У залі «Сёмае неба» гатэлю «Менск» 15 сакавіка прайшла прэзэнтацыя новай кнігі Святланы Алексіевіч «100 цытатаў на Свабодзе». У відэазвароце нобэлеўская ляўрэтка адказала на пытаньні пра свабоду, апазыцыю і каханьне.
Кніга з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла на чатырох мовах — беларускай, украінскай, расейскай і ангельскай. У кнізе выбраныя фрагмэнты вусных выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч, якія цягам двух дзесяцігодзьдзяў гучалі на хвалях Радыё Свабода.
На прэзэнтацыі прысутнічалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, вучні і выкладчыкі ліцэю імя Якуба Коласа, палітыкі, журналісты, даўнія слухачы і чытачы Свабоды
Святлана Алексіевіч выбачылася за тое, што не змагла завітаць на сустрэчу, бо «на жаль, біялёгія мацнейшая за мяне». Аднак пісьменьніца запісала відэазварот да слухачоў.
Your browser doesn’t support HTML5
Аляксандр Лукашук прадставіў кнігу і назваў яе па фармаце «антыалексіевіцкай». «Усё сваё жыцьцё яна запісвала галасы іншых. Але гэтая кніга складаецца толькі зь яе аўтарскага голасу», — распавёў Аляксандр Лукашук.
Your browser doesn’t support HTML5
Гісторыю кнігі Аляксандр Лукашук назваў драматычнай. Узьнікла ідэя зьвярнуцца да архіваў аўдыёперадач Радыё Свабода. Укладальнік кнігі Сяргей Навумчык адабраў цытаты нобэлеўскай ляўрэаткі. Ідэя спадабалася Сьвятлане Алексіевіч, і яна ўзялася папрацаваць над ёю. Празь нейкі час пісьменьніца вырашыла, што рабіць кнігу ня трэба. Так мінула яшчэ паўгода. І Аляксандр Лукашук напісаў: «Шкада, што вы не пагадзіліся». На што яна адказала: «Я яшчэ раз паглядзела і згодная, але пры адзінай умове: я там мяняць нічога ня буду».
Укладальнік кнігі Сяргей Навумчык назваў Святлану Алексіевіч марай любога рэдактара ("у мяне была абсалютна поўная свабода дзеяньняў") і сказаў, што кніжка дапаможа думаць, разважаць і ўсім нам разам дайсьці да свабоды.
Your browser doesn’t support HTML5
Пераклад кнігі на ангельскую мову зрабіў Багдан Андрусышын (Данчык), а на ўкраінскую — Аксана Забужка.
Your browser doesn’t support HTML5
«Кожны буйны пісьменьнік — гэта рэнтгенаграма сьвядомасьці культуры і народу. Кніга „100 цытатаў“ — гэта акапунктурныя болевыя кропкі, па якіх прайшла Сьвятлана Алексіевіч. У вялікай ступені гэта сьведчаньні вольнага чалавека аб несвабодным народзе. Мне было вельмі цікава, аднак балюча і горка пазнаваць яе з гэтага боку», — распавяла перакладчыца Аксана Забужка.
Your browser doesn’t support HTML5
У відэазвароце Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні пра свабоду, апазыцыю і каханьне.
Пра свабоду
«Памятаю, як мы бегалі па вуліцах і плошчах і крычалі: „Свабода, свабода!“ Калі зьбіраліся, шмат гаварылі пра свабоду. Але ніхто ня ведаў, што такое свабода. Потым стала зразумела, што свабода вельмі жорсткая, зусім нерамантычная рэч. І досьведу здабываньня гэтай свабоды ў нас няма. Свабодных людзей, вядома, у нас таксама няма. Не напрацаваныя разважаньні пра тое, як станавіцца свабоднымі. Я для сябе я зразумела, што свабода — гэта вельмі доўгі шлях. Вельмі доўгі».
Пра апазыцыю
«Наша апазыцыя — закладнік барыкаднай культуры, якая сёньня ўжо не працуе. Мусяць быць нейкія іншыя ідэі. Мы часта размаўляем з амбасадамі і грантадаўцамі. А што адбываецца за кальцавой мы ня ведаем. Можна пагаварыць з лекарам, таксістам, краўчыхай — разумнейшыя людзі. Гаварыць з уладай наўпрост не выходзіць, а з апазыцыяй — можа быць. Нам трэба шукаць новыя формы супраціву».
Пра каханьне
«Каханьне — гэта такая загадкавая рэч, якая ўсё больш цікавіць людзей. Людзі больш не прыціснутыя, а наадварот занятыя сваім прыватным жыцьцём.
Я часта кажу, што каханьне дадзенае нам у суцяшэньне, каб ня страшна было паміраць. Таму што менавіта з-пад вечка труны ты будзеш узгадваць ня ордэны і прэміі, а хвіліны тваёй адзінокай самотнай радасьці. Прэмія або грант ня могуць быць сэнсам жыцьця.
Сэнс жыцьця — у радасьці чалавечага існаваньня на фоне таго, што калісьці прыйдзецца зьнікнуць.
Каханьне агаляе. У мяне часта запытваюцца: «Чаму вашы героі так добра гавораць?» А я адказваю: «Я пішу пра чалавека ўзрушанага, які ці непадалёк ад сьмерці на вайне, ці ў каханьні. У гэтым стане чалавек падымаецца на дыбачках вышэй за сябе. І мая кніга пра тое, як пражыць чалавечае жыцьцё, а не як функцыя. Паглядзець на ўсё з пункту гледжаньня не гісторыі, а космасу. А ў чым жа сэнс чалавечага існаваньня?»
Госьці задалі паўтара дзесятка пытаньняў, на якія Сьвятлана Алексіевіч адкажа ў эфіры Свабоды ў найбліжэйшы час.
Поўны відэазапіс сустрэчы таксама неўзабаве будзе апублікаваны на сайце svaboda.org
Раней у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» ўжо выходзіла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе».