ЗША і Вялікая Брытанія заклікалі Расею вызваліць ўкраінца Паўла Грыба і іншых палітвязьняў

ЗША і Вялікая Брытанія занепакоеныя рашэньнем расейскага суду, які асудзіў ўкраінскага палітвязьня Паўла Грыба на 6 гадоў пазбаўленьня волі, і заклікаюць Маскву неадкладна вызваліць ўкраінца. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы глыбока занепакоеныя сёньняшнім выракам суду РФ, паводле якога Павел Грыб несправядліва асуджаны да 6 гадоў зьняволеньня. Мы таксама занепакоеныя адносна цяжкага стану яго здароўя», — сказана ў паведамленьні амэрыканскай амбасады ў Твітэры ў пятніцу.

ЗША заклікаюць Расею «неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, паважаць сувэрэнітэт Украіны і правы яе грамадзян, а таксама спыніць беспадстаўны палітычны перасьлед украінцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта сьмяротны вырак», — бацька выкрадзенага ў Гомлі і асуджанага ў Расеі ўкраінца Грыба

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэрэмі Гант таксама заклікаў Расею неадкладна вызваліць Паўла Грыба.

«Працяг выкарыстаньня Расеяй палітычна матываваных затрыманьняў жахае. Павел Грыб быў сёньня асуджаны да 6 гадоў. Ён пакутуе ад сур’ёзных захворваньняў і не атрымліваў адэкватную мэдычную дапамогу ў расейскім ізалятары. Усьлед за Паўлом Клімкіным я заклікаю неадкладна вызваліць Паўла Грыба», — напісаў Гант ў Твітэры.

Раней сёньня Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд вынес абвінаваўчы прысуд Паўлу Грыбу, асудзіўшы яго да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Украінец у апошнім слове сказаў, што не прызнае абвінавачваньні ФСБ Расеі ў садзеяньні тэрарыстычнай дзейнасьці.

19-гадовы Павел Грыб зьнік 24 жніўня 2017 году падчас наведваньня Беларусі. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Краснадары.

У Расеі Грыба абвінавацілі ў падбухторваньні да тэракту, ён усе абвінавачваньні адмаўляе.

З прычыны пагаршэньня стану здароўя Павел Грыб мае патрэбу ў тэрміновай мэдычнай дапамозе, у тым ліку ў апэрацыі.