Аляксей Філатаў, які курыруе ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі працу з так званымі «народнымі рэспублікамі» Данбасу, стане выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўпраўленьня Крамля па памежным супрацоўніцтве. Пра гэта піша РБК, спасылаючыся на свае крыніцы.
Раней расейскі «Коммерсантъ» паведаміў аб маючай адбыцца адстаўцы цяперашняга кіраўніка гэтага ўпраўленьня Алега Гаваруна, якога называюць адным з набліжаных памочніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова, які курыруе ў Крамлі пытаньні Ўкраіны.
Філатаў раней займаўся ўзаемадзеяньнем з самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыяй, а летась Філатаў на пасадзе намесьніка начальніка ўпраўленьня стаў займацца так званымі «ДНР» і «ЛНР».
Дзьве крыніцы РБК сьцьвярджаюць, што ў Крамля ўзьнікалі «прэтэнзіі да працы па ўкраінскім кірунку». Іншыя крыніцы, зрэшты, настойваюць, што Гаварун сыходзіць «па сямейных абставінах».
- Ўпраўленьне па памежнаму супрацоўніцтву — гэта былое ўпраўленьне па сацыяльна-эканамічнаму супрацоўніцтву зь дзяржавамі — удзельнікамі СНД, Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Летась Уладзімір Пуцін рэарганізаваў яго, скараціўшы яго штат. Аднак новае ўпраўленьне, як сьцьвярджаецца, працягнула курыраваць сэпаратыстаў усходу Ўкраіны.
- Сярод апошніх апублікаваных у СМІ і тэлеграм-каналах, блізкіх да Крамля, паведамленьняў аб плянах Расеі ў дачыненьні да «ДНР» і «ЛНР» — падрыхтоўка да раздачы расейскіх пашпартоў насельніцтву не падкантрольных Украіне раёнаў Данбасу. Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што яму аб гэтых плянах нічога не вядома.