Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім»: Беларусь мае варыянты імпарту альтэрнатыўнай нафты


Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота

«Белнафтахім» заявіў пра падрыхтоўку да дывэрсыфікацыі паставак нафты ў Беларусь.

«Намі прапрацаваны магчымыя партнэры і лягістыка паставак альтэрнатыўнай нафты на беларускія НПЗ з улікам магчымасьцяў партоў, трубаправоднага і чыгуначнага транспарту», — заявіў у інтэрвію БелТА намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізоў.

Раней Беларусь заяўляла пра адчувальныя страты для эканомікі краіны з прычыны падатковага манэўру Расеі ў нафтавай галіне. У выніку манэўру да 2024 году экспартнае мыта на нафту абнуліцца, і Беларусь будзе набываць расейскую нафту па ўсясьветных цэнах. Паводле Сізова, у гэтай сытуацыі альтэрнатыўныя пастаўкі «становяцца супастаўнымі па кошце з расейскай нафтай».

«Але гэта не азначае, што дывэрсыфікацыя можа адбыцца толькі ў 2024 годзе, мы не прывязваемся канкрэтна да гэтага тэрміну».

Што да аб’ёмаў паставак альтэрнатыўнай нафты, то, паводле Сізова, «трэба разумець некаторыя нюансы такіх паставак, зыходзячы зь неабходнасьці іх эфэктыўнасьці для нашых НПЗ».

«Пробная партыя можа быць і 100 тыс. тон, але сур’ёзныя кантракты маюць на ўвазе пастаўку ад 1 млн тон нафты ў год. Пры такіх абʼёмах ужо можна казаць пра зьніжкі па кошце як самой нафты з улікам яе тэхнічных характарыстык, так і тарыфаў на яе дастаўку».

На пытаньне, ці будзе гэта казахстанская нафта, Уладзімер Сізоў адказаў, што не выключаюцца пастаўкі з любога рэгіёну, калі ў гэтым будзе эканамічная мэтазгоднасьць.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG