25 сакавіка 1918 году ў Менску была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2019 годзе адзначаецца 101-я гадавіна гэтай падзеі — сьвяточныя канцэрты пройдуць у Горадні (23 сакавіка) і Менску (24 сакавіка).
Менгарвыканкам да Дня Волі не дазволіў масавыя акцыі ў цэнтры Менску. Агулам не ўхвалілі ўсе 4 пададзеныя заяўкі: дзьве ад «Арт Сядзібы» і Партыі БНФ (кампанія #БНР101), і дзьве ад руху «За Свабоду» і БСДП «Грамада». Праводзіць акцыі ўлады прапанавалі ў месцах, вызначаных для мітынгаў паводле заяўнага прынцыпу.
23 сакавіка сьвяточны канцэрт пройдзе ў Каложскім парку ў Горадні. Акцыя дазволеная. Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Сьвята Незалежнасьці», разглядае яго як асноўную імпрэзу, бо не атрымала дазволу на «годныя пляцоўкі» для канцэрту ў Менску. Анансавалі выступы Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як даехаць на #БНР101 зь Менску ў Горадню24 сакавіка пройдзе мітынг-канцэрт да Дня Волі ў Менску ў Кіеўскім сквэры. Яго ладзяць Правацэнтрысцкая кааліцыя і БСПД (Грамада). Анансавалі выступы гуртоў «Дай дарогу» (другі раз), N.R.M., «Разьбітае сэрца пацана» і іншых.
25 сакавіка кампанія #БНР101 прапануе адзначыць фэервэркамі а 21-й гадзіне, а таксама несьці кветкі да будынку на вул. Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Мікола Статкевіч — прыхільнік несанкцыянаваных акцыяў у цэнтры Менску — абяцаў абвясьціць пра свае пляны на 25 сакавіка ў чацьвер, 21-га.
На сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі «Арт Сядзіба» абвясьціла краўдфандынг. На момант публікацыі праз Talaka.by і Facebook сабралі 19% ад заяўленай мэты ў 88 500 рублёў.
Дзень Волі таксама зьбіраюцца адзначаць за мяжой: у Літве, Польшчы, Украіне, Чэхіі, Ізраілі, ЗША.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі-2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА