістаў не затрымалі. Сьледчыя ўзялі зь іх падпіску аб абавязковай яўцы. Яны маюць статус падазраваных.
1 красавіка ў Менску на праспэкце Пераможцаў былі затрыманыя два хлопцы з наркотыкамі. Паводле міліцыі, у затрыманых знайшлі пакуначкі з гашышам, насваем і шкляныя трубачкі для ўжываньня наркотыкаў.
Маладымі людзьмі аказаліся нападнік і абаронца хакейнай каманды «Юніёр», якая належыць клюбу «Юнацтва-Мінск». У «Юніёры» гуляюць хакеісты ўзростам ад 16 да 20 гадоў.
Паводле затрыманых, наркотыкі ў іх засталіся пасьля моладзевай вечарынкі. Пазьней былі затрыманыя яшчэ два гульцы той самай каманды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як былы наркаман змагаецца з «наркаграфіці» ў Воршы