Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкрадзенага зь Беларусі ўкраінца шпіталізавалі з залі суду


Паўло Грыб у судзе, 18 кастрычніка 2017
Паўло Грыб у судзе, 18 кастрычніка 2017

Абвінавачанага ў тэрарызьме ўкраінца Паўла Грыба шпіталізавалі падчас судовага пасяджэньня. Яго справу разглядае Паўночна-Каўкаскі вайсковы акруговы суд у Сочы.

Паводле адвакаткі Марыны Дубровінай, зьняволены ўкраінец некалькі дзён скардзіўся на моцны боль у жываце і млоснасьць. Абаронца хадайнічала аб пераносе пасяджэньня з увагі на стан здароўя Паўла Грыба, але яе просьбу не задаволілі.

З судовай залі Паўла Грыба перавезьлі ў шпіталь. Пасьля агляду лекары паведамілі, што Грыб мог заразіцца вострым энтэракалітам. Але мэдыкі ня выключылі, што ў яго магла абвастрыцца язвавая хвароба: 18-гадовы ўкраінец пакутуе ад хранічнай формы гэтай інфэкцыі.

Сёньня суд плянаваў дапытаць асноўную сьведку па справе Паўла Грыба — яго дзяўчыну Тацьцяну Яршову. У выніку допыт не адбыўся.

Маладыя людзі пазнаёміліся ў сацсетцы «Вконтакте» ў 2017 годзе, там яны пачалі весьці перапіску. Паводле вэрсіі сьледчых ФСБ, у чэрвені 2017 году Грыб спрабаваў пераканаць Яршову падарваць бомбу ў дзень выпускнога вечара ў школе № 26 у Сочы. У тым жа месяцы, Паўло Грыб і Тацьцяна Яршова дамовіліся сустрэцца ў беларускім Гомелі. Паўгадзіны пасьля іх першага спатканьня, Грыба выкралі невядомыя людзі ў цывільным. Празь некалькі тыдняў ён апынуўся ў Краснадарскім СІЗА № 5.

Супраць Паўла Грыба выставілі абвінавачаньне ў схіляньні да тэрарызму. 19-гадовы ўкраінец і яго сям’я гэтыя абвінавачаньні адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG