Студэнтам падаўжаюць заняткі на час сьвяткаваньня Дня Волі?

Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2018

Некаторым студэнтам Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы прызначылі дадатковыя заняткі ў суботу, 23 сакавіка, калі ў Калоскім парку адбудзецца сьвяткаваньне 101-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Горадня

Студэнты, зь якімі пагаварыла Свабода, мяркуюць, што зьмены адбыліся менавіта з нагоды #БНР101. Старасты групаў і выкладчыкі папярэджвалі іх, каб не хадзілі на сьвяткаваньне ў Калоскі парк. Абяцаюць правяраць прысутнасьць на занятках у гэты дзень.

У рэктараце Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту карэспандэнту Свабоды сказалі, што ў іх шасьцідзённы рабочы тыдзень і студэнты вучацца «у звычайным, штатным рэжыме».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Горадні дазволілі сьвяткаваць #БНР101. Будуць мітынг, канцэрт і дзіцячыя пляцоўкі

«Наша субота заўсёды была працоўнай. Не таму, што гэта Дзень Волі і канцэрт. У нас колькасьць параў ня можа быць большай, чым гэта прадугледжана санітарнымі нормамі і навучальным плянам. Мы гэта жорстка выконваем. І проста даставіць пары ад таго, што ў гэты дзень недзе нейкае мерапрыемства, мы ня маем права», — сказала прадстаўніца рэктарату.

Інфармацыя зьявілася ў Telegram-канале Nexta.

Зьмены раскладу ў гэты дзень адбыліся на некаторых факультэтах у асобных групах ГрДУ. Заняткі прызначаныя на другую палову дня. У асобных выпадках, як на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, пары заканчваюцца толькі пасьля 21:00.

Расклад некаторых груп горадзенскага ўнівэрсытэту 23 сакавіка

​Дэкан факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык таксама спаслалася на тое, што студэнты маюць заняткі шэсьць дзён на тыдзень.

«Гэта звычайная зьява. У нас заўсёды па суботах ставяцца заняткі для студэнтаў. Ёсьць навучальны плян, які мы павінны выконваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра Дзень Волі-2019 ў Горадні і Менску

Афіша канцэрту на Дзень Волі (#БНР101), Горадня, 23 сакавіка

Берасьце

У Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна, паводле каналу Nexta, заплянавана культурная праграма на 23-25 сакавіка. Наведваньне музэяў і кінатэатру абавязковая.

На гістфаку БрДУ таксама абяцаюць правяраць прысутнасьць студэнтаў на занятках 23 сакавіка. Вызваленьні ад вучобы на пятніцу-суботу не падпісваюць. На вечар суботы прызначылі бацькоўскі сход.

Прарэктар у выхаваўчай працы Тацяна Сакалова ня стала камэнтаваць сытуацыю карэспандэнту Свабоды і параіла зьвязацца з прэс-службай. Аднак, як высьветлілася, прэс-сакратар недасяжны, бо цягам дня праводзіць заняткі.

Плякат канцэрту #БНР101 у Менску, Дзень Волі

Менск

Таксама ў сеціве зьявілася інфармацыя, што навучэнцаў Менскага мэдыцынскага каледжу прымусілі расьпісацца, што яны азнаёмленыя з адказнасьцю за ўдзел у масавых акцыях. Хоць сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску 24 сакавіка санкцыянавана Менгарвыканкамам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на Дзень Волі заплянавалі канцэрт у Кіеўскім сквэры. Ёсьць дазвол уладаў

Намесьніца дырэктара каледжу ў выхаваўчай працы Тацяна Кулікова ў размове з карэспандэнтам Свабоды абвергла гэтую інфармацыю. А як яна ставіцца да таго, што навучэнцы ў Дзень Волі пойдуць на канцэрт у Менску?

«Гэта права выбару кожнага. Таму ніякага збору подпісаў ці папярэджаньня, каб нехта некуды не залез і не хадзіў, у нас такога не было. Кожны чалавек вольны, і права выбару застаецца за ім», — сказала Кулікова.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР