Хто і каго перамагае ў Курапатах

2015 год. Абаронцы Курапатаў Ганна Шапуцька і Ніна Багінская.

Якая роля жанчынаў у Курапатах? Як месца расстрэлаў уплывае на лёс ягоных абаронцаў? І чаму ўсе адказы ляжаць у Курапатах? Абмяркоўваюць каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая і грамадзкая актывістка Наста Дашкевіч.

Сьцісла

  • Ганна Шапуцька: Шматлікія талокі, круглыя сталы, варта. Часам хочацца болей пабыць з унукамі. Ахоўнікі ля Бульбаш-холу кажуць: «Вам няма чым заняцца? Што вы тут стаіце? Нічога ня зможаце зрабіць». Але ж нельга па-іншаму.
  • Наста Дашкевіч: Нас мала цяпер, таму што было вынішчанае цэлае пакаленьне, таму што ўсё яны — там. Гэта не апраўдвае нас, але тлумачыць, чаму Беларусь такая слабая. Адказ — у Курапатах.
  • Алена Талстая: У Курапаты ўпершыню патрапіла на першы мітынг у 1988 годзе. І тое натхненьне не пакідала мяне... Курапаты — гэта ня толькі месца жалю, але і месца, дзе чалавек выходзіць за межы свайго прыватнага інтарэсу.

Слухаць дыскусію цалкам

«Каб зрабіць гэтую дзяржаву іншай, жанчыны і застаюцца ў Курапатах»

2009 год. Мая Кляшторная

Ганна Соўсь: Калі мы гаворым пра Курапаты, перада мной устаюць жаночыя постаці — Мая Кляшторная, дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага, якая правяла 18 гадоў у ГУЛАГу; Стася Басава, Ірына Вяткіна, Людміла Паклонская ды іншыя дзеўчыны-удзельніцы курапацкай кругласутачнай вахты 2001-2002 гадоў, гэта Ніна Багінская, гэты і ўсе вы, Ганна, Наста, Алена. Як вы лічыце, якая роля жанчын у Курапатах?

Маці Божая Курапацкая. Мастак Аляксей Марачкін.

Ганна Шапуцька: Калі заходзіш у Курапаты, адразу бачыш Крыж Пакуты, а побач зь ім выяву Маці Божай Курапацкай. Яна і перадае ўсю значнасьць жаночай ролі ў Курапатах. Жанчына — гэта жыцьцё, гэта новае жыцьцё. Я неаднойчы бачыла, як калі жанчыны, маладыя, сталыя, старыя, прыходзяць у Курапаты, іх твары застываюць, вочы напаўняюцца сьлязьмі. Калі першы раз трапляюць, яны ў шоку.

Жанчына асэнсоўвае, што адбывалася ў Курапатах у тым ліку і праз тое, што тут забіралі нечага сына, дачку, брата, мужа. Жаночае сэрца — не камень. Жанчыны, якія пасьля далучаюцца да абароны мэмарыялу, да талокаў, да варты ля рэстарацыі, гэтыя жанчыны разумеюць, што самае галоўнае зараз — бараніць жыцьцё. На вялікі жаль, у нашай дзяржаве небясьпека для жыцьця іх сыноў унукаў, дачок застаецца. І каб зрабіць гэтую дзяржаву іншай, жанчыны і застаюцца ў Курапатах.

«Нялюдзкае стаўленьне да немаладой жанчыны паказвае нялюдзкасьць улады»

2017 год. Алена Талстая

Алена Талстая: Курапаты — гэта Галгофа беларускай нацыі. Лёс кожнай сям’і праходзіць скрозь Курапаты. Асэнсаваньне гэтага месца ўзьдзейнічае на лёс беларускай нацыі. Альбо адбудзецца пакаяньне і прымірэньне, альбо праз зьнявагу Курапатаў, зьнявагу крыжа адбудуцца іншыя падзеі. Крыж у Эвангельлі згадваецца як меч. Хрыстос кажа: «Не думайце што я прыйшоў прынесьці мір на зямлю. Не мір прыйшоў я прынесьці, а меч, бо прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным». Гэта спадчына, якую нам пакінулі камуністы. Мы не прайшлі праз пакаяньне, асэнсаваньне, таму не прыйшлі да міру. Пакуль крыж ёсьць сымбалем мяча, які падзяляе грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі эльф. 9 фактаў пра Алену Талстую, якая пазнае беларускага нацыяналіста па твары

Быў зварот герархаў праваслаўнай царквы, якія казалі пра тое, што нельга падзяляць грамадзтва. Пры тым яны спасылаліся на тое, што чалавек павінен маліцца за ўласны дабрабыт, за ўласнае адпушчэньне грахоў, за ўласнае збаўленьне, але не было закліку маліцца за беларускае грамадзтва, якое знаходзіцца ў хворым стане. Калі грамадзтва хворае на гэты камунізм, то ня можа быць і ацаленьня асабістага. Роля жанчыны тут вялікая, таму што менавіта жанчыны першыя ішлі да крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч: Той, хто імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, зьнішчае крыжы

Хутка Вялікдзень, і тэма крыжа вельмі актуальная. Калі праз жанчын грамадзтва ня прыйдзе да ўсьведамленьня таго, што адбываецца, то існуе вялікая небясьпека, што гэты крыж стане мячом, які нас падзеліць нас. Роля жанчынаў цяпер падкрэсьленая і праз асабісты ўдзел Ніны Багінскай, якую арыштавалі і судзілі. Нялюдзкае стаўленьне да немаладой жанчыны паказвае нялюдзкасьць улады.

«Маёй дачцэ чатыры з паловай гады і яна ведае, што такое Курапаты»

Наста Дашкевіч зь дзецьмі на варце ля рэстарану Поедем Поедим у Курапатах.

Наста Дашкевіч: Жанчыны найперш мусяць там быць. Жанчыны мусяць быць актыўнымі і не прыкрывацца сямʼёй і дзецьмі, быць актыўнымі і ў межах сваёй сямʼі, і ў межах грамадзкіх справаў. Так сталася, што ў нашым грамадзтве жанчыны больш адказныя за дзяцей, іх адукацыю, таму жанчыны мусяць перадаваць гэтыя веды сваім дзецям. Калі адкрыць падручнікі па гісторыі Беларусі, пра Курапаты там не сказана нічога. Маёй дачцэ чатыры з паловай гады, і яна ведае, што такое Курапаты, што сымбалізуюць гэтыя крыжы, што там забітыя нявінныя людзі. Калі дзяржава, сыстэма адукацыі не дае гэтыя веды, вельмі важна, каб мы выхоўвалі сваіх дзяцей, распавядалі ім праўду, каб яны адчувалі лучнасьць гэтак краіны і каштоўнасьць свайго жыцьця. Жанчын больш перажываюць гэты боль, і важна, каб яны прыходзілі, гуртаваліся, уплывалі на сытуацыю.

«Маё месца зараз там»

2012 год. Ганна Соўсь у Курапатах

Ганна Соўсь: 8-месячная вахта памяці ў Курапатах у 2001-2002 гадах, якую я асьвятляла на Свабодзе штодня, моцна паўплывала на мяне і цалкам зьвязала гэты курапацкі лес і з маёй прафэсійнай дзейнасьцю, і проста Курапаты сталі часткай майго жыцьця, нават калі я і далёка іх. У кожнай з вас лёс пэўным чынам зьвязаны з Курапатамі. Раскажыце, як гэтае месца зьмяніла вашае жыцьцё? Якія для вас сакральны зьмест, значэньне, сіла гэтага месца?

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька: Пасьля 2008 году, калі я ўпершыню трапіла ў Курапаты, маё жыцьцё вельмі моцна зьмянілася. Я зразумела, што Курапаты — своеасаблівы індыкатар здароўя нашай нацыі, дзяржавы. Уся мая дзейнасьць, зьвязаная з Курапатамі, скіраваная на тое, каб нашая дзяржава зьмянілася ў лепшы бок. Шматлікія талокі, круглыя сталы, варта. Гэта займае шмат часу, але па-іншаму нельга. Часам хочацца болей пабыць з унукамі. Ахоўнікі, якія стаяць ля Бульбаш-холу кажуць: «Вам няма чым заняцца? Што вы тут стаіце? Вы нічога ня зможаце зрабіць». Але ж нельга па-іншаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзядзьку звалі Сьцяпан Курупата». 8 фактаў пра курапацкую падзьвіжніцу Ганну Шапуцьку

Калі пачынаецца гэты дзяржаўны вандалізм, калі ты разумееш, што зло ідзе з самага верху, і што, магчыма, калі ня спыніць гэта зараз, ізноў паўстануць новыя Курапаты, то ты ня можаш па-іншаму. Прынамсі я не магу. Мне трэба быць там. Маё месца зараз там. У Курапатах вырашаецца лёс нашай нацыі, нашай дзяржавы, лёс маіх унукаў.

«Курапаты — ня толькі месца жалю, гэта яшчэ і месца, дзе чалавек выходзіць за межы свайго прыватнага інтарэсу»

Алена Талстая: У Курапаты ўпершыню я патрапіла ў часе першага мітынгу ў 1988 годзе. Тое натхненьне, я бы гэтае слова ўжыла, не пакідала мяне празь увесь час, пакуль не змагла вярнуцца туды ізноў. Курапаты гэта ня толькі месца жалю, страшнае месца, гэта яшчэ і месца, дзе чалавек выходзіць за межы свайго прыватнага інтарэсу, за межы сваёй сямʼі. Любоў да Радзімы ня можа быць абстрактнай, часам яна павінна быць вельмі канкрэтнай. Праз Курапаты беларуская нацыя і атрымала Адраджэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не падштурхоўваць аўтазак, які вязе на расстрэл» — Караткевіч, Карач і Талстая пра кампрамісы

У гэтым сакральным месцы людзі пераступаюць праз асабістае, і гэта абʼядноўвае беларусаў, бо мы бачым супрацьстаяньне не веравызнаньняў, не асабістых інтарэсаў, а супрацьстаяньне з уладай, якая сакралізуе сама сябе, якая дала наўпроставы загад арыштоўваць людзей, выкарчоўваць крыжы. Гэта асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца пад ціскам Масквы і дзейнічае ў інтарэсах Крамля і Лубянкі. Я спадзяюся, што гэтае месца даць беларусам сілу, якой нам не заўсёды хапае. Я глыбока веру, што нармальных людзей, якія шчыра і па-людзку ставяцца да Курапатаў, большасьць, а нялюдзкая ўлада — у меншасьці.

«Курапаты — гэта Альфа і Амэга ўсяго, што адбываецца ў Беларусі»

25 лютага 2017 году. Наста Дашкевіч з абаронцамі Курапатаў падчас змаганьня супраць пабудовы забаўляльнага цэнтру.

Наста Дашкевіч: Упершыню я была ў Курапатах гадоў у шаснаццаць, калі далучылася да дэмакратычнага руху, калі мы ішлі шэсьцем на Дзяды. Дзякуючы гэтаму грамадзкаму чыну я пачала даведвацца пра Курапаты. Гэтую інфармацыю не давала мне ані школа, ані сямʼя. Перажыць асабіста, сапраўды асэнсаваць курапацкую бяду, праблему сучаснага сьвету прыйшлося значна пазьней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наста Дашкевіч: Калі б 20 чалавек сталі ў ланцуг, нікому не давялося б класьціся пад колы

Для мяне Курапаты — гэта Альфа і Амэга ўсяго, што адбываецца ў Беларусі. Калі Плошча — гэта кропка палітычнай барацьбы (можам згадаць Плошчу 2006 году ці Плошчу 2010 году), то Курапаты — гэта кропка духоўнай барацьбы. Калі б мяне папрасілі любому замежніку распавесьці пра Беларусь альбо паказаць нешта сымбалічнае, што патлумачыла б, чаму мы так жывем, то я б прывяла яго ў Курапаты. Курапаты — гэта адказ на ўсе пытаньні, чаму мы жывем менавіта так, чаму мы пагарджаем сабой, чаму ў нас такі грамадзка-палітычны лад, чаму не паважаюць грамадзянаў. Усе адказы ляжаць у Курапатах. Курапаты — гэта адкрытая рана, якую да цяперашніх часоў ніхто ня здольны залячыць. Няма гэтага грамадзкага дыскурсу, няма палітычнага рашэньня, агульнага пакаяньня. І таму яна будзе балець увесь час.

Было вынішчанае цэлае пакаленьне, якое было гатовае змагацца за гэтую Беларусь, якой было адданае гэтае краіне. І нас мала цяпер, таму што ўсё яны — там. Гэта ня тое, што апраўдвае нас, але сапраўды тлумачыць, чаму Беларусь такая слабая. Адказ у Курапатах.

Your browser doesn’t support HTML5

«Ноч расстраляных паэтаў» у жывым эфіры Свабоды 29 кастрычніка

Асабіста для мяне Курапаты адкрылі жудасную несправядлівасьць выкрасьленага, зьнішчанага пакаленьня. Нам зараз так не стае гэтай інтэлігенцыі, дзяцей гэтай інтэлігенцыі. Калі б у зьнішчаных вырасьлі ўнукі, мы бы жылі ў іншай краіне. З гэтага болю вырасла ініцыятыва «Ноч расстраляных паэтаў», якую мы ўжо двойчы праводзілі. Гэта вырасла з майго асабістага болю.

«4 красавіка шмат беларусаў, якія цікавяцца грамадзка-палітычнымі падзеямі, атрымалі рубец на сэрцы»

Крыжовы шлях у Курапатах 4 красавіка 2019 году.

Ганна Соўсь: Пасьля 4 красавіка ў Курапатах паболела людзей, там увесь час праходзяць набажэнствы, гэтая тэма вельмі ўзрушыла грамадзтва. Які ваш прагноз, што далей? Каго і на што мабілізуюць Курапаты? Хто і каго перамагае ў Курапатах цяпер?

Ганна Шапуцька: Пераможа Бог. Духоўная перамога будзе абавязкова, пакуль ёсьць хоць некалькі чалавек, якія адчуваюць, што памяць закатаваных людзей трэба бараніць. Фактычна мы гэтым і займаемся на курапацкай варце. 4 красавіка ўлада перайшла да актыўнай фазы вайны ў Курапатах супраць свайго народу. Яны перайшлі рысу. Раней хапалі маладых дзяўчат, і гэта было жахліва, цяпер пачалі хапаць старых жанчын. Ва ўладзе большасьць — мужчыны, і яны даюць гэтыя загады. Не хацелася, каб вайна са сваім народам перайшла ў гарачу фазу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За крыжы павінны ўсе паўстаць — і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты». Людзі ідуць у Курапаты

Алена Талстая: Курапаты — унікальнае месца, якое ўшанаваў сам народ. Курапаты паўсталі як народны мэмарыял, як нацыянальны нэкропаль. Падзел праходзіць паміж людзьмі і нелюдзьмі. Гэта змаганьне паміж жыцьцём і сьмерцю. Але колькі б гэтае нялюдзкая ўлада, гэтыя нашчадкі НКВД ня дзейнічалі, усё роўна жыцьцё пераможа сьмерць. Гэта натуральны працэс.

Наста Дашкевіч: 4 красавіка шмат беларусаў, якія цікавяцца грамадзка-палітычнымі падзеямі, атрымалі рубец на сэрцы. Ён будзе памятны. Лукашэнку гэты крок ніхто не даруе. Усе цудоўна разумеюць, што гэта ягонае прадпісаньне, ягоны асабісты загад. Я перакананы, што гэтыя вырваныя крыжы з Курапатаў стануць у адзін шэраг з іншымі злачынствамі, якія рана ці позна дададуць у ягоную біяграфію ці юрыдычны прысуд. Тэма рэпрэсій, Курапатаў так ці інакш будзе адкрытая, будзе дыскусія і пакаяньне. Усё гэта наперадзе. Нават калі мы ў бліжэйшай пэрспэктыве расстроеныя і ня бачым гэтага выйсьця, у далейшым час расставіць на свае месцы.