У час галасаваньня на выбарах мэра Вільні ў нядзелю, 18 сакавіка прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце адказала на пытаньні журналістаў і сярод іншага згадала Беларускую атамную электрастанцыю, перадае Delfi.
Два тыдні таму прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што плянуе прапанаваць беларускім уладам выкарыстаць інфраструктуру БелАЭС у Астраўцы, каб абсталяваць электрастанцыю на газе (ён назваў гэта «плян-хуліган»).
У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі карэспандэнту Свабоды тады сказалі, што не атрымлівалі ніякіх афіцыйных прапановаў зь літоўскага боку — казалі, калі гэта не афіцыйная прапанова, а прыватная думка, то гэта «палітычныя перадвыбарныя інсынуацыі». Таксама пра «плян Сквярняліса» да пытаньня журналістаў ня ведаў міністар замежных справаў Літвы.
Цяпер прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце заявіла, што прапановы Сквярняліса не былі ўзгодненыя зь ёй.
«Наконт узгадненьня магу толькі адно сказаць, — адказала прэзыдэнтка на пытаньне журналістаў. — Канстытуцыя прадугледжвае, што рашэньні [у замежнай палітыцы] прымае толькі прэзыдэнт. Замежная палітыка ажыцьцяўляецца разам з урадам. Паколькі гэтая тэма не абмяркоўвалася, а гэта — стратэгічная мэта замежнай палітыкі, мяркую, што гэта антыканстытуцыйнае дзеяньне».
Пры гэтым сама Грыбаўскайце таксама выступае супраць запуску БелАЭС — і яе таксама крытыкуе беларускі бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі заявіла пра «кагнітыўны дысананс» адносна прэзыдэнткі Літвы і БелАЭС. Што гэта такое
Гэта ня першая іх спрэчка
Стасункі прэзыдэнта і прэм’ера Літвы ня першы раз выліваюцца ў публічныя спрэчкі. Так, у сярэдзіне мінулага тыдня Сквярняліс крытыкаваў Грыбаўскайце за тое, што яна нібыта «ізалюе Літву ад Расеі і Беларусі» і даводзіць стасункі з апошнімі «да крайнасьцяў».
Год таму яны спрачаліся наконт міністра сельскай гаспадаркі — Сквярняліс спачатку адмаўляў Грыбаўскайце ў адстаўцы чыноўніка, маці якога абвінавацілі ў неналежным афармленьні арэнды зямельных надзелаў, але затым пагадзіўся. Тады Сквярняліс заявіў, што прэзыдэнтка «не ўпершыню відавочна займае перадузятую пазыцыю і прадстаўляе цалкам відавочна адну палітычную партыю». Якую, не сказаў.
Сам прэм’ер з партыі «Зьвяз сялянаў і зялёных», якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, а беспартыйную Грыбаўскайце часьцей падтрымлівала кансэрватыўная партыя «Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы», якая цяпер у парлямэнцкай апазыцыі.
Цяпер Грыбаўскайце выказалася наконт Сквярняліса ня толькі ў кантэксьце БелАЭС. Яна заявіла: «Гэта трэба ўмець, так ганьбіцца на міжнародным узроўні з боку прэм’ера», маючы на ўвазе інтэрвію прэм’ера, у якім той нібыта назваў латышоў «не братамі, а канкурэнтамі» (ён тлумачыў, што цытату перадалі недакладна і вырвалі з кантэксту гаворкі пра энэргетыку і марскія парты). Прэзыдэнтка згадала таксама, што Сквярняліс «вярнуўся з ізраільскай паездкі з нотаю пратэсту з Палестыны».
Грыбаўскайце займае прэзыдэнцкае крэсла з 2009 году. У выбарах, якія пройдуць 12 траўня, яна ўжо ня будзе браць удзелу, бо ня можа балятавацца трэці раз. Сквярняліс заяўляў, што выставіць сваю кандыдатуру.