Апэляцыя ў справе Аляксандра Коржыча будзе разглядацца 9 красавіка.
Сустрэча Сьвятланы Коржыч зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым адбылася 3 красавіка ў будынку Мінабароны.
«Раўкоў сказаў, што былы камандзір Печаў і так ужо пакараны»
Як расказала Свабодзе Сьвятлана Коржыч, размова ў Міністэрстве абароны працягвалася каля трох гадзін. На ёй таксама прысутнічалі праваабаронца Натальля Гарачка і жыхарка Крупак Вольга, якая хацела абмеркаваць сваё прыватнае пытаньне.
«Мы зайшлі на прыём разам зь некалькімі іншымі жанчынамі, — гаворыць Сьвятлана. — Мяне хацелі прыняць першай, але атрымалася так, што ўсе разам зайшлі. Я сказала, што патрабую прыцягнуць да адказнасьці палкоўніка Чарнецкага (былы камандзір навучальнага цэнтру ў Печах, які пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча быў пераведзены на працу ў Мінабароны. На працэсе ў справе аб сьмерці салдата Чарнецкі выступаў у якасьці сьведкі. — РС). Міністар адказаў мне, што ён ужо пакараны. Што страціў генэральскія пагоны, мае цяпер нізкааплатную працу... Я расказала ўсё, што хацела сказаць. Спытала, дзе цяпер доктарка, якая лячыла майго Сашу? Папрасіла дапамагчы яе знайсьці. Міністар адказаў, што «гэтым займаюцца органы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шараговае самагубства». Першы дакумэнтальны фільм пра справу КоржычаСьвятлана Коржыч асабіста сустракалася з Раўковым упершыню. Раней яна кантактавала толькі з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай і старшынёй Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам.
«Спрабавала даведацца нешта пра кампэнсацыю — нічога не сказаў мне, — расказвае Сьвятлана Коржыч. — Апусьціў вочы. Сказаў, што ведае пра справу сына, сачыў за ёй. Я папярэдзіла, што не спынюся, што давяду гэтую справу да канца, калі яны ня хочуць прымаць меры. Буду сама займацца расьсьледаваньнем, хоць і не хачу пра гэта расказваць. Сказала міністру, што хачу рэабілітаваць імя сына. Каб яго ніхто не называў суіцыднікам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць сьмерцяў, мабільнікі ў Печах, сяржанты на лаве падсудных. Што адбылося за год са сьмерці Коржыча
Паабяцалі паставіць помнік
Па словах маці загінуўшага салдата, вайскоўцы паабяцалі ўсталяваць на магіле Аляксандра Коржыча помнік. Верагодна, гэта адбудзецца да 15 красавіка — Дня народзінаў Коржыча. Зараз на яго магіле ў Пінску па-ранейшаму стаіць драўляны крыж, усталяваны падчас пахаваньня.
«Раўкоў сказаў мне, што гэта яго быў загад — заняцца помнікам для Сашы, расказала Сьвятлана Коржыч. — Паабяцаў, што паставяць у красавіку помнік. Сьпяшаўся, казаў, што досыць размаўляць. Што яму трэба ў Віцебск ехаць. Не хацеў мяне слухаць, падрываўся ўцячы».
Акрамя самога міністра абароны Беларусі, на сустрэчы прысутнічалі іншыя вайскоўцы. Па словах Сьвятланы Коржыч, яна хацела прывесьці з сабой родных загінулых салдатаў, аднак ніхто зь іх не пагадзіўся асабіста задаць пытаньні міністру. Прасіла таксама сустрэчы з былым камандзірам Печаў Канстанцінам Чарнецкім, але атрымала адмову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Коржыч: «Да камандзіра Печаў я маю больш прэтэнзій, чым да абвінавачаных сяржантаў»«Я думала, што са мной пойдуць іншыя родныя загінулых у войску, — наракае Сьвятлана Коржыч. — Родныя Арцёма Басьцюка ды іншых хлопцаў. Але іх не было. Маці Арцёма Басьцюка сама мне ўчора пазваніла. Сказала, што нікуды ня пойдзе, бо гэта нічога ўжо ня дасьць. Хтосьці сказаў, што ня можа прыехаць у Менск, няма грошай».
Сьвятлана кажа, што працягвае займацца праблемай сьмерцяў салдат у беларускім войску. Яна сустракаецца з роднымі іншых загінулых салдат. Акурат перад сустрэчай з Раўковым была ў Карэлічах, дзе размаўляла з маці Аляксандра Арлова, які загінуў у Слоніме падчас судовага працэсу ў справе Аляксандра Коржыча. Там Сьвятлана даведалася, што расьсьледаваньне сьмерці Арлова аднавіла Генпракуратура. Пасьля таго, як маці Арлова напісала ліст Лукашэнку. Па словах Сьвятланы Коржыч, Андрэй Раўкоў ня ведаў пра аднаўленьне расьсьледаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяржантам у «справе Коржыча» прысудзілі ад 6 да 9 гадоў турмы. ВІДЭА«Буду зноў прасіць сустрэчы з Лукашэнкам»
«Нікому гэтая праблема не цікавая, такое ў мяне ўражаньне, — кажа Коржыч. — Калі сама лбом ня будзеш прабіваць, калі бацькі ня будуць стукацца, то нічога не памяняецца. Аб’ядноўвацца трэба. Трэба было ехаць зараз у Міністэрства абароны. Але нехта ня можа, нехта ня хоча, у некага грошай няма. Але хто за нас гэта зробіць? Я ўвесь сьпіс міністру агучыла, з прозьвішчамі салдатаў, чые родныя са мной сувязь падтрымліваюць. А міністар маўчыць, што ён мне скажа».
Сустрэча Сьвятланы Коржыч з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, якую ёй абяцалі зладзіць у адміністрацыі пасьля прысуду ў справе сына, так і не адбылася. Маці загінулага салдата гаворыць, што паспрабуе дайсьці да Лукашэнкі яшчэ раз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек Свабоды – 2018» Сьвятлана Коржыч: «Гэты характар у мяне ад прабабкі»«Ніхто ў Мінабароны мне нічога канкрэтнага не сказаў. Трэба ехаць у адміністрацыю, дабівацца сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам. Расказаць яму, як усё адбывалася, як суд праходзіў і расьсьледаваньне».
Разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне суду ў справе Аляксандра Коржыча адбудзецца 9 красавіка ў Вярхоўным судзе. Прысуд абскардзілі абодва бакі. Сьвятлана Коржыч настойвае, што пакараньне мусіць быць больш жорсткім, а на лаве падсудных павінны быць ня толькі сяржанты. Асуджаныя настойваюць, што іх дзеяньні не маглі прывесьці да сьмерці Коржыча і просяць зьмяніць пакараньне на больш мяккае.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.
Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.