Былы міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — пасаду памочніка прэзыдэнта – інспэктара Магілёўскай вобласьці, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Адпаведныя рашэньні Аляксандар Лукашэнка прыняў 1 красавіка па выніках сустрэчы зь імі. Чакаецца, што афіцыйныя дакумэнты аб іхным прызначэньні будуць падпісаныя неўзабаве.
«Гэта загад: вы ўдвох едзеце ў Магілёўскую вобласьць, наведзяце там жалезны парадак і паведаміце мне. Я буду ў вас кожны месяц у Магілёўскай вобласьці. Чым змагу, тым дапамагу. Але перш за ўсё вы там пасееце, як трэба, паводле тэхналёгіі. І на працягу месяца, калі вам трэба перавесьці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у „Купалаўскім“, пераводзьце», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера і міністра сельскай гаспадаркіЛукашэнка таксама падкрэсьліў, што за ўсё, што адбывалася ў краіне ў сфэры сельскай гаспадаркі, Русы і Заяц несьлі пэрсанальную адказнасьць, «пачынаючы ад маіх канкрэтных даручэньняў па пэўных культурах — лён, рапс ды іншае — і да тэхналёгій у сельскай гаспадарцы і экспарту прадукцыі на іншыя рынкі», але іх звальненьне — не «экспромт празь нейкую фэрму ў Сьліжах».
«Ня трэба думаць пра тое, што беспарадак на фэрмах і машынных дварах у гэтым „Купалаўскім“ прывёў да адстаўкі аднаго і другога», — дадаў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, ён папярэджваў чыноўнікаў, што неабходна строгае выкананьне тэхналёгій і жалезная дысцыпліна: «Вы гэты фактар не ўлічылі і выпусьцілі з-пад увагі. Тое ж самае тычыцца віцэ-прэм’ера, які быў адказным за Магілёўскую вобласьць», — сказаў Лукашэнка і запатрабаваў ад Русага і Зайца цяпер арганізаваць працу ў сельскай гаспадарцы «паводле тэхналёгіі».
«Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінны выканаць. Выкарыстоўвайце любыя законныя мэтады, любыя законныя сродкі, каб там навесьці парадак і даказаць, што вы тэхналягічныя і сапраўдныя мужыкі», — дадаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія Міхаіл Русы і Леанід Заяц, якіх Лукашэнка адправіў у адстаўку, пабачыўшы брудных кароў26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку аграхолдынгу, параўнаўшы іх з Асьвенцімам, і загадаў зьняць з пасадаў «усіх вінаватых». Ён пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову. Казаў: «Гэта недапушчальна, што вы тут сноўдаецеся».
Пасьля абурэньня Лукашэнкі станам, у якім трымаюць кароў у аграхолдынгу «Купалаўскае», у адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімір Даманеўскі.
27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «Асьвенцім у кароўніку» Лукашэнка звольніў кіраўніка Магілёўскай вобласьціГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі крыўдна мне за „Асьвенцім“, хлопцы!» Рэпартаж з той самай малочнай фэрмы. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі перайшла ў фазу надзвычайнага папулізму, — палітоляг