Падзеі 5 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
5 красавіка 1793 году ў вёсцы Паланечцы пад Баранавічамі нарадзіўся Канстанцін Радзівіл, палітычны дзяяч і мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў. Канстанцін Радзівіл сабраў вялізную бібліятэку, калекцыю твораў мастацтва, запісваў мясцовыя гаворкі і зьбіраў фальклёр.
У красавіку 2018 году палац Радзівілаў у Паланечцы выставілі на аўкцыён, пачатковая цана — 19 210 рублёў 72 капейкі. Гэтую рэзыдэнцыю Радзівілаў пабудавалі ў XVII стагодзьдзі ў стылі позьняга клясыцызму. Канстанцін Радзівіл перабудаваў палац у стылі ампір. Потым Альбэрт Станіслаў Радзівіл прыбудаваў зімовы сад у нэагатычным стылі. Палац пацярпеў у час Другой усясьветнай вайны, за савецкай уладай у ім разьмясьцілі школу-інтэрнат.
Упершыню гэты будынак выстаўлены на аўкцыён у 2013 годзе. У 2014 годзе палац прадалі ААТ «Спэцактыўбуд-інвэст», але фірма не змагла заплаціць за яго і знайсьці інвэстара для рэстаўрацыі, таму ўлады сканфіскавалі сядзібу ў пакупніка. Аўкцыёны ў 2016 і 2017 гадах прайшлі безвынікова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Баранавічамі абрынуліся сьцены палаца Радзівілаў. ФАТАФАКТТаксама ў гэты дзень
1972 — створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік у Вязынцы. Гэта адбылося пасьля аб’яднаньня вёсак Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі ў адну вёску Вязынка ў гонар 90-годзьдзя Янкі Купалы.
1990 — Вярхоўны Савет БССР абвясьціў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.
1992 — Босьнія і Герцагавіна заявілі пра выхад зь Югаславіі, пачалася аблога Сараева.
1996 — КДБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш «Убей президента», зьмешчаны ў віцебскай газэце «Выбар».
2005 — у Маскве Аскар Акаеў склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта Кіргізстану пасьля масавых пратэстаў у краіне. Пасьля Акаева прэзыдэнтам Кіргізстану стаў Курманбек Бакіеў, зь ім паўторыцца гэтая ж гісторыя, толькі Бакіеў апынецца ў Беларусі.