Папа Францішак зацьвердзіў закон аб пакараньні за пэдафілію ў Ватыкане

Папа Фанцішак у Ватыкане

Папа Францішак падпісаў указ, які ўводзіць адзіны закон аб пэдафіліі на тэрыторыі Ватыкану. Дагэтуль існавалі толькі асобныя тэксты, якія часткова рэгулявалі гэтае пытаньне. Новыя палажэньні будуць уведзеныя ў дзеяньне 1 чэрвеня.

Новы закон выдадзены ў форме апостальскага ліста, які зьмяшчае дванаццаць галоўных пунктаў. Яго дзеяньне будзе распаўсюджвацца на тэрыторыю Ватыкану і на дыпляматычныя місіі Сьвятога пасаду. Паводле тэксту, улады Ватыкану будуць абавязаныя звальняць усіх сьвятароў і іншых работнікаў, асуджаных за дамаганьні. Акрамя таго, будуць створаныя працэдуры для прыняцьця скаргаў на сэксуальны гвалт. У Ватыкане таксама зьбіраюцца больш старанна дасьледаваць мінулае патэнцыйных работнікаў перад прыняцьцем іх на працу.

Увядзеньне адзінага закону папа Францішак абяцаў падчас канфэрэнцыі па тэме сэксуальнага гвалту, якая прайшла ў Ватыкане ў канцы лютага. Папа Францішак тады папрасіў каталіцкія цэрквы па ўсім сьвеце распрацаваць працэдуры для прыцягненьня да адказнасьці сьвятароў, западозраных у пэдафіліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога скарбніка Ватыкану асудзілі на 6 гадоў турмы за пэдафілію