У інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Аляксандар Лукашэнка зноў падтрымаў Пятра Парашэнку і заклікаў украінцаў не галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за Ўладзімера Зяленскага, а таксама згадаў былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка параіў не галасаваць за Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штабах Зяленскага і Парашэнкі адрэагавалі на заяву Лукашэнкі пра ўкраінскія выбары«Калі Саакашвілі праводзіў выбары, будучы прэзыдэнтам, Канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта — пачалі з народам займацца жартамі, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах.
Каб Парашэнку не прыйшлося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго».
Міхэіл Саакашвілі адказаў на Facebook.
«Дарагі спадар Лукашэнка, калі ласка, ня блытайце нешта з пальцам, — напісаў Саакашвілі. — Я і Парашэнка, як кажуць у нас у Адэсе, гэта дзьве вялікія розьніцы, і ў іншых краінах я не „хаваюся“, мяне проста часова не пускаюць у мае краіны».
Сам Саакашвілі падтрымлівае Зяленскага. Адказваючы на пытаньне вядоўцы ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» Саакашвілі удакладніў, што як толькі Парашэнка «страціць уладу, і ягоны загад не пускаць яго ў краіну страціць сілу» тады ён абавязкова скарыстаецца «законным правам вярнуцца на Ўкраіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра жыцьцё і дзейнасьць Міхэіла Саакашвілі ва ЎкраінеСаакашвілі ў 2015 годзе атрымаў украінскае грамадзянства і стаў кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі, а праз два гады сваім ўказам Парашэнка пазбавіў яго грамадзянства. Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году.
Нягледзячы на афіцыйную забарону, у верасьні 2017 году Саакашвілі змог прарвацца на тэрыторыю Украіны. Яго паплечнікі дапамаглі яму перасячы мяжу з Польшчай. Улады ня сталі арыштоўваць Саакашвілі, і ён некалькі месяцаў правёў у Украіне, арганізуючы акцыі пратэсту супраць Парашэнкі.
У мінулым лістападзе Грузінскі апэляцыйнай суд пакінуў у сіле прысуд, вынесены Саакашвілі за перавышэньне паўнамоцтваў. Саакашвілі завочна асудзілі на шэсьць гадоў турмы па справе аб зьбіцьці дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе, прыйшоўшы да высновы, што гэта было зроблена на загад экс-прэзыдэнта.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.