У Горадні сьвяткуюць Дзень Волі. Онлайн Свабоды

У Калоскім парку Горадні 23 сакавіка праходзіць сьвяткаваньне Дня Волі. Акцыю дазволілі мясцовыя ўлады.

На сьвяточным канцэрце выступяць Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, гурты Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама». Весьці імпрэзу будзе Аляксандар Памідораў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адрасы сьвяткаваньня #БНР101 у Беларусі і за мяжой

17.00 Афіцыйная частка сьвяткаваньня скончылася

Сьвяткаваньне ў Калоскім парку афіцыйна скончылася, людзі паціху разыходзяцца.

16.55 Белавус: «За 5 дзён мы зрабілі сьвята на 5 тысяч чалавек»

На завяршэньне Аляксандар Памідораў запрасіў каманду арганізатараў на сцэну і нагадаў прысутным, што а 18.30 пачнецца імша ў гонар БНР у Фарным касьцёле Горадні.

«Мы за гэты тыдзень зрабілі неверагодны чэлендж — за 5 дзён зрабілі сьвята на 5 тысяч чалавек. Нягледзячы ні на што, нават калі нам у апошні момант адказваюць — мы можам змабілізавацца і арганізаваць сьвята», — сказаў адзін з арганізатараў Павал Белавус.

Павал Белавус

Таксама Павал Белавус заклікаў усіх працягваць сьвяткаваць і 25 сакавіка правесьці нацыянальны флэшмоб: «Я магу, каб у гэты дзень з гаўбцоў, у вокнах, у аўто, у офісах зьяўляліся бел-чырвона-белыя сьцягі». Ён заклікаў прапанаваў выкладваць фота са сьцягамі пад хэштэгам #БНР101, а таксама запускаць па ўсёй краіне феервэркі — 25 сакавіка а 21-ай вечара.

16.46 Сьвяткаваньне ў Горадні. Фота з дрону:

16.12 Пачаўся выступ гурту Dzieciuki. Арганізатары разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг

На сцэну выйшаў горадзенскі рок-гурт Dzieciuki, якому сёлета гурту ўпершышю за апошнія 3 гады дазволілі зайграць сольны канцэрт у Менску.

Рок-гурт Dzieciuki

Абяцаны сюрпрыз — арганізатары пачалі разгортваць вязізны бел-чырвона-белы сьцяг, які падрыхтавалі адмыслова для таго, каб аб'яднаць ім усіх людзей, якія сьвяткуюць Дзень Волі сёньня ў Горадні. Людзі перадаюць адзін аднаму сьцяг.

15.35 Выступае гурт VOLSKI

На сцэну выйшаў гурт VOLSKI. Свой выступ лідэр гурту Лявон Вольскі распачаў песьняй «Сонца нам дапаможа» з супольнага беларускага музычнага праекту «Я нарадзіўся тут». Прагучалі таксама песьні з новых альбомаў Вольскага «Ламай сцэнар», «Лепшыя на сьвеце», «Маё каханьне», а таксама старыя песьні N.R.M. «Паветраны шар», «Лёгкія-гёгкія» і «Тры чарапахі».​

«Я пасьля шматлікіх разгонаў і маіх удзелаў у іх, у досыць небясьпечных акцыях, калі езьдзілі аўтазакі, бегалі „іншаплянэтнага выгляду людзі“ з дубінкамі, ніякіх Дзён Волі асабліва не чакаў. Так што я рады, што такі Дзень Волі ёсьць. Мне падабаецца сьвяткаваньне. Але ж гэта не азначае, што ў краіне ўсё добра», — сказаў пасьля выступу Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі

15.20 Дашкевіч: «Грамадзтва здолела навязаць сваю павестку дня, сваё бачаньне гэтай даты дзяржаве»

Палітык Зьміцер Дашкевіч, які знаходзіцца ў студыі Свабоды, у жывым эфіры сказаў, што падтрымлівае ініцыятыву арганізатараў зрабіць Дзень Волі найперш сьвятам:

«Трэба разумець, што ёсьць розныя акцыі — з розным сэнсам і пасылам. Ёсьць акцыі пратэстныя, ёсьць жалобныя (як Чарнобыльскі шлях), а ёсьць сьвяточныя. І абвяшчэньне незалежнасьці БНР — гэта сьвята.

Ужо вельмі даўно і многім людзям надакучыла бадзяньне зь незразумелымі мэтамі і незразумелымі вынікамі. Чаму раней хадзілі больш „радыкальна“ па праспэктах? — Бо не было такой магчымасьці сабрацца ў цэнтры гораду, ля Опэрнага тэатру, каб годна адсьвяткаваць Дзень Волі», — кажа Дашкевіч.

На Дні Волі ў Горадні 23 сакавіка 2019

Паводле Дашкевіча, «незалежнае грамадзтва здолела навязаць сваю павестку дня, сваё бачаньне гэтай даты дзяржаве, якая больш за 20 год адмаўляла і аспрэчвала гэтую спадчыну — Беларускай Народнай Рэспублікі».

Разам з тым, як адзначыў Дашкевіч, не хацелася б, каб цяпер розныя палітыкі і палітычныя партыі перацягвалі сьвяткаваньне Дня Волі «на сваю карысьць». Трэба напрацоўваць свой аўтарытэт стваральнай працай, а не абразамі адзін аднаго, лічыць Дашкевіч.

14.50 Канцэрт у Горадні. Фота з дрона:

14.45 Людзі з парушэньнямі слыху прадаюць на сьвяце бел-чырвона-белыя сьцяжкі

14.44 Пачаўся выступ гурту «Дай дарогу!»

Берасьцейскі панк-рок гурт «Дай дарогу!» таксама выступіць і 24 сакавіка на канцэрце ў Менску. Летась гурт таксама выступаў на Дні Волі каля Опэрнага тэатру.

14.40 Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Алеся Ліпая, Міхала Анемпадыстава і Аляксандра Кулінковіча

Вядучы мітынгу-канцэрту Аляксандар Памідораў нагадаў, што летась адным з галоўных спонсараў сьвяткаваньня 100-годдзя БНР быў заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, які памёр 23 жніўня.

Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць Ліпая, памерлых летась Міхала Анемпадыстава і Аляксандра Кулінковіча, а таксама і «ўсіх, хто не шкадуе свайго жыцьця для нашай краіны».

14:35 Мастак Алесь Сураў: Калі мы хочам, каб наша краіна адбылася, нам абавязкова трэба сьвяткаваць Дзень Волі

Сураў зазначыў, што рады ў чарговы раз сабрацца на гэтай пляцоўцы, «нягледзячы на дробныя перашкоды».

«Мы ўсе ведаем, што мы нашчадкі вялікай гісторыі. Але так склаўся лёс, што яна была зьнішчаная нашымі суседзямі-нядобразычліўцамі, — падкрэсьліў ён. — За гэты час зрабіўся іншы склад — этнічны, культурны. У 1918 годзе нашы куміры — інтэлігенцыя — заявілі пра ўзьнікненьне новай дзяржавы — Беларусі».

14.20 Выступае легендарны беларускі рок-гурт «Крама».

Выступ гурту «Крама». Сьпявае Ігар Варашкевіч

13.50 Гарадзенка: «Я не магу прайсьці па вуліцы зь бел-чырвона-белым сьцягам»

Жыхарка Горадні Галіна прыйшла на сьвята зь бел-чырвона-белым сьцягам.

«Гэта наш сьцяг. Я спадзяюся дажыць да тых часоў, калі ён будзе дазволены, а не забаронены, як цяпер. А цяпер я не магу зь ім свабодна прайсьці па Савецкай вуліцы. А хацела б», — кажа жанчына ў прамым эфіры Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна хадзіць па Горадні і Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам на #БНР101?

13.40 На сцэну выйшаў бард Зьміцер Вайцюшкевіч.

13.39 Губарэвіч: «Працягваем зьбіраць сродкі на менскі канцэрт. Сабрана толькі 2 тысячы з 12,5 неабходных»

Адзін з арганізатараў менскага сьвяткаваньня, якое пройдзе ў Кіеўскім сквэры 24 сакавіка, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у студыі Свабоды распавёў, што на менскім сьвяце таксама будзе фудкорт, забавы, цікавая і насычаная праграма, і заклікаў усіх прыходзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на Дзень Волі заплянавалі канцэрт у Кіеўскім сквэры. Ёсьць дазвол уладаў

У той жа час Губарэвіч падкрэсьліў, што зь фінансавай падтрымкай сьвятакаваньня «па-ранейшаму ўсё складана». Паводле Губарэвіча, цяпер сабрана каля 2 тысяч рублёў зь неабходных 12,5 тысячы, паводле падлікаў арганізатараў. Толькі ахова міліцыі каштуе каля 3800 рублёў, і яе паслугі трэба аплаціць цягам 10 дзён пасьля акцыі. Збор сродкаў працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары менскага канцэрту на Дзень Волі не прэтэндуюць на грошы, сабраныя на #БНР101

«Вельмі дзіўная сытуацыя, калі ўлада падзяляе грамадзян на першы гатунак і другі: тыя, каго зьбіраюць дзяржаўныя органы ці прадзяржаўныя арганізацыі, вызваленыя ад аплаты паслуг міліцыі (за нашы з вамі падаткі), а калі грамадзяне хочуць сабрацца разам і арганізаваць нешта альтэрнатыўнае, тут даводзіцца плаціць.

Гэта бязглуздая сытуацыя, і мы будзем аспрэчваць такое рашэньне Савета Міністраў, але гэта ўжо пэрспэктыва далейшых дзён, а на сёньня самае галоўнае — падрыхтаваць і правесьці сьвята ў Менску», — сказаў Губарэвіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня: колькі грошай сабралі на Дзень Волі ў Горадні

Паводле Губарэвіча, палітычны падтэкст сьвята па-ранейшаму захоўваецца, бо на сёньня ёсьць рэальныя пагрозы беларускай незалежнасьці: гэта і падпісаньне Саюзнай дамовы, і ўдзел у вайсковых блёках з Расеяй, — і пра ўсё гэта арганізатары будуць казаць на акцыі.

Тысячы чалавек на Дні Волі ў Горадні. ФОТАГАЛЕРЭЯ

13.37 Павал Белавус: На сьвяткаваньні ў Горадні прысутнічае 3000 чалавек

Як паведаміў Свабодзе адзін з арганізатараў, Павал Белавус, на пачатку сьвяткаваньня ў Калоскім парку было каля трох тысяч чалавек. Па ацэнках журналістаў Свабоды, гэтая лічба можа быць меншай — каля 1500 чалавек. Па стане на 13.30 ля пунктаў пропуску яшчэ заставаліся чэргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтам падаўжаюць заняткі на час сьвяткаваньня Дня Волі?

13.30 Выступае гісторык Алесь Краўцэвіч

«Гэта наш цяжар, наш пункт, бар’ер, які мы павінны прайсьці. Ва ўсіх краінах — і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і ў былой Югаславіі — день абвяшчэньня незалежнасьці пад канец Першай сусьветнай вайны — гэта нацыянальнае сьвята, гэта выступ прэзыдэнта, гэта сьвята на ўзроўні ўсёй нацыі, усёй дзяржавы. Мы ж да гэтага часу маем цяжкасьці з правядзеньнем гэтага сьвята. Але мы гэту цяжкасьць пераадолеем», — кажа Краўцэвіч.

Паводле гісторыка, тое, што на сьвята прыйшло столькі маладых людзей, гаворыць пра тое, што 25 сакавіка стане нацыянальным сьвятам Беларусі.

Моладзь на Дні Волі

13.00 Канцэрт пачаўся

Пасьля ўступнага слова шоўмэна Аляксандра Памідорава першым на сцэну выйшаў магілёўскі гурт Nizkiz, які сёлета стаў ляўрэатам музычнай прэміі «Героі году». Для Nizkiz гэта ўжо другі выступ на Дзень Волі. На менскім «Сьвяце Незалежнасьці» у 2018 годзе музыкі ўжо станавіліся «таемнымі гасьцямі».

13.00 Сабралася каля 1,5-2 тысяч чалавек

Мэдыяэкспэрт Франак Вячорка са спасылкай на арганізатараў сьвяткаваньня паведаміў, што сабралася ўжо прыблізна паўтары-дзьве тысячы чалавек.

Людзі ідуць на сьвята зь бел-чырвона-белымі сьцягамі

12.45 Што паглядзець у Горадні на Дзень Волі

Свабода зладзіла віртуальную экскурсію па гістарычных мясьцінах Горадні. 12 адрасоў, зьвязаных гісторыя БНР і беларускага руху пачатку ХХ стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 гістарычных адрасоў. Што паглядзець у Горадні — другой сталіцы БНР. ФОТА + МАПА

12.34 Арганізатары чакаюць сама меней 10 тысяч чалавек

Адзін з арганізатараў сьвяткаваньня Павал Белавус заявіў, што чакае на сьвяце 10 тысяч чалавек і больш.

Сцэна перад пачаткам

Яшчэ адзін з арганізатараў # БНР101 Вадзім Саранчукоў адзначыў, што нягледзячы на абмежаваны час на падрыхтоўку да сьвяткаваньня, агранізатары пасьпелі літаральна за чатыры дні падрыхтаваць усю тэхнічную частку: сцэну, фудкорт, пункт, дзе працуюць рамесьнікі, арганізавалі асобную пляцоўку для дзяцей і пляцоўку з крэсламі для сталых людзей.

Паводле Саранчукова, сьвята рыхтавалі агулам каля 70 чалавек.

Фудкорт

​Паводле Эдуарда Пальчыса, арганізатары «ідуць на сусьветны рэкорд» па хуткасьці арганізацыі працы — калі летась на арганізацыю быў 21 дзень, цяпер усё пасьпелі за 5 дзён.

12.12 ДАІ выбарачна спыняе менчукоў, якія едуць на сьвята

Некалькі менчукоў, якія ранкам ехалі ў Горадню на ўласным аўта, паведамілі Свабодзе пра спыненьне экіпажам ДАІ. Патруль стаіць на пад’езьдзе да Ліды і выбарачна спыняе легкавікі.

«У нас праверылі дакумэнты, куды едзем — не пыталіся, — расказаў Свабодзе адзін зь менчукоў. — У выніку далі мінімальны штраф за адсутнасьць тэхагляду і адпусьцілі далей без праблем. Аўтамабілі спыняюць выбарачна. Кіроўцы гавораць, што патруль ДАІ ў гэтым месцы бывае рэгулярна».​

Міліцыя ахоўвае тэрыторыю сьвяткаваньня

12.00 Свабода пачала онлайн-траньсляцыю з Дня Волі.

Пляцоўка для сьвяткаваньня агароджаная турнікетамі, АМАП з мэталашукальнікамі старанна правярае людзей на ўваходзе.

Раней мы паведамлялі пра тое, што можна і нельга праносіць на тэрыторыю сьвяткаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са cцэнай, але без турнікетаў. Што можна і нельга праносіць на сьвяткаваньне #БНР101 у Горадні

А 12-ай гадзіне ў Калоскай царкве вернікі пачалі маліцца за Беларусь.

11.35 Першы бел-чырвона-белы сьцяг у Горадні.

У Менску дазволеныя канцэрт і мітынг, прысьвечаныя 101-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдуць 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР