Прэмію імя Міхала Анемпадыстава атрымаў мастак з Санкт-Пецярбургу. ФОТА

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Пераможцу абвяшчаюць паэт Адам Глобус і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.

Прэмію атрымаў мастак з Санкт-Пецярбургу Грыгорый Кацнэльсон, які зрабіў вокладку да беларускага перакладу «Віленскага покера» Рычарда Гавяліса. Сябры журы адзначылі ягоную працу за сьвежы погляд на кніжны дызайн, паведамляецца на фб-старонцы прэміі.

Грыгорый Кацнэльсон — мастак, графік, афармляе кнігі ўласнага выдавецтва «Асф-АльтЪ ИЗДАТ», як ілюстратар супрацоўнічае з піцерскім часопісам «ЧИЖ И ЁЖ» ды іншымі выданьнямі. Падчас працы над вокладкай да «Віленскага покера» ён стварыў шэсьць мастацка-графічных варыянтаў, творы экспанаваліся на фэстывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». За яго прэмію атрымаў выдавец Ігар Логвінаў.

«Гэта самая "анемпадыстаўская" вокладка, — адзначыў паэт Адам Глобус падчас абвяшчэньня пераможцы. — Міхалу б яна вельмі спадабалася».

Паэт Адам Глобус і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай і кнігавыдавец Ігар Логвінаў

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Паэтка, перакладчыца, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.

На прэмію намінаваліся больш за 60 кніг, фіналістамі сталі:

  • Анатоль Лазар — Чарльз Букоўскі «Чытво», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Аляксандр Лучына — VEHA «Найлепшы бок», выдавецтва «Янушкевіч»;
  • Арцём Масюкевіч — Сьвятлана Алексіевіч «Галасы Утопіі», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Агата Пойзан — укладальніца Алена Лапцёнак «Вясна 2017», праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Анастасія Стальмахова — Вольга Шпарага «Сообщество-после-Холокоста: на пути к обществу инклюзии», выдавецтва Медысонт;
  • Святлана Татарнікава — Уладзімір Ягоўдзік, Павел Татарнікаў «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка: беларускія народныя казкі», выдавецтва «Медыял»;
  • Сяргей Шаматульскі — Павел Касцюкевіч «Бульба ў райскім садзе», Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», выдавецтва «Логвінаў»;
  • Уладзіслава Юрчанка — Антон Кулон «Сіняя кніга беларускага алькаголіка ПЛЮС», выдавецтва «Галіяфы.

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Кіраўнік Саюзу дызайнэраў Беларусі Зьміцер Сурскі.

У журы ўвайшлі пісьменьнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнэр Уладзімір Цэсьлер, пісьменьнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнэрка Алена Дашкевіч, дызайнэр Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зрабіць Беларусь прыгожай. Апошняе інтэрвію Міхала Анемпадыстава

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная сёлета ў памяць пра дызайнэра, паэта, фатографа, культуроляга, які пайшоў з жыцьця год таму. Ініцыятыва адзначаць найлепшую кніжную вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнэраў і «Лятучым унівэрсытэтам», а таксама польскім партнэрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Генэральным партнэрам выступіў незалежны тэлеканал «Белсат», прэмія ладзіцца ў межах грамадзкай кампаніі «Беларускамоўныя».