Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Баранавічамі абрынуліся сьцены палаца Радзівілаў. ФАТАФАКТ


Палац Радзівілаў у Паланечцы, верасень 2017 году
Палац Радзівілаў у Паланечцы, верасень 2017 году

У вёсцы Паланечка пад Баранавічамі абваліліся дзьве сьцяны правага флігеля палаца Радзівілаў. Пра гэта Свабодзе паведаміла мясцовая жыхарка Тарэза Мяноўская. Ніхто не пацярпеў.

Частка паўночнай сьцяны правага флігеля абвалілася ўдзень 10 красавіка, суседняя сьценка — на наступны дзень. Месца здарэньня агледзелі мясцовыя ўлады.

Правы флігель палаца Радзівілаў у Паланечцы пасьля абвалу. Здымак 10 красавіка
Правы флігель палаца Радзівілаў у Паланечцы пасьля абвалу. Здымак 10 красавіка

Мясцовая краязнаўца, гісторык Кацярына Казлова сказала Радыё Свабода, што адной з прычын абвалу можа быць расколіна ў сьцяне.

«Гэты куточак быў падпёрты драўлянымі танюсенькімі бэлькамі. Яны і так трымаліся мо якіх 18 гадоў», — сказала Кацярына Казлова.

Гісторык дадае, што сьцены флігеля маглі абрынуцца і праз пашкоджаньні фундамэнту.

«У гэтай частцы велізарныя падвалы былі, і каля самага флігеля разрытая велізарная яма. Там раскапалі падземны пераход. Напэўна, размыла гэтую яму з фундамэнтам флігеля, вось яно ўсё і рухнула», — сказала Казлова.

Палац Радзівілаў у Паланечцы, здымак 2017 году
Палац Радзівілаў у Паланечцы, здымак 2017 году

2 красавіка будынак былога палаца Радзівілаў у Паланечцы пад Баранавічамі чацьвёрты раз выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана палаца — 19 210 рублёў 72 капейкі.

Намесьніца дырэктара фонду «Брэстаблмаёмасьць» Надзея Стральцова сказала Свабодзе, што хоць сьцены флігеля абваліліся, пачатковую цану на палац зьмяншаць ня будуць.

«Аўкцыён са зьніжэньнем цаны на 80% праводзіцца не ўпершыню. Зьмяншаць кошт больш нельга. Па заканадаўстве можна прызначаць аўкцыён з пачатковай цаной адна базавая велічыня, але ніжэй за 80% зьмяншаць кошт нельга», — сказала Надзея Стральцова.

Паводле яе словаў, калі 29 траўня аўкцыён ня скончыцца продажам, Берасьцейскі аблвыканкам і Баранавіцкі райвыканкам будуць разглядаць іншыя варыянты рэалізацыі будынка: прадаць за эквівалент базавай велічыні ці бескаштоўна перадаць пад інвэстыцыйны праект.

Паводле ўмоваў аўкцыёну, пакупнік павінен правесьці рэстаўрацыю лота.

«Наколькі я ведаю, частка будынка, якая абрынулася, ня мае гісторыка-культурнай каштоўнасьці», — сказала Надзея Стральцова.

Упершыню палац быў выстаўлены на аўкцыён у 2013 годзе. У 2014 годзе яго прадалі ААТ «Спэцактыўбуд-інвэст», але фірма не змагла заплаціць за яго і знайсьці інвэстара для рэстаўрацыі, таму ўлады сканфіскавалі сядзібу ў пакупніка. Аўкцыёны ў 2016 і 2017 гадах ня скончыліся продажам.

У 2017 годзе цану на палац зьнізілі супраць ранейшай на 80%, што склала 19 210 рублёў 72 капейкі, але не змаглі прадаць. Сёлета цану на вырашылі не зьмяншаць.

Палац, які цяпер мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, быў збудаваны ў XVII стагодзьдзі як рэзыдэнцыя Радзівілаў. Пасьля сьмерці Мацьвея Радзівіла ягоны сын Канстанцін перабудаваў позьнеклясыцыстычны палац у стылі ампір. Потым Альбэрт Станіслаў Радзівіл прыбудаваў зімовы сад у нэагатычным стылі. Палац пацярпеў у Другую ўсясьветную вайну, за савецкім часам у ім разьмясьцілі школу-інтэрнат.

Пад Баранавічамі абрынуліся сьцены палаца Радзівілаў. ФАТАФАКТ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG