Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, шоўмэн Уладзімір Зяленскі заявіў, што дэбаты зь дзейным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам адбудуцца 19 красавіка на Нацыянальным спартовым комлексе «Алімпійскі».
«19 красавіка на НСК "Алімпійскі" адбудуцца мае дэбаты зь Пятром Парашэнкам, дзе я змагу задаць яму любое пытаньне. Напрыклад, калі пачнуцца пасадкі? Чаму Сьвінарчукі не за кратамі? Я думаю, што ў народа Ўкраіны за 5 гадоў — вельмі шмат пытаньняў да Парашэнкі», — сказаў Зяленскі на відэа ў Facebook’у.
Зяленскі прапанаваў карыстальнікам сацыяльнай сеткі пісаць у камэнтарах пад ягоным паведамленьнем, якія пытаньні яны хочуць задаць Парашэнку.
8 красавіка прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка запрасіў Уладзіміра Зяленскага, а таксама гледачоў і журналістаў на дэбаты на НСК «Алімпійскі» — 14 красавіка.
Паводле афіцыйных вынікаў першага туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, за Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,24% выбарнікаў, за дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнку — 15,95% выбарнікаў. Другі тур адбудзецца 21 красавіка.