Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыехаў прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыя


 Ператрус і арышт маёмасьці ў офісах тэлеканалу «Белсат»
Ператрус і арышт маёмасьці ў офісах тэлеканалу «Белсат»

Увечары 18 сакавіка Арлем Дэзір у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) сустрэўся з актывам гэтай арганізацыі. Журналісты расказалі афіцыйнаму прадстаўніку АБСЭ пра сытуацыю са свабодай слова ў краіне.

Так, журналістка Белсату Ірына Слаўнікава распавяла, як даводзіцца ёй і яе калегам працаваць без акрэдытацыі. Ім прысуджаюць штрафы, абшукваюць іх кватэры, могуць сканфіскаваць тэхніку ці прысудзіць адміністрацыйны арышт.

«Мы адчуваем велізарны ціск», — сказала Слаўнікава.

Галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб казала аб пазовах супраць яе газэты, зьвязаных з публікацыямі вакол Курапатаў.

Прадстаўнік АБСЭ нагадаў, што гэта яго першы візыт у Беларусь. Ён вельмі ўдзячны за інфармацыю, якую сёньня пачуў.

«Мы ведаем рэаліі і цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца беларускія незалежныя журналісты. Тое, што я пачуў сёньня, дапаможа ў далейшай працы над тым, каб у беларускіх мэдыя ўсталяваўся плюралізм», — сказаў Дэзір.

Пра гэта прадстаўнік АБСЭ будзе размаўляць 19 сакавіка з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. Сустрэча ў БАЖ была другой цягам 18 сакавіка для Дэзіра. Перад тым ён сустракаўся з калектывам парталу Tut.by, у тым ліку з галоўнай рэдактаркай парталу Марынай Золатавай.

Дэзір нагадаў, што агучваў сваю пазыцыю пасьля масавых затрыманьняў журналістаў у «справе БЕЛТА» і абвяшчэньня выраку Марыне Золатавай, пасьля ператрусаў у фрылансэраў з Горадні.

Яшчэ раней заяву афіцыйнага прадстаўніка АБСЭ аб ягонай занепакоенасьці ўнясеньнем зьменаў у беларускае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі распаўсюдзіла прэсавая служба АБСЭ.

Візыт афіцыйнага прадстаўніка АБСЭ праходзіць 18–20 сакавіка. У ягоных плянах таксама сустрэчы з кіраўнікамі і журналістамі розных мэдыя, з мэдыя-экспэртамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG