У дзень гадавіны падпісаньня дамовы аб утварэньні так званай «Супольнасьці Беларусі і Расеі» ўрадавае выданьне «Российская газета» апублікавала інтэрвію зь беларускім амбасадарам у Маскве Уладзімерам Сямашкам.
Паводле Сямашкі, галоўныя дасягненьні за 20 гадоў праекту «Саюзнай дзяржавы» — вольнае перамяшчэньне грамадзянаў і свабода выбару месца жыхарства, магчымасьць атрымаць адукацыю ў суседняй краіне, палітычны і стратэгічны саюз. У эканамічнай сфэры, адзначыў ён, пакуль толькі прадугледжваецца адзіная эканамічная прастора, узьнікаюць нечаканыя эканамічныя спрэчкі.
«Зьявіўся нават нейкі падтэкст пошуку вінаватага боку, — адзначыў Сямашка. — Беларусь, нагадаю, складаючы дамову, сыходзіла з таго, што стрыжнем нашай саюзнай канструкцыі служаць гандлёва-эканамічныя адносіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносін, — экспэрты пра скандал вакол заяў БабічаУ праекце «Саюзная дзяржава», кажа ён, Беларусь шукала перадусім рынкі збыту для сваёй прадукцыі і крыніцы энэргіі — але цяпер цяжкасьці і з пастаўкамі тавараў у Расеі, і з узгадненьнем цэнаў на энэргарэсурсы. .
«Другая праблема — падатковы манэўр, — працягнуў Сямашка. — Доўга пра яе я казаць ня буду, толькі адзначу, што, на наш погляд, гэта парушэньне дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Такога не павінна было адбыцца, а калі адбылося, то варта было ўлічваць інтарэсы і беларускай нафтаперапрацоўкі».
Таксама ў ліку праблемаў Сямашка назваў прасоўваньне на расейскі рынак беларускай мяса-малочнай і іншай харчовай прадукцыі, цядкасьці з пастаўкамі беларускай тэхнікі. Амбасадар дадаў: Беларусь ня просіць прэфэрэнцыяў, а толькі роўных умоваў.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.