Дзе найбольш нараджаюць і найменш зарабляюць. Новыя лічбы пра жыцьцё ў беларускіх гарадах

Апублікаваная нядаўна статыстыка Белстату дазваляе прасачыць, як зьмяняецца колькасьць жыхароў у найбуйнейшых гарадах краіны, дзе людзі зарабляюць найбольш, якія гарады лепш за іншыя прыцягваюць інвэстыцыі і разьвіваюцца, а зь якіх людзі ўцякаюць нягледзячы на высокія заробкі.


Жыхары

У Беларусі толькі 15 гарадоў маюць больш за 100 тысяч жыхароў. Акрамя абласных цэнтраў і сталіцы, гэта Орша, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Наваполацк, Ліда, Салігорск, Мазыр і Пінск.

Самым буйным горадам Беларусі па-ранейшаму застаецца Менск. Лукашэнка ўжо заявіў, што ў бліжэйшыя гады ўрад моцна абмяжуе тэмпы будаўніцтва новага жыльля ў сталіцы, але пакуль тут жыве больш людзей, чым ва ўсіх абласных цэнтрах разам узятых — 1 мільён 993 тысячы чалавек. Гэта афіцыйна. Можна меркаваць, што неафіцыйная колькасьць жыхароў сталіцы Беларусі ўжо перавышае 2 мільёны чалавек.

На другім месцы Гомель — амаль 537 тысяч жыхароў. На трэцім Магілёў — 383 тысячы. Самы вялікі з неабласных цэнтраў Бабруйск — тут жыве амаль 217 тысяч беларусаў. Апошні ў нашым неафіцыйным «сьпісе 15-ці» Наваполацк — 107 тысяч чалавек.


Але гэта колькасьць насельніцтва. Калі паглядзець на тэмпы яе росту за апошні год, то Менск ужо не на першым месцы. І нават не на другім. Сталіца саступае Берасьцю і Горадні. У заходніх абласных цэнтраў па 0,87% і 0,71% павелічэньня колькасьці насельніцтва за год адпаведна. У сталіцы — толькі 0,52%. Столькі ж у Магілёва. У лічбах гэта выглядае так — плюс тры тысячы берасьцейцаў за год, 2646 гарадзенцаў, 10320 менчукоў.

Расьце насельніцтва ва ўсіх абласных цэнтрах, а вось у іншых буйных гарадах наадварот. Трымаецца толькі Пінск, у Оршы за год колькасьць жыхароў скарацілася амаль на 1% — мінус 1462 чалавекі.


Заробкі


Здавалася б, тут сталіца таксама павінна быць на першым месцы, але зноў не. Самы вялікі сярэдні заробак у Беларусі, калі верыць Белстату, у Салігорску — 1515 рублёў у месяц (сярэдні заробак у краіне за мінулы год быў усяго 980 рублёў). Менск толькі на другім месцы — 1380 рублёў. Недалёка ад сталіцы адсталі Наваполацк (1112) і Мазыр (998).
З абласных цэнтраў наперадзе Гародня. У мінулым годзе сярэдні гарадзенец зарабляў 982 рублі ў месяц. Ва ўсіх іншых буйных гарадах зарабляюць менш, чым у сярэднім па краіне.


Замежныя інвэстыцыі


Па гэтым паказчыку з усіх бакоў зь вялікім адрывам наперадзе сталіца. 845 мільёнаў даляраў замежных грошай за год. На другім месцы з 56 мільёнамі Берасьце. Трэцяе ў Мазыра (55 мільёнаў), але тут трэба ўлічваць пачатак мадэрнізацыі мясцовага нафтаперапрацоўчага завода, якая пачалася акурат летась.

Найменш з абласных цэнтраў замежнікі інвэстуюць у Горадню — толькі 4,6 мільёнаў даляраў за год. У адзінаццаць разоў менш, чым у Берасьце. Гарадзенскім уладам ёсьць над чым падумаць. З неабласных цэнтраў найбольш інвэстыцыйна прываблівым выглядае Барысаў — больш за 18 мільёнаў даляраў.

Яшчэ цікавей, калі пералічыць колькасьць інвэстыцый на кожнага жыхара. Менск па-ранейшаму застанецца на першым месцы — 424 замежных даляры на чалавека. У Мазыры 408 (памятаем пра мадэрнізацыю МНПЗ), у Берасьці — 158 даляраў. Улічваючы найбольшы прырост насельніцтва гэты абласны цэнтр дакладна заслугоўвае ўвагі. Асабліва ў параўнаньні з Горадняй, якая мае толькі 12 даляраў інвэстыцый на кожнага жыхара. З буйных гарадоў краіны горш сытуацыя толькі ў Баранавічах (4 даляры) і Бабруйску (там увогуле загадкавы мінус).


Стратныя прадпрыемствы


У пачатку сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч у інтэрв’ю «Звязьдзе» паведаміў, што ў Беларусі 31 раён зьяўляецца адсталым у разьвіцьці.

Правяраючы яго словы Свабоды высьветліла, што колькасьць стратных прадпрыемстваў у названых Мясьніковічам раёнах складае ад 10% да 16%, толькі ў адным раёне — Сьвіслацкім — яна дасягае 25%. У буйных гарадах з гэтым паказчыкам значна горш.

У Лідзе і Лідскім раёне колькасьць стратных прадпрыемстваў дасягае 29% — амаль траціна. У Менску іх 17%. Гэта значыць прыкладна столькі ж, колькі ў Шаркаўшчынскім раёне, адным з самых дэпрэсіўных у краіне.

Менш за 10% стратных прадпрыемстваў толькі ў Салігорску і Мазыры — па 7,5% і 8,3% адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыбытак прадпрыемстваў — $30, заробак — $269. Як жывуць найбяднейшыя раёны Беларусі. ІНФАГРАФІКА