Беларускі партал Tut.by зьвярнуўся да намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Мельчанкі з просьбай пракамэнтаваць затрыманьне 18-гадовай дзяўчыны, якая ў выніку правяла два дні ў ізалятары за тое, што замахнулася нагой на скульптуру «царскага гарадавога» каля будынка МУС у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя і бацькі пацьвердзілі: за замах нагой на «царскага гарадавога» дзяўчына правяла два дні на АкрэсьцінаНа згадку факту Мікалай Мельчанка адказаў, што «ўжо дадзеныя вычарпальныя адказы наконт паводзінаў вакол гарадавога: калі чалавек парушае элемэнтарныя нормы паводзінаў, натуральна, ён будзе адказваць адпаведна нашым законам».
Што менавіта парушыла дзяўчына, замахнуўшыся нагой на скульптуру і нават не дакрануўшыся да яе, намесьнік міністра не адказаў. Таксама ён адмовіўся расказаць, якія правілы паводзінаў вызначаныя побач з «гарадавым» (раней МУС сьцьвярджала, што датыкацца да скульптур можна, забароненыя толькі «сплянаваныя акцыі і флэшмобы, правакацыі»).
«Гэта не дзіця, гэта дарослы чалавек, калі ён пачынае міжвольныя рухі ў дачыненьні той жа скульптуры, а потым выкладвае гэта ў інтэрнэт і пачынаюцца пэўныя нездаровыя камэнтары…» — стаў разважаць Мельчанка.
Журналіст спытаў, ці будуць праваахоўнікі прасіць прабачэньня перад дзяўчынай, бо суд накіраваў пратакол на дапрацоўку, не пакараўшы яе. Намесьнік міністра адказаў:
«Ну і што? Вось калі суд прыме рашэньне, калі ён палічыць, што мы павінны папрасіць прабачэньня, мы папросім».
За «абразу гарадавога» ўжо пакаралі мінімум 8 чалавек
Гісторыя скульптуры гарадавога цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку. А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.
За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС адказала на прапанову зьнесьці скульптуру царскага гарадавога ў МенскуАктывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.
У мінулым лістападзе за поўху «гарадавому» быў затрыманы падлетак Арсеній. Міліцыя публікавала відэа з выбачэньнямі хлопца за ягоны ўчынак. Справу за «дробнае хуліганства» ўрэшце спынілі. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч пазьней прызнаўся, што выбачэньні на відэа былі ягонай ідэяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар культуры абурыўся новымі беларускімі помнікамі: «Нізкі мастацкі ўзровень»