Дырэктар фэрмы на Шклоўшчыне, дзе Лукашэнка ўчыніў разнос чыноўнікаў, правёў журналістаў Свабоды па сваёй гаспадарцы і паказаў усё, як ёсьць.
26 сакавіка, наведваючы адну з малочных фэрмаў у Шклоўскім раёне, Аляксандар Лукашэнка ўбачыў брудную карову. Гэта каштавала пасады кіраўніцтву вобласьці. А гаспадарка праславілася на ўсю краіну. Словы Лукашэнкі пра «Асьвенцім» для кароваў расьцягнулі на цытаты дзясяткі сайтаў, яны таксама трапілі ў вечаровыя выпускі навінаў галоўных тэлеканалаў.
Нас на малочна-таварным комплексе сустракаюць нешматлікія супрацоўнікі і сам кіраўнік Андрэй. Ён пагаджаецца пагаварыць амаль адразу.
«Ня ведаю, як цяпер адмыцца»
«Крыўдна мне, хлопцы, вельмі крыўдна за «Асьвенцім», — кажа кіраўнік малочна-таварнага комплексу «Сьліжы» Андрэй. — На ўсю краіну нас зьняславілі. Цяпер ня ведаю, як адмыцца».
Андрэй расказвае, што ў ягоным комплексе 1400 кароваў, якіх абслугоўваюць восем работнікаў. Комплекс збудаваны два гады таму, Андрэй кіруе ім ад пачатку. Раней таксама працаваў у сфэры сельскай гаспадаркі, але жывёлай не займаўся. Андрэй ня хоча называць сваё прозьвішча (кажа, што яму ўжо хапіла ўвагі ад дзяржаўнага тэлеканалу), але пагаджаецца паказаць фэрму «як ёсьць». «Трэба неяк адмыцца ад усёй гэтай славы», – тлумачыць мужчына.
«Хадзем, пакажу ўсё. А то тут АНТ ужо паздымала, — кажа Андрэй. — Вось паглядзіце. Усё чыста. Але адсюль акурат нічога не паказалі. Глядзіце – што тут катастрафічнага? Вы бачыце кароваў г...няных? Зразумейце, гэта карова. Калі яна захоча легчы ў г...о, яна ляжа. Я не буду яе падымаць».
Андрэй расказвае, што пра візыт кіраўніка краіны на ягоную фэрму даведаўся за два дні. Прызнаецца, што парадак крыху наводзілі, але няшмат. «Што за два дні пасьпееш?» – кажа. Таму нічога і не мянялі.
«Мне няма за што чырванець, тут усё, як было, – расказвае кіраўнік комплексу. – Ну так, падфарбавалі на браме тут нешта пасьля зімы, аблезла нешта. Слуп недзе падбялілі. Карова паела, пацерлася. Мы кожную пятніцу чысьцім, у нас санітарны дзень».
«Нас да Лукашэнкі не клікалі, хто мы такія»
Па словах Андрэя, надоі ў гаспадарцы ў сярэднім 15 літраў за дзень. Усяго з фэрмы здаюць штодня каля 9 тон малака. Заробкі супрацоўнікаў залежаць ад роду заняткаў. Мінімальны — 500 рублёў. Столькі зарабляе вартаўнік. Жывёлавод можа зарабіць 800-900 рублёў. Даяркі да 1100 рублёў.
«Вельмі крыўдна мне за гэты „Асьвенцім“, — паўтарае дырэктар. — Мяне тут не было, калі карова гэтая вылезла, нас ня клікалі – хто мы такія? Мяне ўжо потым паклікалі да прэзыдэнта, у канцы. Ці сказаў я яму, што мне крыўдна за „Асьвенцім“? Неяк не адважыўся я сказаць».
Андрэй вядзе нас па будынках фэрмы, паказвае даільнае аддзяленьне, вэнтылятар, які не ўключылі пры Лукашэнку. Просіць усё паглядзець і паказаць «як ёсьць».
«Убаку мы тут стаялі, хто мы такія, — працягвае расказваць кіраўнік комплексу пра візыт кіраўніка краіны. — Потым, як мне пазванілі, то я прыбег. Каб я тут быў адразу, я б і вэнтылятар уключыў, і паказаў бы ўсё нармальна. Мяне пакуль не спрабавалі пакараць. А за што? За тое, што ў калгасе саломы няма каровам падсьцяліць? Гэта ўсім вядома. Я начальству паведамляю пра ўсё».
«Вядома, 15 літраў – гэта добра. Але можна і лепш, толькі ў мяне цяпер шмат кароваў целіцца, яны пакуль ня могуць даваць шмат малака, — наракае Андрэй. — Тут ад пачатку завозілі цялушак, яны толькі потым пачалі цяліцца і станавіцца каровамі».
«„Александрыя“ найлепшай лічыцца, вядома»
Кіраўнік комплексу пагаджаецца пайсьці з намі пашукаць тую саму карову, якая папалася на вочы кіраўніку краіны. Здарылася гэта ў радзільным аддзяленьні. Андрэй расказвае, што каровы тут насамрэч могуць выглядаць худымі проста таму, што нядаўна нарадзілі.
Што сказаў Лукашэнка?
- «Не, гэтая карова ледзь жывая, ты паглядзі, як яна рухаецца».
- «Навошта вы сюды мяне прывезьлі? Каб я зараз службе бясьпекі загадаў надзець вам наручнікі?»
- «Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею».
- «Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср...ная. І на поўсьці ўсё закарэла».
«Вось гэты будынак, дзе ўсё адбывалася, — Андрэй заводзіць нас у памяшканьне, якое ўчора пабачыла ўся краіна. — Глядзіце, усё пасьцелена тут. А яны прыехалі а 12-й гадзіне, падсьцілка ўжо была не зусім сьвежай. Але зараз пачатак вясны, сьвежая салома скончылася, цяпер яна ня той якасьці. Але вы вось паглядзіце, тут у стойле каровы бруднымі ня будуць. Яна легла – і ўсё нармальна. Мы тут не рабілі нічога пасьля ўчорашняга. Зараз я вам тую самую карову пакажу... Дзе яна. Вось гэтая хіба, альбо не».
Кіраўнік комплексу дадае, што сярод вялікага статку заўсёды знойдзецца некалькі асобін, якія выкачаюцца ў гразі. Яны найбольш актыўныя. Учора акурат адна з такіх бойкіх кароваў выйшла да Лукашэнкі.
«Вось адсюль мы сюды пайшлі, — працягвае расказваць Андрэй пра ўчорашні дзень. — Тут ужо ніякіх пытаньняў ня ўзьнікла. Вось паглядзіце, калі ласка. Наша гаспадарка нядрэннай лічыцца. „Александрыя“ ў нас адна з найлепшых, вядома. Але мы таксама на ўзроўні. Паглядзіце, цялушкі як цялушкі, хлявы як хлявы. Вы самі ўсё бачыце. Пасьля прэзыдэнта ніхто ж тут ужо не прыбіраў. І кароваў мы ня мылі пасьля яго».
Андрэй расказвае, што ўчора пасьля візыту кіраўніка краіны атрымаў шмат званкоў ад родных і знаёмых. Некаторым прыйшлося яго супакойваць.
«Ведаеце, сёньня мой жывёлавод акурат з гэтага будынка, дзе ўсё адбывалася, сказаў: «Ну што, мае любімыя кароўкі, учора вы пабылі ў канцлягеры, а сёньня будзем рабіць піянэрскі лягер „Сонейка“», — разьвітваецца кіраўнік комплексу «Сьліжы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі ў Беларусі фэрмаў з «абас…ымі каровамі» і чаму так склалася. Тлумачыць Ярашук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дамагчыся, каб у стойле імгненна стала суха і чыста. Мэтад фэльдфэбэля вэрмахту