Прадстаўнік АБСЭ заступіўся за журналістаў, якім не дае акрэдытацыю МЗС Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Арлем Дэзір, які 18-20 сакавіка наведвае Беларусь з афіцыйным візытам, на сустрэчы з чыноўнікамі сярод іншага ўзьняў пытаньне аб акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, паведамляе БелаПАН.

Акрэдытацыя не павінна быць дазволам на працу журналіста

Арлем Дэзір падкрэсьліў, што праблемы з атрыманьнем акрэдытацыі «часам маюць даволі відавочныя наступствы ў выглядзе штрафаў і абмежаваньня дзейнасьці».

«Мы казалі пра тое, што акрэдытацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасьці дазволу на працу журналіста. Журналісты павінны мець магчымасьць працаваць — гэта прынцыповае пытаньне, — сказаў ён у інтэрвію БелаПАН. — А акрэдытацыя павінна выкарыстоўвацца толькі для таго, каб даць журналістам большы доступ да інфармацыі, магчымасьць наведваць прэс-канфэрэнцыі, мець зносіны з прадстаўнікамі ўраду. Мы раім унесьці некаторыя змены ў заканадаўства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыехаў прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыя

Ціск на незалежныя СМІ і «справа БелТА»

Прадстаўнік АБСЭ адзначыў, што на сустрэчах з прадстаўнікамі СМІ, журналісцкіх арганізацый і ўладаў абмяркоўваў праблемы, зь якімі сутыкаюцца ў сваёй працы беларускія журналісты, у тым ліку «справу БелТА» і судовы прысуд галоўнаму рэдактару парталу Tut.by Марыне Золатавай.

«Гэта справа выклікала ў нас вялікую заклапочанасьць. Мы лічым, што абвінавачаньні былі неадпаведныя і што падобных судовых працэсаў супраць мэдыя быць не павінна», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ спадзяецца, што прысуд галоўнай рэдактарцы Tut.by адменяць

Дэзір зьвярнуў увагу на праблему адсутнасьці ў Беларусі грамадзкіх СМІ і адзначыў, што недзяржаўныя СМІ працягваюць падвяргацца ціску і перасьледу.

«Цяпер, калі мы бачым у Беларусі абмеркаваньне праблемы сувэрэнітэту і дэзінфармацыйнага ўмяшальніцтва, вельмі важна садзейнічаць разьвіцьцю беларускіх СМІ, у тым ліку і недзяржаўных», — адзначыў Дэзір.

Абмяркоўваліся і папраўкі закон аб СМІ, што тычыцца рэгістрацыі мэдыя, магчымасьці блякаваньня сайтаў, акрэдытацыі журналістаў. Паводле Дэзіра, гэта тыя моманты, па якіх АБСЭ «рэкамэндуе ўнесьці больш яснасьці, у тым ліку па правапрымяняльнай практыцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік АБСЭ заклікаў беларускія ўлады перагледзець закон аб СМІ

Важна, каб барацьба з экстрэмізмам не адбілася на свабодзе слова

Абмяркоўвалася на сустрэчах і падрыхтоўка зьменаў у закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і новую канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі.

Гаворачы аб канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі, якую 18 сакавіка падпісаў Аляксандар Лукашэнка, Дэзір адзначыў, што пры вырашэньні праблемы барацьбы з дэзінфармацыяй, фэйкавымі навінамі і маніпуляцыямі звонку лічыць важным працаваць над паляпшэньнем якасьці працы СМІ і якасьці журналісцкіх матэрыялаў, «але ніяк ня рухацца ў тым напрамку, якое прывядзе да абмежаваньняў у дачыненьні да мэдыя і незалежных галасоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто пагражае інфармацыйнай бясьпецы Беларусі?

У пытаньні процідзеяньня экстрэмізму, паводле Дэзіра, для Беларусі важна «выконваць міжнародныя стандарты, належныя прававыя працэдуры, каб барацьба з экстрэмізмам не рабіла нэгатыўнага ўплыву на свабоду выказваньня меркаваньняў і свабоду СМІ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі мае на мэце абарону нацыянальнага сувэрэнітэту ад размываньня